Пяты Ўсебеларускі народны сход

«ЗДАРОЎЕ ЛЮДЗЕЙ ЗАСТАЕЦЦА ВАЖНЕЙШЫМ ПРЫЯРЫТЭТАМ ДЗЯРЖАВЫ»
У гэтым упэўнены галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца Ігар НЕВАР, які ўвайшоў у лік дэлегатаў форуму ад Лунінеччыны.
– Тое, што медыцыне ў нас удзяляецца самая пільная ўвага, бачна, у тым ліку, і на прыкладзе нашага раёна. У новай бальніцы жыхарам даступна высокакваліфікаваная медыцынская дапамога. Да іх паслуг – найноўшае абсталяванне. Разам з тым, спадзяюся, што ў выступленні кіраўніка дзяржавы на сходзе будзе дадзена прынцыповая ацэнка сітуацыі ў Беларусі ў цэлым, вызначаны галоўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і шляхі павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.
Вельмі хвалюе праблема занятасці, асабліва перспектывы працаўладкавання маладых спецыялістаў. Магчыма, гэта не так востра адчуваецца ў медыцыне, дзе на сёння гарантавана першае рабочае месца для ўрача любой спецыялізацыі, і наш раён – не выключэнне. Але ведаю, што ёсць сферы, якія адчуваюць лішак спецыялістаў. Узяць хоць бы тую ж юрыспрудэнцыю, цяжка працаўладкавацца эканамістам. Менавіта таму наспела неабходнасць кадравую палітыку зрабіць больш гібкай, а навучальныя ўстановы прымусіць працаваць у цеснай звязцы з рэальным сектарам эканомікі, своечасова рэагуючы на яго патрабаванні.
Сёння вельмі адчувальны голад на высокакваліфікаваных спецыялістаў у сельскай гаспадарцы,
і вельмі правільна, што вышэйшыя навучальныя ўстановы становяцца больш даступнымі для выпускнікоў школ. Пераглядваюць сваю палітыку тэхнічныя ВНУ, бо прамысловасць краіны, і гэта адчуваецца сёння, чакае дыпламаваных інжынераў.
Зразумела, прывабіць моладзь да работы на зямлі ці ў цэхах прадпрыемстваў не так проста. Вызначальную ролю ў гэтай справе адыгрываюць заробкі. А яны на прамую залежаць ад таго, як мы працуем: будзем працаваць больш мэтанакіравана і вынікова – будзем мець годны дастатак.
«ЛЮБЛЮ ПРАЦАВАЦЬ НА ЗЯМЛІ…»
Дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу ад Лунінеччыны стаў трактарыст-машыніст дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” Мікалай БОЎБЕЛЬ.
На такі прадстаўнічы форум Мікалаю Міхайлавічу пашчасціла трапіць упершыню, таму не пакідае хваляванне: як яно ўсё будзе? Хаця, справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што на ўрачыстасці аграрыя з палескай глыбінкі ў сталіцу запрашалі і раней. У 2010 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка асабіста ўручыў Мікалаю Боўбелю медаль “За працоўныя заслугі”. Механізатар дагэтуль памятае моцны поціск яго рукі.
Як і ўсіх, чый лёс звязаны з сельскай гаспадаркай, Мікалая Міхайлавіча асабліва хвалюе будучае аграпрама. Дэлегат вельмі спадзяецца пачуць на сходзе пра перспектывы развіцця галіны, бо не ад старонніх людзей ведае, што праблем тут нямала. Усе яны, як у люстэрку, бачны на прыкладзе “Гарадоцкага”. Гаспадарка небагатая, але і тут, пераконвае Мікалай Боўбель, можна мець годны заробак. Для гэтага асабліва важна любіць справу, якой займаешся, і зямлю, што дае нам моцы жыць.
Трактарыст старанна адпрацаваў на пасяўной, а зараз заняты на нарыхтоўцы кармоў: адвозіць зялёную масу да траншэй, у якія закладваецца сянаж. Як заўсёды – у тройцы лідараў. Без горычы гаворыць пра тое, што апошнім часам на пяткі наступае моладзь. Вось і з пачаткам работы “зялёнага канвеера” першынство саступіў больш маладому Мікалаю Арашкевічу. І гэта, паверце, радуе, бо будучае сельскай гаспадаркі – за маладымі, упэўненымі і па-добраму амбіцыёзнымі працаўнікамі. А мудрасць і вопыт у асобе Мікалая Міхайлавіча – выдатная падтрымка, калі прырода раптам надумае праверыць сельгаснікаў на вытрымку і майстэрства.
«ХАЧУ, КАБ КВІТНЕЎ НАШ ГОРАД І ЖЫЎ РОДНЫ ЗАВОД…»
Мікалай Абрамчук – чалавек на ААТ “Палессеэлектрамаш” вядомы. Ён з тых, хто яшчэ ў самым пачатку станаўлення прадпрыемства – амаль 40 год таму – прыйшоў сюды пасля школы звычайным вучнем фрэзероўшчыка. Адсюль калектыў урачыста праводзіў яго ў армію. Служыць давялося ў Афганістане ў самыя неспакойныя 1980-1981 гады. У стаўшыя роднымі цэхі з гарачага Кабула юнак вярнуўся ўзмужнеўшым і пасталелым…
Адказнае і выверанае стаўленне да рэчаіснасці Мікалай Васільевіч захаваў на ўсё жыццё, і тое, што не здрадзіў заводу ў самы складаны час, яшчэ раз даказвае яго мужчынскі характар і сапраўдную надзейнасць. Таму невыпадкова майстар рамонтна-інструментальнага цэха вылучаны дэлегатам на V Усебеларускі народны сход.
– З нецярпеннем чакаю гэтай падзеі і вельмі спадзяюся, што на важным форуме даведаюся, як будзе жыць наша Беларусь у бліжэйшай перспектыве, – гаворыць М.В. Абрамчук. – Мне, як і многім завадчанам, вельмі крыўдна было назіраць, як нішчыцца і прыходзіць у заняпад тое, чым некалі ганарыўся наш Лунінец. “Палессеэлектрамаш” з вядомага на ўвесь Саюз моцнага прадпрыемства ператварыўся ў згустак вытворчых праблем. А як жыць нам, яго рабочым? Як карміць сем’і і паднімаць дзяцей, калі даводзіцца працаваць няпоўны рабочы тыдзень ці прыкметна скарочаны дзень? Як пражыць на дзве трэціх невялікага заробку, калі амаль увесь яго “з’ядаюць” камунальныя плацяжы?
І ўсё ж невялікае святло ў канцы тунэля паявілася. І пра гэта ветэран прадпрыемства гаворыць хоць і асцярожна, але з вялікай радасцю і надзеяй. Пачынаючы з 6 чэрвеня, ажылі практычна ўсе цэхі “Палессеэлектрамаша”. Калектыў працуе поўны рабочы ты-дзень, а значыць, можна спадзявацца і на заробкі, і на тое, што заўтрашні дзень у завода ўсё-такі будзе.
– Я вельмі хачу, каб квітнеў наш Лунінец, каб “Палессеэлектрамаш”, як і раней, па праву лічыўся горадаўтвараючым прадпрыемствам, – з пачуццём гаворыць Мікалай Васільевіч. – Ведаю, што многае залежыць ад нас саміх, але ж ёсць праблемы, якія самастойна вырашыць не пад сілу. Мы вельмі спа-дзяемся, што наша імкненне выбрацца з крызісу надзейным плячом падтрымае дзяржава. І тады, веру, будзе жыць родны завод.
Прыярытэты вызначаны. Справа — за стваральнай працай
Умоўны “расклад на заўтра” на пятым Усебеларускім народным сходзе састаўлены. Якім бачыцца ён нашым землякам? Сёння свае разважанні прапаноўвае дырэктар ААТ “Спецжалезабетон” Васіль БАСЕВІЧ.
– Я быў дэлегатам чатырох з пяці Усенародных сходаў. Рознай бачылася сітуацыя. Невыпадкова Прэзідэнт краіны, выступаючы на пятым Усебеларускім народным сходзе, прапанаваў успомніць увесь шлях станаўлення суверэннай Беларусі, якая сёлета адзначае 25-годдзе сваёй незалежнасці. Прычым, насамрэч, для гэтага не патрэбны ні гісторыкі, ні архівы, бо кожны з нас добра памятае развал 90-ых. Асабіста мне было прыемна, што Аляксандр Рыгоравіч напрамую звярнуўся да “старажылаў” (такіх, як я), што прысутнічалі на першым усенародным форуме. Ён шчыра падзякаваў за тагачасную падтрымку маладому Прэзідэнту. Тады ўсіх аб’ядноўвала адно памкненне – абавязкова выратаваць сваю краіну ад развалу. Лепшыя традыцыі першага сходу захаваны і сёння. Менавіта дзякуючы вызначаным тады накірункам, Беларусь упэўнена ідзе па шляху не шокавай тэрапіі, а эвалюцыйнага развіцця.
Спакваля паўразбураная эканоміка перайшла да сіс-тэмнай мадэрнізацыі, імкнучыся дагнаць лідараў, якія паспелі пайсці далёка наперад у вытворчасці і тэхналогіях. Яскрава бачна гэта на прыкладзе нашага прадпрыемства. Укараненне новых сучасных тэхналогій вырабу жалезабетонных труб дазволіла заняць сваю нішу на знешнім рынку. З года ў год павялічваюцца маштабы вытворчасці. Шматлікія інавацыйныя праекты не дазваляюць прадпрыемству застыць у сваім развіцці. Новае абсталяванне, сучасныя тэхналагічныя лініі па выпуску элементаў добраўпарадкавання дапамагаюць вырабляць прадукцыю, якая вызначаецца не толькі прыцягальным коштам, але і высокай якасцю. Мільярды, укладзеныя ў мадэрнізацыю даюць свой плён.
Мы і сёння ўпэўнены, што шлях да поспеху і годнага існавання магчымы толькі праз мадэрнізацыю вытворчасці. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана больш як 10 мільярдаў беларускіх рублёў. У першым квартале сёлета пазначаная сума перакрыта. Створаны 4 новыя рабочыя месцы.
Адначасова, добра разумею, што зараз як ніколі асабліва актуальным стано-віцца патрабаванне аптыміза-ваць вытворчыя магутнасці, зыходзячы з рэальнага попыту на выпускаемую прадукцыю. Менавіта таму кожны новы інавацыйны праект ужо на пачатковай стадыі прадугледжвае наяўнасць стабільных спажыўцоў прапаноўваемага асартыменту.
Так здарылася і з эліпсавіднай трубой з унутраным пластыкавым пакрыццём. Гэта абсалютна новы від прадукцыі, які не мае аналагаў у нашай краіне. Труба мае добрыя перспектывы ў выкарыстанні, бо прапускная здольнасць яе прыкладна на 17 працэнтаў большая, чым у звычайнай. У нас ёсць патэнцыяльны расійскі заказчык на пастаўку такой трубы, таму вырашылі запусціць праект у рэалізацыю. Зараз увесь працэс знаходзіцца на стадыі распрацоўкі аснасткі. Да канца гэтага года ўсе падрыхтоўчыя работы будуць завершаны, і з наступнага першая партыя эліпсавіднай трубы паступіць спажыўцам у Санкт-Пецярбург. У будучым, спадзяюся, гэты від прадукцыі з маркай “Мікабет” знойдзе прыхільнікаў і на ўнутраным рынку.
Што датычыць далейшага асваення знешняга рынку, то, улічваючы экспартную арыентаванасць нашага прадпрыемства, нельга не адзначыць далейшую эканамічную інтэграцыю ў межах ЕАЭС. Дастаткова прыцягальнай бачыцца планамерная дыверсіфікацыя экспарту для дасягнення роўнага размеркавання паставак паміж трыма рынкамі – ЕАС, Еўрапейскага саюза і краін так званай “дальняй дугі”, пра якія гаварыў на сходзе Прэзідэнт. Спадзяюся, што ААТ “Спецжалезабетон” не толькі ўтрымае заваяваныя пазіцыі, але і знойдзе тут новых гандлёвых партнёраў.