Агропром

НАВУКА І ВЫТВОРЧАСЦЬ, ПА-САПРАЎДНАМУ АДЗІНЫ

Сёлетнюю вясну дырэктар Палескай доследнай станцыі лугаводства і меліярацыйнага земляробства Аляксандр Семянчэнка назваў ідэальнай, праўда, з папраўкай – менавіта для іх гаспадаркі. Пры гэтым падзякаваў меліяратарам, якія своечасова правялі неабходныя работы па адводу вады з меліярацыйных каналаў. Гэта дазволіла без вялікага напружання і ў той жа час у самыя сціслыя тэрміны – 7 дзён – правесці сяўбу збожжавых і зернебабовых культур. Такога тэмпу яшчэ не было. 

Асноўная ж заслуга – у высокай арганізацыі кампаніі, якая аказалася пад сілу калектыву і новаму галоўнаму аграному Рыгору Кавальцу. На працягу больш як 20 год да гэтага ён займаўся навуковымі даследаваннямі ў аддзеле земляробства. Прыемна ўсведамляць, што цесны сплаў навукі з вытворчасцю дае такі выдатны плён. Гонар станцыі – яе працаўнікі. Сярод якіх касцяк механізатараў – Міхаіл Трухноў, Іван Багданец, Генадзь Радзіонаў, Вячаслаў Гарагляд, Дзмітрый Паўлюкевіч, Генадзь Алейнік, Андрэй Калешка, Сяргей Жук, Мікалай Хілінскі, Аляксандр Макейчык.

Сёння ўвага працаўнікоў гаспадаркі скіравана на бульбяныя палеткі, дзе ідзе пасадка бульбы:
Дождж на мінулым тыдні (а ў нас выпала месячная норма ападкаў), крыху замарудзіў работы. Чакалі, пакуль глеба падсохне. У той жа час дадатковая вільгаць ажывіла збожжавыя і травы, якія адразу зазелянелі. Бульбы сёлета пасадзім 200 гектараў, палову плошчаў адвядзем пад харчовыя гатункі. Упэўніліся, што для нашых мясцін гэта вельмі прыбытковая культура. Летась яе рэнтабельнасць дасягнула 114 працэнтаў. Ад рэалізацыі атрымалі 1 мільярд 700 тысяч рублёў. У той жа час ад жывёлагадоўлі мелі 1800 мільёнаў. Сумы мала адрозніваюцца, панесеныя ж затраты – непараўнальныя. З’яўляючыся элітнасенгасам, асноўны ўпор робім на вырошчванне насення. Для гэтых мэт пастаянна абнаўляем яго рэпрадукцыйны склад. Нядаўна набылі па 3 тоны суперэліты “журавінкі” і “здабытку”. Дарэчы, зараз самыя запатрабаваныя на рынку тыя гатункі, што маюць чырвоны і ружовы колер. Сёлета абавязкова пастараемся закончыць будаўніцтва агароднінасховішча на тысячу тон бульбы. Па-першае, да мінімуму звядзем страты ад захоўвання ў буртах, якія дасягаюць 30 працэнтаў. Па-другое, гэта дасць магчымасць рэалізоўваць клубні і ў зімовы перыяд, калі яны маюць самую высокую цану. 

Што датычыць насеннага матэрыялу, то прыкра, што гаспадаркі раёна не ўсведамляюць той акалічнасці, што ад якасці насення на 50 працэнтаў залежыць будучы ўраджай. Нягледзячы на існуючую разнарадку і невысокі кошт, яны яго не выбіраюць. Забраў сваю “долю” толькі фермер Міхаіл Грыневіч, – падзяліўся Аляксандр Васільевіч.

Выехаўшы на палеткі, упэўніліся, што работа тут наладжана на высокім узроўні. Дзякуючы новай галандскай саджалцы, якая, дарэчы, працуе толькі першы сезон, за дзень вопытны трактарыст Вячаслаў Гарагляд высаджвае клубні на 10-гектарнай плошчы. Хуткаму тэмпу работы садзейнічае добра падрыхтаванае Мікалаем Хілінскім раўнюткае поле, на якім з мэтай эканоміі ўгнаенняў прымянялі сідэраты.

– Садзім бульбу па галандскай тэхналогіі. Радкі размяшчаем на адлегласці 75 сантыметраў (раней 70), што ў далейшым дазволіць апрацоўваць іх без траўміравання клубняў. Прама на агрэгаце яны пратручваюцца гербіцыдамі. Гэта засцеражэ ўсходы ад каларадскага жука, а ўраджай – ад провалачніка. Дакладная сістэма высадкі не дапускае трапляння ў глебу адначасова па некалькі бульбін, што эканоміць пасяўны матэрыял. На агрэгаце прадугледжана і аднолькавая глыбіня задзелкі, адсюль – дружныя ўсходы. Калі раней на працягу вегетацыі праводзілі па 5 апрацовак пасеваў, то зараз будзе не больш двух. Такім чынам разлічваем павялічыць рэнтабельнасць культуры і атрымаць ураджай 200-250 цэнтнераў з гектара, што для нашай насеннегадоўчай гаспадаркі проста выдатна, – з гонарам расказаў галоўны аграном Рыгор Кавалец.  

Пасля завяршэння пасадкі бульбы на станцыі адразу ж прыступяць да сяўбы кукурузы, якой плануюць заняць 350-гектарную плошчу. Насенне для гэтых мэт ужо набылі. Для вядзення палявых работ ёсць уся неабходная тэхніка, праўда, сярод яе толькі 2 энерганасычаныя трактары – МТЗ-2225 і нядаўна набыты ў лізінг МТЗ-3025, які яшчэ не ўключаўся ў работу з-за адсутнасці агрэгатаў. На сённяшні дзень пакуль не дастае магутнага трактара “Джон-Дзіра” і 2 прэс-падборшчыкі. Упэўнены, пры такім гаспадарскім падыходзе да справы набыць іх – справа часу.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть