Агропром

ДОМА ЛЕПЕЙ, ЧЫМ У ЛЮБЫМ ЗАМЕЖЖЫ

На думку старшыні СВК «Хваецкае” Васіля Лазіцкага поспех любой справы залежыць, перш за ўсё, ад спецыялістаў. Прычым, не толькі ад адукаваных кіраўнікоў вышэйшага і сярэдняга звяна, але і ад тых, каму даручана самая звычайная справа, такіх, напрыклад, як слесар Андрэй Валер’евіч ПАЦОЎСКІ. 
Адказны, мэтанакіраваны і сумленны ён прымяняе свае сілы і веды, каб абсталяванне не падводзіла ў адказны момант. Ведаючы гэтую рысу характару летась яму даверылі адзін з самых складаных участкаў – склады. І не пашкадавалі. Ён не толькі клапаціўся аб песперабойнай рабоце наяўнага абсталявання, але і аднавіў невыкарыстоўваемую напольную сушылку. За сезон дапрацавалі на ёй больш як 100 тон зерня, што ў гарачы час дапамагло зберачы атрыманы ўраджай збожжавых. 
– Па спецыяльнасці я – аграном, але ніколі не працаваў на гэтай пасадзе. Не ў поле мяне цягнула з дзяцінства, а да розных вінцікаў-шурупаў… Ды толькі айчым, здаецца, не разгледзеў гэтай цягі, і прымусіў вучыцца ў сельгастэхнікуме. Пасля арміі ўладкаваўся ў гаспадарку: спачатку слесарам на зернесклад, затым працаваў на сартыроўцы бульбы, слясарыў у майстэрнях. Захапіўся кавальскай справай. Калгасны спецыяліст, які на той час ужо быў пенсіянерам, заўважыў мае здольнасці і перадаў сакрэты справы. Адпрацаваўшы 2 гады кавалём, у пагоні за «даўжэйшым” рублём перайшоў у жывёлагадоўлю – усё лета пасвіў цялушак, а зімой даглядаў іх на ферме. Але грошай і тут не хапала. Паехаў шукаць шчасця ў Польшчу. Чатыры гады працаваў на сядзібе ў фермера. Адносіліся да мяне тут выдатна. Як роднага віншавалі падчас каталіцкага Ражства. Ад гаспадароў я атрымаў тады свой першы ў жыцці значны падарунак. Тут зразумеў і галоўнае, каб адчуваць сябе ў замежжы ўтульна, неабходна вывучаць мову і звычаі. А пазней упэўніўся, што сумленныя і працавітыя беларусы, дзе б ні былі, заўсёды будуць у пашане, бо іх прыродная працавітаць і ўменне паважаць іншых шануецца ва ўсім свеце. 
У 2005-ым вярнуўся ў бацькоўскі дом і ўладкаваўся на работу ў «Хваецкае”. Праз 3 гады атрымаў кватэру. Па натуры я – чалавек прамалінейны, ніколі не прайду міма несправядлівасці. Гэта ў некай ступені дапамагае ў жыцці, а часам, наадварот, шкодзіць. Між тым, упэўнены, што толькі дзякуючы свайму характару я жыву, працую і дабіваюся поспехаў. І яшчэ. Жыццё навучыла мяне ніколі не помсціць за крыўду. Час усё сам расставіць на свае месцы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть