2022 - Год исторической памятиНовости районаОбщество

«Шанаваць тое, што ёсць, быць спагадлівымі і добрымі» Вольга Мірановіч з Люшчы (Лунінецкі раён)

Жыхарка Люшчы Вольга МІРАНОВІЧ нядаўна адзначыла 95-гадовы юбілей, які паслужыў нагодай для ўспамінаў усяго перажытага за вялікі прамежак часу, падораны лёсам.

Жанчына добра памятае дзяцінства ў перадваенны перыяд пры панскай Польшчы. Вучылася ў школе, дзе за любую нязначную пра-віннасць білі лінейкай па руках. Асвоіць незнаёмую мову было складана, прычыны для пакарання знаходзілі і ў паслухмяных. Звычайна першыя два ўдары наносіліся лягчэйшыя, а ў выніку трэцяга, заключнага, сэрца заходзілася ад болю і пальцы моцна пухлі. Імі потым цяжка ўдавалася штосьці трымаць. Цішыня на ўроках стаяла такая, што на яве чулі, як у пакоі лятаюць мухі.

Няпроста жылося і дарослым. Выратоўвала свая гаспадарка, дзе прыбытку вялікага не мелі, але і не жабравалі. Елі вырашчанае, апраналіся ў саматканае. Лячэнне ў дактароў каштавала вельмі дорага, таму і ад балячак знаходзілі народныя сродкі, звярталіся да медыкаў у крайніх выпадках.

Але самыя цяжкія выпрабаванні чакалі ў Вялікую Айчынную вайну. Старэйшы брат быў савецкім актывістам, таму сям’я трапіла ў спісы ворагаў. Вольга памятае той ранак, які крывёй нявінных ахвяр упісаны ў летапіс яе роднай вёскі Ракітна. Карнікі сагналі ў адно месца каля сотні чалавек, іх сям’ю – у тым ліку. У думках развіт-валіся з жыццём, але выратаваннем ад лютай смерці стала нязначная акалічнасць – брат насіў іншае прозвішча ад мамінага першага шлюбу. Розніцу ў дакументах заўважылі, іх адпусцілі. Ідучы дадому, не верылі, што страшнае абмінула, чакалі, вось-вось наўздагон пасыплюцца кулі…

Далей увесь перыяд акупацыі іх дом знаходзіўся пад падазрэннем сувязі з партызанамі, дзе ваявалі брат з жонкай. Прамых таму доказаў не мелася, але жыццё ператварылася ў пакутлівае чаканне нечага дрэннага. Кожны стук у дзверы, стрэл ці грукат выклікалі паніку, у роспачы хацелася бегчы і крычаць.

Будучы выбраннік Вольгі ў гэты час быў прымусова вывезены ў Нямеччыну. Колькі горычы прыйшлося на лёс вязня: голад, здзекі, выпадковае раненне ў плячо, якое атрымаў падчас воінскай службы на тэрыторыі Германіі пасля вызвалення. Здароўе падкасілася, таму і потым, у мірнай паўсядзённасці, Андрэю Фёдаравічу не давалі забыць аб мінулым шматлікія хваробы.

Жонка працавала даяркай,  з прыходам машыннага даення трапіла пад скарачэнне, перайшла ў жывёлаводы. Муж быў будаўніком, пазней – брыгадзірам. Узвялі Мірановічы ў роднай вёсцы і свой дыхтоўны дом, дзе выраслі тры дачушкі. Дзяўчаты стварылі свае сем’і, падарылі ўнукаў. Старэйшыя радаваліся за іх дасягненні, хваляваліся, калі ў тых часам узнікалі праблемы. Збіраліся ўдваіх сустрэць спакойную старасць, ды лёс непрадказальны…

Размеранасць у жыцці Вольгі Мікітаўны парушылася 38 год таму, калі не стала спадарожніка. Некаторы перыяд была адна, пазней на сямейным савеце вырашылі, што матулі будзе ўтульней у дачкі Марыі, якая асталявалася ў Люшчы.

Ажыццявіць пераезд з наседжанага месца прасцей у маладосці, у старэйшым узросце складаней прывыкаць да новых умоў, суседзяў, незнаёмага наваколля. Але жанчына “прыжылася” тут, і зараз лічыць маляўнічы лясны куточак сваёй другой радзімай. Паспрыяла гэтаму атмасфера цяпла і любові, якімі ахуталі родную яе блізкія. На жаль, і дачку спасцігла незайздросная доля ўдавы, таму цяпер яны разам ратуюцца ад адзіноты…

Бог дапамог Вользе Мікітаўне выжыць у перыяд ваеннага ліхалецця, але ў мірны час давялося аплакваць дарагіх людзей. Крываточыць незагойная рана ад страты дачкі Таццяны, якой не стала мінулым летам – 65-гадовая жанчына не змагла пераадолець наступствы каронавіруса. Доўгае лячэнне ў бальніцы палёгкі не прынесла, у выратаванні не дапамаглі ні лекі, ні малітвы…

Трэцяя дачка Кацярына жыве ў Лу-нінцы, яна таксама пахавала мужа. Разляцеліся па свеце 6 унукаў, якія падарылі 11 праўнукаў. Ёсць і адзіны прадстаўнік наступнага пакалення – маленькі прапраўнук Ванюша. У думках аб маладзейшых знаходзіць супакаенне доўгажыхарка, якая жадае галоўнага – каб яе нашчадкі ніколі не бачылі вайны, будавалі сваё шчасце ў мірнай краіне.

Бабуля часта аддаецца ўспамінам, якія датычаць юнац-тва – перыяду, складанага ў жыцці ўсёй краіны. Уздыхаючы, расказвае пра “багатае” меню яе дзяцінства:

– Раніцай елі бульбу ў “мундзіры”, вечарам – абабраную. Удзень гатавалі суп ці боршч, дзе да “другога хлеба” для разнастайнасці дадавалі моркву ці буракі. Нездарма любоў да нацыянальнага прадукту засталася на ўсё жыццё – бульба сапраўды выратавала нас ад галоднай смерці.

Прайшоўшы праз невыносныя пакуты, Вольга Мікітаўна лічыць, што ў сучасным жыцці няма прычын наракаць на цяжкасці. Яна раіць землякам не баяцца стваральнай працы, шанаваць тое, што ёсць, быць спагадлівымі і добрымі.

Марыя Яраховіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть