Агропром

ПАДГАНЯЕ СЕЙБІТА СОНЕЙКА ВЯСНОВАЕ

Арганізавана вядуцца палявыя работы ў СВК “Новае Палессе”. Працаўнікі сельгасагранізацыі да пачатку веснавой сяўбы справіліся з падкормкай азімых збожжавых. Дарэчы, восенню акрамя традыцыйных жыта, трыцікале, пшаніцы, якія занялі 735 гектараў, і 200 гектараў рапсу, у рамках эксперыменту пасеялі 28 гектараў аўсу. Цёплую зіму ён вытрымаў нядрэнна, аднак пазней веснавая паводка затапіла значную частку палетка. Улічваючы тое, што пасевы застрахаваны, гаспадарка спадзяецца атрымаць кампенсацыю за прычынены стыхіяй урон. 

Вялікія спадзяванні працаўнікі сельгаскааператыва ўскладваюць на яравыя культуры. Для гэтых мэт 650-гектарную плошчу адвялі пад каласавыя,170 –зернебабовыя, 125 –аднагадовыя травы, 50 – кукурузу на зерне, 450 гектараў – пад кукурузу на зялёны корм. І зноў жа ў якасці эксперыменту, у маі, пасеюць 20 гектараў грэчкі. 

Што датычыць непасрэдна сяўбы, то тут асноўная нагрузка ўскладзена на магутны “Джон-Дзір”, якім па-майстэрску ўпраўляе трактарыст з 18-гадовым стажам Іван Іванавіч Лусевіч:

– Трактар атрымаў у жніўні 2007 года. Тэхніка выдатная, працаваць на ёй – адно задавальненне. Праўда, і нагрузкі значныя. Між тым, як бы ні было цяжка, а кожны дзень стараюся выйсці ў поле як мага раней. Першую баразну звычайна пракладваю ў 7 гадзін раніцы, працую да позняга вечара. Перабояў з дастаўкай насення ды паліва ніколі не бывае. За гэтым, а таксама за якасцю работ пільна сочыць начальнік участка Васіль Васільевіч Насеня. Два разы на дзень на поле дастаўляюць гарачае харчаванне. Нядаўна выдалі новае спецаддзенне. Можна сказаць, што ў гаспадарцы ўсё робіцца дзеля таго, каб сяўба прайшла ў аптымальныя тэрміны. Інакш нельга, – упушчаны час не прыбавіць ураджаю, – падзяліўся ўражаннямі механізатар.

Крыху насцярожыў той факт, што мужчына вось ужо тры гады працуе без напарніка. Між тым, прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, які добра ведае сялянскі побыт, настойліва рэкамендуе, каб на энерганасычанай тэхніцы абавязкова працавалі па 2 чалавекі. 

Гэтае ж пытанне ўзнікла і пасля таго, як пагутарыла з другім механізатарам Мікалаем Мацвеевічам Жуковічам, занятым непадалёк на ворыве глебы. Гледзячы на задаволены выгляд, на тое як ён, узяўшы ў рукі жменю глебы з усмешкай заўважыў: “Зямля цёплая, у такой зерняткам толькі сілы набірацца!”. Падумалася, вось ён па-сапраўднаму аддадзены сваёй справе хлебароб! І гэта пацвердзілася, калі Мікалай заўважыў, што не толькі МТЗ-1221 у яго поўным “падпарадкаванні”, але і камбайн КЗС-10, на якім ужо два сезоны ўбіраў хлеб разам з сынам Уладзіславам. Юнак, дарэчы, зараз спасцігае тэорыю аграномскай справы ў Ляхавіцкім сельгастэхнікуме. Падзяліўся механізатар і яшчэ адной навіной: днямі гаспадарка атрымала новы трактар МТЗ-1221. Яго даверылі малодшаму брату Валерыю. У дзень прыёмкі, прычапіўшы плугі, той адразу ж прыступіў да работы. 

Што і казаць, працавітыя людзі заняты на асноўных сельгасработах у гаспадарцы. Амаль 40 год бездакорна выконвае свае абавязкі вадзіцель Іван Рыгоравіч Лусевіч, які дастаўляе на поле насенне. Падчас жніва ён не раз выходзіў пераможцам працоўнага саперніцтва. Не сядзіцца дома і былому вадзіцелю, а цяпер пенсіянеру Міхаілу Апанасавічу Сінілевічу. Як і ў ранейшыя гады ён задавальненнем дапамагае калектыву.

СВК “Новае Палессе” лічыцца насенняводчай гаспадаркай, якая надзелена правам продажу вырашчанага зерня іншым сельгасарганізацыям раёна. Толькі сёлетняй вясной яравых збожжавых культур першай рэпрадукцыі рэалізавалі больш як 100 тон. Трыццаць год за падрыхтоўку насення адказвае аграном Валянціна Паўлаўна Аўчарук (на здымку).

Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што СВК “Новае Палессе” завяршыла сяўбу каласавых і зернебабовых. На яе працаўнікі затрацілі 13 дзён.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть