Агропром

“ДЗЕДАЎСКІ” МЕТАД УЖО НЕ СПРАЦОЎВАЕ

СВК «Дварэцкі” – адзінае сельгаспрадпрыемства раёна, якое займаецца вырошчваннем свініны на вытворчым узроўні. На 1 лютага на свінакомплексе знаходзілася 14513 жывёлін, што складае 98 працэнтаў да адпаведнага ўзроўню мінулага года.

– Валавая вытворчасць свініны летась склала 1873 тоны, або 42,6 працэнта ад агульнага аб’ёму прадукцыі, атрыманай у гаспадарцы, і 48,3 працэнта – ад рэалізаванай, – расказвае загадчыца свінакомплекса Галіна Каховіч. – 2010-ты быў для нас не вельмі ўдалым. З-за перабояў з пастаўкамі кармоў не маглі захаваць належныя рацыёны кармлення. Таму і атрымалі вялікі падзеж парасят, адставанне ў росце і зніжэнне прываг. У 2009-ым паморак маладняка складаў 12 працэнтаў на 1 тысячу галоў, а летась гэты паказчык вырас да 16,9 працэнта. Віной такога становішча сталі і старыя тэхналогіі, па якіх даводзіцца працаваць. У асноўнай масе памяшканняў, у якіх зараз утрымліваецца жывёла, немагчыма ладзіць работу на сучасным узроўні. «Дзедаўскія” метады ў наш час ужо непрымальныя. Гэта стала яскрава бачна з уводам у строй новага будынка, ўзведзенага і абсталяванага ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. У ім ужо апарасілася 164 свінаматкі, або 4-я частка матачнага пагалоўя. Атрымалі 1672 парасяці, захаванасць якіх складае 99 працэнтаў. У той жа час у старых памяшканнях, дзе праходзіць апарос астатніх свінаматак, захаванасць маладняку не перавышае 92 працэнты.

Акрамя таго, у новым памяшканні ў двух групах (1-ая – ад нараджэння і да 2 месяцаў, 2-я – ад 2 да 4 месяцаў) утрымліваем і 1200 свіней на дарошчванні. Паморак таксама невысокі – 4 працэнты, тады як у старых свінарніках – 12-14 працэнтаў. А ў іх, на жаль, усё яшчэ даводзіцца гадаваць асноўнае пагалоўе.

Сёлета прыступілі да рэканструкцыі цэха адкорму на 1600 галоў. Каб не парушаць тэхналогію, сюды будзем пераводзіць парасят, атрыманых і падгадаваных у новым памяшканні.

Бягучы год пачалі нядрэнна. Дзякуючы атрыманаму крэдыту у памеры 1 мільярда 200 тысяч рублёў маем магчымасць забяспечыць пагалоўе неабходнымі кармамі, і што вельмі важна, збалансаванымі рацыёнамі. Гэта станоўча адлюстроўваецца на сярэднясутачных прывагах: у параўнанні з леташнім яны павялічыліся ў сярэднім па свінакомплексе на 8,2 працэнта, у тым ліку на адкорме да 11,5, на групах ад 2 да 4 месяцаў – да 14,3 працэнта. Палепшылася і захаванасць пагалоўя. У лютым падзеж склаў 13 працэнтаў (супраць 19,1 летась). Усё гэта дае падставы для выканання намечаных заданняў. Сёлета мяркуем атрымаць 28546 парасят, 2443 тоны свініны, з якіх 2441 тону – рэалізаваць.

У структуры сабекошту прадукцыі 60,2 працэнта складаюць кармы, 12,1 – зарплата работнікаў, 5,4 – затраты электраэнергіі, 3,8 – амартызацыя асноўных фондаў. Працуюць у нас 140 чалавек (з 651 – у гаспадарцы), сярэднямесячная зарплата складае 660,5 тысячы рублёў. На сённяшні дзень пераважае ў асноўным ручная праца. Хаця недалёкі той час – 2013 год, калі мяркуецца распачаць будаўніцтва новага комплексу.

Разам з Галінай Адамаўнай пабывалі ў новым памяшканні.

У цэху апаросу цішыня і свежае паветра. Нават не верыцца, што тут знаходзіцца 84 свінаматкі і 833 парасяці. Накормленыя, у чысціні і цеплыні маленькія ружовыя парсючкі адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі. Гэтак жа ўпэўнена паводзяць сябе і «матулі”. У станках завіхаюцца свінаркі Марыя Яраховіч і Вольга Коваль. Падчас сваёй змены жанчыны сочаць за апаросамі, захаванасцю пагалоўя, наводзяць чысціню:

– Да добрага прывыкаецца вельмі хутка. Сёння ўжо нават не верыцца, што зусім нядаўна мы працавалі ў старых халодных памяшканнях. Ручная праца прымяняецца тут толькі падчас чысткі станкоў і ўборкі памяшкання. Астатнія працэсы аўтаматызаваны, – падзяліліся жанчыны.

Не горшыя ўмовы і ў секцыях, дзе ўтрымліваюцца парасяты ад 2 да 4 месяцаў.

– Памяшканне, дзе працавалі дагэтуль, самае аварыйнае на свінакомплексе. Калі нас перавялі сюды, вельмі баяліся, што не здолеем працаваць у новых умовах. Цяпер прывыклі і лічым, што нам проста пашчасціла. Калі і далей будзе столькі ўвагі ўдзелена нашаму комплексу, то праца свінаркі можа стаць самай прэстыжнай у гаспадарцы і тады адбою ад жадаючых уладкавацца не будзе. Не тое, што зараз, – усміхнуўшыся паведамілі працуючыя тут Галіна Богдан і Святлана Кузьміч.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть