Ферма - падмурак дабратыту

Малако там, дзе дбаюць пра жывёлу

Не лепшыя часы зараз перажывае ААТ “Дварэцкі”, які знаходзіцца ў працэсе санацыі. Аднак, нягледзячы на складанасці, рукі тут не апускаюць, а знаходзяць шляхі, каб на справе даказаць, што сельгаспрадпрыемства мае права на існаванне.

Як расказаў выканаўчы дырэктар Віталь Карчэўскі, па выніках студзеня-лютага 2017 года працаўнікі гаспадаркі зарабілі 390 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. І гэта не выпадкова, – другі год запар тут упэўнена нарошчваюць прадукцыю жывёлагадоўлі. Толькі за два першыя месяцы года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага вытворчасць малака павялічылі на 43 працэнты. На думку кіраўніка асаблівага сакрэту ў гэтым няма. Варта толькі па-гаспадарску аднесціся да справы і ўдзяліць самую пільную ўвагу тэхналогіі і стварэнню трывалай кармавой базы. Пры нарыхтоўцы кармоў для зімова-стойлавага ўтрымання  важна, каб гэта былі не проста тоны назапашаных сенажу і сіласу, а якасная і пажыўная ежа для жывёлы. Менавіта таму ў гаспадарцы ўдзяляецца асаблівая ўвага сенажацям, у якіх утрымліваюцца багатыя на бялок травы.  Толькі летась сумесямі канюшыны, цімафееўкі і люцэрны залужылі 114-гектарную плошчу. Яшчэ 30 гектараў такіх жа травасумесяў пасеюць сёлета. Клопату патрабуе і паша. Пасля кожнага страўлівання яе абавязкова падкошваюць. Гэтая, здавалася б, простая  працэдура, нібы стрыжка, са-дзейнічае хутчэйшаму адрастанню травы, а калі яшчэ ёсць магчымасць падкарміць яе тукамі, то праблем з выпасваннем жывёлы на працягу летне-пашавага перыяду можна наогул пазба-віцца. Пакуль трава страўліваецца на адной “клетцы”, то на другой за гэты час адрастае. Выпасваючы жывёлу “па кругу”, эканомяцца не толькі расходы на “перабазіраванне” летніх пляцовак, але і павялічваюцца надоі.

Між тым, клапаціцца пра багацце травастояў трэба на працягу ўсяго сель-скагаспадарчага сезона. Ужо зараз у “Дварэцкім” пашу прабаранавалі на плошчы 425 гектараў. Актыўна вядуцца работы па падкормцы траў калійнымі ўгнаеннямі. У дзень наведвання гаспадаркі гэтай справай старанна займаўся механізатар Павел Туркевіч (на ніжнім здымку), на рахунку якога ўжо каля 1 тысячы гектараў падкормленых траў і азімых зерневых культур. А падвозіў яму тукі адзін з найбольш вопытных вадзіцеляў гаспадаркі Уладзімір Яраховіч (на здымку разам з паляводам Іванам Грышыным):

– На жаль, зараз працую толькі падменным. Мой аўтамабіль,  такі ж МАЗ, ужо адпрацаваў свой век, – за 12 год работы зламалася рама. Разумею, што купіць новы наўрад ці атрымаецца…

– Сапраўды, абнаўлення тэх-нічнага парку пакуль не прадбачыцца, – кажа Віталь Віктаравіч. – Будзем берагчы тое, што ёсць. Іншага выйсця пакуль не бачна. А што датычыць падкормкі траў, то тукі выкарыстоўваем рацыянальна: у першую чаргу накіроўваем на маладыя сенажаці і пашу, ад якіх можна будзе чакаць большай аддачы. 

 Атрымаць прыбытак здолелі не толькі дзякуючы павелічэнню надояў, але і  прынятым мерам па аптымізацыі вытворчых плошчаў. Летась адмовіліся ад 350 гектараў сенажацей у раёне ўладанняў “Міжлескага”,  аддаленых ад цэнтральнай сядзібы на 40 кіламетраў. Пасля таго, як пазбавіліся свінакомплексу, іх выкарыстанне стала бяссэнсавым. Наяўных плошчаў дастаткова, каб забяспечыць грамадскае пагалоўе кармамі.

Сёлетняя ранняя вясна характарызуецца хуткім ростам траў, таму не за гарамі чарговы летне-пашавы перыяд. А да яго таксама трэба сур’ёзна рыхтавацца, чым і займаюцца зоаветэрынарныя работнікі гаспадаркі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть