МАРОЗ І СНЕГ НЕ СТРАШНЫЯ АТРАДУ
Рэзка павярнуўшы направа ад расчышчанай асфальтаванай дарогі, наш «УАЗік”, мінуючы жывёлагадоўчыя памяшканні СВК «Велута”, выскачыў на заснежаную прастору. Здалёк было бачна, як з каўша магутнага «Амкадора” порцыя за порцыяй звальваюцца ў прычэпы калёсных трактароў арганічныя ўгнаенні. Адны бралі накірунак у поле, другія станавіліся пад загрузку.
– Тут і працуюць нашы механізатары, – гаворыць начальнік механізаванага атрада «Райаграсервіса” Дзмітрый Малевіч. – На вывазцы задзейнічаны 8 адзінак транспарту, якія пераадольваюць адлегласць у пяць кіламетраў і вывозяць у сярэднім за дзень да 400 тон кампостаў. Як толькі вызваліцца ад работ па ачыстцы снегу ў населеных пунктах раёна пагрузчык, наладзім работу другога атрада. Яго чакаюць у СВК «Дварэцкі” і «Дзятлавіцкі”. Да гэтага механізатары працавалі ў Рэдзігераве і Любані. Пад будучы ўраджай аргарнікам раёна акажам дапамогу на вывазцы не менш як 97 тысяч тон арганікі.
Трактарысты ў атрадзе падабраліся працавітыя. Летась машыніст пагрузчыка Юрый МАРТЫНОЎСКІ пагрузіў 37 тысяч тон кампостаў. Штогод дабіваюцца высокіх паказчыкаў механізатары Сяргей АСОВІЧ, Антон ДАНІЛОЎСКІ і Аляксандр ВЕРАС. Да таго ж, Аляксандр Васільевіч вызначыўся на нарыхтоўцы кармоў, падрыхтоўцы глебы, Сяргей Мікалаевіч – на ўборцы збожжавых.
– Работай механізатараў задаволена, – гаворыць брыгадзір паляводчай брыгады СВК «Велута” Галіна САЙКО, якая штодня знаходзіцца ў полі. – Возім арганіку і сваімі сіламі. Робім усё магчымае, каб кожны гектар глебы, прызначаны пад пасадку бульбы, атрымаў па 120-130 тон угнаенняў. Заправім кампостамі і 540-гектарнае поле, дзе будзем вырошчваць кукурузу.