Ферма - падмурак дабратыту

«Я вельмі люблю  сваю работу»

Як вядома, па выніках мінулага года Лунінеччына заняла першае месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Прэмію было вырашана раздзяліць паміж сельгасарганізацыямі ў залежнасці ад укладу кожнай.

Першымі з рук начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Аляксандра Савіны яе атрымалі спецыялісты і працаўнікі малочнатаварных фермаў Палескай доследнай станцыі, сярод якіх аператар машыннага даення Алена Ільючык (на здымку). Уклад гэтай сціплай працаўніцы ў агульную раённую скарбонку аказаўся даволі важкім. Ёй  прысуджана другое месца ў вобласці сярод аператараў машыннага даення ў малакапровад па групе гаспадарак з прадуктыўнасцю дойнага статка ад 5001 да 6000 кілаграмаў малака ў год і персанальная прэмія.

За доўгія гады работы аператарам машыннага даення яна прывыкла выконваць сваю справу добрасумленна, як калісьці вучыла мама Аляксандра Васільеўна Васюшка. Яна таксама ў свой час працавала на станцыі даяркай і вельмі часта брала з сабой падрастаючую дачушку на ферму. Спачатку даручала самыя простыя справы: паднесці сена жывёле, насыпаць камбікорм у кармушкі, падрыхтаваць якую-небудзь з кароў да даення… І неяк незаўважана Алена настолькі ўцягнулася ў справу, што пасля заканчэння школы не раздумваючы пайшла на ферму. Амаль тры гады была падменнай. А як радавалася, калі ўпершыню атрымала групу з 50 кароў. Абхажвала іх, нібы сваіх асабістых, толькі б палюбілі, толькі б не падвялі… І тыя не заставаліся ў даўгу: за клопат, увагу, добрае слова заўсёды аддзячвалі высокімі надоямі. Хутка выйшла ў 4-тысячніцы, затым у 5-тысячніцы, а летась – адзіная ў калектыве надаіла ў сярэднім ад кожнай каровы больш як 6 тысяч кілаграмаў малака.

– Заслуга ў гэтым не толькі мая, але і ўсяго калектыву. Зла-джана працуе звяно па ўзнаўленню статка. Пра здароўе грамадскага пагалоўя клапоціцца галоўны ветурач Андрэй Даніловіч, які перажывае за кожную захварэўшую жывёліну і стараецца ў самыя сціслыя тэрміны яе вылечыць. А што дадычыць мяне асабіста, то я вельмі люблю сваю работу. Падабаецца даглядаць кароў, даіць і бачыць аддачу ад працы. Канешне – гэта вялізная і нялёгкая праца. Асабліва цяжка раздойваць першацёлак. Аднак, калі гэта рабіць правільна, то абавязкова атрымаецца добры вынік.

За доўгія гады работы, а ўладкавалася ў 1991 годзе, прывыкла паднімацца з ложка вельмі рана на першае даенне і позна класці-ся спаць пасля вячэрняга. Калі былі малымі дзеці, гадаваць іх дапамагала мама. Свой дом пабудавалі непадалёк ад бацькоўскага, таму і  жыць побач нам вельмі зручна. Цяпер дзеці выраслі: Аляксей служыць у арміі, а Марына працуе ў Мінску. Пакуль працягваць сямейную рабочую дынастыю на станцыі не спяшаюцца. Хаця, час пакажа, як далейшае жыццё будзе складвацца. Маладыя яшчэ, усё ў іх напера-дзе. Добрым памочнікам ва ўсіх справах для мяне зараз з’яўляецца муж Спяпан Уладзіміравіч, які працуе на малакавозе. У цэлым  займаемся адной справай, таму і разумеем адзін другога. А калі ўсё ладзіцца дома, то і на рабоце працуецца лягчэй…

Прыклад Алены Ільючык сёлета за норму ўзялі для сябе і астатнія аператары машыннага даення станцыі, якія паабяцалі ўсім калектывам надаіць па выніках года больш як 6 тысяч кілаграмаў малака ў сярэднім на карову. Мяркуючы па ўзятых з пачатку года тэмпах, гэта ў іх абавязкова атрымаецца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть