КАРЫСНАЕ МАЛАКО ТОЛЬКІ ЯКАСНАЕ, –
сцвярджаюць завадчане і прыкладаюць да гэтага ўсе намаганні.
Чаму ў мінулыя выхадныя з гандлю была вернута партыя малака, вытворчасці ААТ “Лунінецкі малочны завод”, а многія малакавозы, якія дастаўлялі сыравіну з гаспадарак, не праходзілі далей за прахадную? Пытанні на гэтыя адказы атрымалі, пабываўшы на перапрацоўчым прадпрыемстве.
Як жа здарылася, што ў пятніцу, 13 сакавіка, партыя няякаснага малака з пахам антыбіётыкаў патрапіла на рэалізацыю ў гандлёвую сетку? Адразу “пасыпаліся” скаргі ад спажыўцоў. На прадпрыемстве вырашылі тэрмінова вярнуць неарэлізаваныя 5 тон малака і ўтылізаваць яго. У гандаль даставілі якасную прадукцыю, спажыўцам прапанавалі абмяняць раней набытае малако, а спецыялісты прыступілі да расследавання інцыдэнта. Аказваецца, антыбіётык не змаглі “ўлавіць” прымяняемыя на прадпрыемстве 5-хвілінныя тэсты. Яго “вылічыў” высокаадчувальны галандскі “Дэльватэст”, які ўмее “знаходзіць” ажно 27 антыбіётыкаў. Ведаючы, што на кон, акрамя прэстыжу прадпрыемства, пастаўлена самае дарагое – здароўе людзей, завадчане тэрмінова набылі неабходную колькасць новых тэстаў і раздалі іх у сельгаскааператывы, дзе правялі бясплатную вучобу сярод ветэрынарных работнікаў, лабарантаў і вадзіцеляў малакавозаў. Акрамя таго, у райвыканкаме сабралі кіраўнікоў гаспадарак, якім растлумачылі шляхі трапляння антыбіётыкаў у малако, запатрабавалі ўзмацніць кантроль ветэрынарных работнікаў за лячэннем хворых кароў, утылізацыяй атрыманага ад іх малака, і абавязалі трымаць сітуацыю на асабілівым кантролі. Цяпер кожная партыя сыравіны, якая паступае з гаспадарак, будзе суправаджацца дакументамі, пацвярджаючымі якасць. Завадчанам толькі застанецца пракантраляваць іх адпаведнасць. Двайная адказнасць стане яшчэ больш яскравым гарантам якасці.
Кіраўнік таксама паведаміў, што антыбіётык выяўляецца і ў малацэ, якое завод закупляе ў насельніцтва. Прычын шмат. Адна з іх – прымяненне мазяў для змякчэння “патрэскаўшыхся” саскоў. Гаспадыні часта прымяняюць іх перад дойкай, не задумваючыся, што антыбіётык трапляе непасрэдна ў вядро.
На заводзе ўсё робіцца дзеля бяспекі спажыўца. І рэдкая непрадбачаная сітуацыя з’яўляецца толькі чарговым штуршком для далейшага ўдасканальвання тэхналогіі.
Нягледзячы на ўскосную віну, кіраўніцтва прадпрыемства прызнае дапушчаныя пралікі, прыносіць прабачэнні спажыўцам і запэўнівае, што засёўды будзе клапаціцца пра здароўе людзей, захоўваючы высокую якасць вырабляемай прадукцыі.