Агропром

МІКАЛАЙ-НЕПЕРАМОЖНЫ

Першая перавезеная тысяча тон збожжа зноў стала пад сілу вадзіцелю СВК «Гарадоцкі”   Мікалаю Кіндруку.


Павіншаваць яго з гэтай нагоды прыехалі на жытнёвае
поле  начальнік упраўлення
райсельгасхарчу Сяргей Бойка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль
Клімчук. У прысутнасці кіраўніка гаспадаркі Сяргея Чырэца, старшыні прафкама
Раісы Чырэц, галоўнага агранома Сяргея Скібы, механізатараў і вадзіцеляў
гаспадаркі лідару былі ўручаны Падззячнае пісьмо райвыканкама, каштоўны
падарунак і каравай.

На пытанне, колькі год запар удаецца першым перавезці
такую колькасць збожжа, задумаўшыся на хвілінку, Мікалай Мікалаевіч адказаў
ёмістым словам – «шмат” і паспяшаўся частаваць прысутных караваем…

У гэты ж час на ніве працягвалася жніво. Чатыры экіпажы
камбайнаў упэўнена абмалочвалі жыта. Адзін за другім да поўных бункераў
накіроўваліся аўтамабілі. Вось да ўскрайку падышоў чарговы камбайн. У яго
кабіне – добра вядомы на Лунінеччыне хлебароб, неаднаразовы пераможца
спаборніцтва Мікалай Боўбель. Сёлета ў яго новы памочнік – Міхаіл Барышны, які
на час жніва пакінуў пастаяннае месца работы ў рыбгасе і  «прапісаўся” ў «Гарадоцкім”. Як расказалі ў
гаспадарцы, памочнікі ў Мікалая Міхайлавіча часта мяняюцца з-за таго, бо
працуючы з ім за сезон добра авалодваюць сакрэтамі жніва і самі становяцца
старшымі камбайнерамі.

У той дзень жніво ў гаспадарцы набліжалася да паловы.
Збожжавыя абмалацілі на плошчы 539 гектараў. Пры ўраджайнасці 44,4 цэнтнера з
гектара атрымалі 2395 тон збожжа. З іх – 761 тона – на рахунку экіпажа Мікалая
Боўбеля.

Старшыня гаспадаркі Сяргей Чырэц не хаваў, што работай
хлебаробаў у цэлым задаволены. Адчувалася, што ён ганарыцца калектывам
механізатараў і вадзіцеляў, якія без лішніх слоў разумеюць сваю справу і
выконваюць яе як належыць. Менавіта гэта дае найбольшы плён. Хлебаробы
стараюцца як мага паўней выкарыстаць светлавы дзень, каб без страт і як мага
хутчэй убраць ураджай ніў. А ён сёлета – на славу. Асабліва авёс, якога ў
сярэднім з гектара намалочвалі па 52 цэнтнеры. Нядрэннай абяцае быць і пшаніца,
да ўборкі якой тут яшчэ не прыступалі.

Жніво вядзецца комплексна. Чатыры прэсы своечасова
падбіраюць і скатваюць у рулоны салому. З шасці адзінак тэхнікі, што заняты на
адвозцы, адзін з трактароў належыць прыватнаму прадпрымальніку. Яго дапамога
вельмі дарэчы. Усё збожжа адразу дапрацоўваецца. Гаспадарка ўжо выканала
дзяржзаказ па продажу харчовага  жыта.
Частку зерня засыпалі на насенне. Акрамя сваіх патрэб, а гэта 200 тон,  «Гарадоцкі” мяркуе прадаць іншым гаспадаркам
вобласці 300 тон насення азімых культур высокіх рэпрадукцый.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть