Ферма - падмурак дабратыту

Жывёлаводы з «Лобчанскага» перамаглі ў абласным спаборніцтве

Для жывёлаводаў малочнатаварнай фермы №1 філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”  аўторак стаў неспадзяваным святам сярод рабочых будняў.

Па выніках работы за трэці квартал 2017 года іх калектыў прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака сярод малочнатаварных фермаў і комплексаў Брэстчыны з прадуктыўнасцю малочнага статка за мінулы год  ад 5 да 7 тысяч кілаграмаў на карову. З гэтай нагоды работнікаў фермы прыехалі павіншаваць першы намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сяргей Буткевіч, старшыні: абкама прафсаюзаў работнікаў АПК – Міхаіл Юхімук і абласнога агра-прамысловага саюза – Мікалай Казак, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Савіна, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Ермалёнак.

Гасцінная лобчанская зямля, па традыцыі сустракала завітаўшых хлебам-соллю і прыгожымі песнямі ў нацыянальным каларыце. Пазней меладычныя лобчанскія напевы гучалі падчас невялікага канцэрта са сцэны мясцовага Дома культуры, дзе праходзіла ўрачыстасць.

Вітаючы вясёлых, прыгожа апранутых жывёлаводаў, Аляксандр Савіна адзначыў, што яму вельмі прыемна за калектыў, які сваімі адносінамі да справы славіць не толькі канкрэтную гаспадарку, але і Лунінеччыну ў цэлым і пажадаў не спыняцца на дасягнутым.

Прыняўшы ад яго віншавальную эстафету, Сяргей Буткевіч жартоўна заўважыў, што падобныя сустрэчы ўваходзяць у традыцыю. Яшчэ зусім нядаўна з такой місіяй прадстаўнікі вобласці наведваліся ў ААТ “Дварэцкі”. Цяпер – “Лобчанскае”… І гэта вельмі выдатна. Як у цэлым раён, так і гаспадарка дынамічна развіваюцца, назіраецца ўстойлівы імпульс для росту вытворчасці і эканомікі рэгіёна ў цэлым. А разам з гэтым мяняецца і настрой людзей. Добрыя ўмовы для працы і адпачынку, пастаянны рост заробкаў спрыяюць большай аддачы ад чалавека. Як непасрэдна Лунінеччыне, так і Брэстчыне ў цэлым, сёння ўжо не сорамна за вынікі работы жывёлагадоўчай галіны, а яны значна лепшыя, чым у іншых абласцях краіны. І вельмі прыемна, што прыклад старання паказваюць і мясцовыя жывёлаводы. Пагалоўе кароў на абслугоўваемай імі МТФ №1 у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года пабольшала на 58 галоў і склала 980. На 565 тон, або на 27 працэнтаў, павялічылася валавая вытворчасць малака. Даволі высокая яго таварнасць – 93,4 працэнта. Да таго ж, у агульным надоі значна павялічылася ўдзельная вага прадукцыі сортам “экстра” – з 85 да 89 працэнтаў… Уручаючы Ганаровы дыплом галоўнаму заатэхніку філіяла Мікалаю Ляўданскаму, Сяргей Буткевіч выказаў пажаданне ў наступны раз сустрэцца з нагоды ўшанавання фермы ў групе МТФ з прадуктыўнасцю ад 7 тысяч кілаграмаў малака…

Шчырую ўдзячнасць за плённую працу і далейшых перамог пажадаў  калектыву жывёлаводаў Міхаіл Яхімук. Лідар абласнога прафсаюзнага руху растлумачыў прысутным аб акцыях і іншых мерапрыемствах, праводзімых прафсаюзамі з мэтай пад-трымкі лепшых жывёлаводаў Брэстчыны. Ён жа ўручыў калектыву заслужаны грашовы сертыфікат на  500 рублёў і Ганаровую грамату кіраўніку Міхаілу Ільючыку. Яшчэ адзін  сертыфікат на 500 рублёў – у дадатак да цёплых віншаванняў і пажаданняў падарыў Мікалай Казак.

Далейшых поспехаў і імкнення да новых  вяршынь пажадаў жывёлаводам філіяла дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей Карпец, які падзякаваў прадстаўнікам вобласці за ўвагу і аказаны давер. А яшчэ Сяргей Фёдаравіч паабяцаў таксама ад-значыць работнікаў фермы падарункам ад завода. Якім ён будзе? Пакуль загадка.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть