Агропром

НА РАПСАВЫХ НІВАХ

Напружаным выдалася сёлетняе жніво для хлебаробаў СВК “Новае Палессе”. У мінулую пятніцу толькі апрабавалі новы камбайн на ўборцы рапсу, як суботні дождж на суткі спыніў работу.

Пахмурным выдаўся і ранак у нядзелю. Аднак гэта не спалохала працаўнікоў, якія пасля 10 гадзін пачалі абмалот на адным з участкаў, размешчаных за Лахаўкай. Моцныя сцябліны з буйна налітымі стручкамі падатліва клаліся на рапсавую прыстаўку КЗС-10, пасля чаго абмалочанае зерне паступала ў бункер. Напагатове чакаў вадзіцель атамабіля ГАЗ-53 Васіль Клеўжыц, якому патрэбна было даставіць яго на склад. Як і належыць правілам работы на жніве, побач знаходзіўся пажарны аўтамабіль, кіраваў якім Іван Кацуба. 

Пад’ехаўшы на ўскраек поля старшы камбайнер Дзмітрый Шэўчык на хвіліначку спусціўся па лесвіцы з кабіны свайго КЗС-10, каб упэўніцца, што справы ідуць належным чынам. Яго хваляванне сала зразумелым пасля таго, як даведалася, што сёлетняя жніво для Дзмітрыя першае ў жыцці, як і для яго памочніка Рыгора Шэўчыка. Працуючы вадзіцелем у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, ён вырашыў чарговы водпуск выкарыстаць для дапамогі гаспадарцы ў гарачы час. Тым больш, што сялянская справа не ў навіну, бацька Павел Дзмітрыевіч, доўгі час працаваў вадзіцелем у калгасе, затым кладаўшчыком, маці Валянціна Уладзіміраўна – у жывёлагадоўлі. Памочнік Дзмітрыя Рыгор – палявод сельгаскааператыва. 

Першыя праходы маладыя хлебаробы рабілі пад пільным кантролем галоўнага агранома Ігара Коваля і начальніка ўчастка Васіля Насені. Праверыўшы якасць уборкі, спецыялісты засталіся задаволенымі:

– Упэўнена пачынаюць, гэта добра. Хочацца спадзявацца, што не згасне іх прага да работы і пасля цяжкіх хлебаробскіх будняў. Збожжавы і зернебабовы клін у нас вялікі – 1575 гектараў, сярод якіх 200 гектараў рапсу. Праўда, выспявае ён нераўнамерна. Таму 80 гектараў апрацавалі спецыяльным клеем, які засцеражэ стручкі ад заўчаснага растрэсквання. Наогул, віды на ўраджай нядрэнныя. 

Парадаваў азімы ячмень, які быў размешчаны на 10 гектарах. Па 50 цэнтнераў буйнога зерня атрымлівалі на круг. Удалося гэта дзякуючы добра падабранай пад культуру глебе і пазакаранёвым падкормкам мікраўгнаеннямі, – падзяліўся галоўны аграном. – Цяпер асноўная праблема – убраць ураджай без страт, што будзе ў сёлетніх умовах нялёгка. 

– З-за праліўных дажджоў і дрэннай работы помпавай станцыі на Лахаўскім польдэры ўжо зараз бачым, што губляем пасеяны тут на 40-гектарнай плошчы рапс. Месцамі ён вымак, месцамі гразь стаіць. Застаецца толькі спадзявацца, што надвор’е ўрэшце наладзіцца, і зможам дабрацца туды сучаснай тэхнікай, – дадаў начальнік участка. – Усяго на жніве ў нас будзе задзейнічана 6 камбайнаў. На трох будуць працаваць сямейныя экіпажы Кнырэвічаў, Латышэвічаў і Жуковічаў, яшчэ на адным – прыезджыя пенсіянеры з Кобрына. З дня на дзень усе яны ўключацца ў работу.

Калі вярстаўся нумар стала вядома, што працаўнікі СВК “Новае Палессе” ўбралі рапс на плошчы 40 гектараў, пры ўраджайнасці 24 цэнтнерых з гектара намалацілі 60 тон зерня. На нівах працавалі 4 камбайны.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть