Агропром
ДАЙСЦІ ДА КОЖНАГА ПАДВОРКА
На ААТ «Лунінецкі малочны завод” падвялі вынікі агляду-конкурсу на лепшых здатчыкаў і зборшчыкаў малака ў 2010 годзе.
Дырэктар перапрацоўчага прадпрыемства Сяргей Карпец пазнаёміў з умовамі работы 10 прыёмачных пунктаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі раёна. (Дарэчы, два з іх – у Дзятлавічах і Велуце – былі ўведзены ў эксплуатацыю летась). Імі закуплена 4250 тон малака, або 64 працэнты ад агульнага аб’ёму нарыхтовак. На набыццё прыбораў, дапаможных матэрыялаў, хімрэактываў і тэстаў летась заводам было выдзелена больш як 100 мільёнаў рублёў. Яшчэ 60 мільёнаў патрачана на развіццё новай формы работы – нарыхтоўку малака прыватнымі прадпрымальнікамі. Гэта дазволіла павялічыць аб’ёмы закупу і палепшыць якасць.
На сённяшні дзень на тэрыторыі раёна працуе 16 прыватных прадпрымальнікаў. Дзякуючы іх старанням, за студзень-люты 2011 года колькасць малака, закупленага з прыватных падворкаў, павялічылася на 26,4 працэнта. У сакавіку гэтую работу мяркуецца даручыць прыватніку і ў Сінкевіцкім сельсавеце. Сёлета тут плануецца таксама будаўніцтва новага прыёмачнага пункта, а ў Краснай Волі – яго рэканструкцыя. Усё гэта павінна павялічыць прыток сыравіны з прыватных падворкаў.
Сяргей Фёдаравіч падзякаваў прысутных за работу і ўручыў грашовыя прэміі і наборы заводскай прадукцыі лепшым здатчыкам і зборшчыкам малака. Так, найбольшая колькасць яго паступіла з падворка Уладзіміра Кіселя з Вулькаўскага сельсавета – 19269 кілаграмаў. Другі вынік – 17410 кілаграмаў – у Вольгі Лушчык з Лахвенскага сельсавета. На трэцім месцы – Аляксандр Саўчук з Рэдзігераўскага сельсавета, які з прыватнага падворка прадаў дзяржаве 15778 кілаграмаў малака. Акрамя названых гаспадароў наборы малочных прадуктаў атрымалі яшчэ больш за 20 чалавек.
Сярод малаказборшчыкаў лепшымі ў 2010-ым прызнаны Святлана Грудзько з Дварэцкага, Уладзімір Сахарук і Рыгор Яраховіч з Рэдзігераўскага сельсаветаў. На прыватных падворках яны закупілі ў разліку на карову адпаведна 3010, 2837 і 2742 кілаграмы малака.
Узнагародай адзначана таксама фермерская гаспадарка Валянціны Ліпскай, адкуль на перапрацоўчае прадпрыемства паступіла больш як 34 тысячы кілаграмаў малака.
За вядзенне актыўнага продажу прадукцыі з прыватных падворкаў Падзячнымі лістамі райвыканкама і райсавета былі адзначаны Аляксандр Саўчук (Рэдзігераўскі), Валянціна Піліпчук (Сінкевіцкі), Аляксей Байдук (Рэдзігераўскі) і Марыя Чарнавокая (Дзятлавіцкі).
Цікавымі для прысутных былі і карысныя парады, якія давалі спецыялісты райсельгасхарчу і малочнага завода па правілах утрымання жывёлы, продажу і закупу малака. А яшчэ зацікаўленыя бакі абмеркавалі існуючыя праблемы, адна з якіх – адсутнасць магчымасці купіць карову на прыватны падворак у сельгаспрадпрыемства. Старшыня райсавета Віталь Адзішчаў паабяцаў узяць яе на асабісты кантроль.