Агропром

“ПАЖАДАЙЦЕ НАМ СОНЕЧНЫХ ДЗЁН”…

Экзамен на гатоўнасць да галоўнай сельскагаспадарчай кампаніі – жніва – з гонарам вытрымалі хлебаробы СВК “Дварэцкі” пад час уборкі азімага ячменю. Забытая апошнім часам у нашым раёне культура паступова адраджаецца на палетках. Калі летась у гаспадарцы пад яе адвялі 15-гектарную плошчу, то ўжо сёлета – 42-гектарную. Для ўборкі двум экіпажам камбайнаў “Джон-Дзір” і КЗС-1218 хапіла два з паловай дні нетаропкай работы пры няўстойлівым надвор’і. На вызваленых плошчах адразу ж пачалі ўборку саломы, пасля падрыхтоўкі глебы пасеюць канюшыну і люцэрну, якія выкарыстаюць на корм буйной рагатай жывёле.

Усяго ж збожжавых і зернебабовых у СВК неабходна будзе ўбраць 2354 гектары. Гэта самыя вялікія плошчы ў раёне. Нягледзячы на тое, што гаспадарка мае 11 сучасных камбайнаў марак “Джон-Дзір”, КЗС-1218, КЗС-10 і “Дон-1500” нагрузка на кожны чакаецца немалая – 214 гектараў. Старшыня гаспадаркі Васіль Яцукевіч упэўнены, што яна пад сілу вопытным экіпажам. Як след падрыхтавана тут і сушыльна-ачышчальная гаспадарка, размешчаная ў Язвінках. На дапрацоўцы збожжа, як і летась, будзе задзейнічаны сучасны комплекс ЗСК-30, айчынныя сушылкі КЗС-16, КЗС-20. На менш магутнай фінскай – будзе даводзіцца да патрэбных кандыцый насеннае зерне.

Экіпаж камбайна “Джон-Дзір” у складзе пастаяннага пераможцы раённага, а таксама неаднаразова абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў Аляксандра Кіндрука і яго памочніка Сяргея Ільючыка засталі на полі, калі ён заканчваў абмалочваць апошнія каласкі ячменю. 

– Намалацілі каля 80 тон. Маглі б управіцца і хутчэй, ды надвор’е падводзіла. Гадзінамі прастойвалі ў чаканні, пакуль колас пасля дажджу падсохне. Прыкладна праз тыдзень пачнем убіраць азімы рапс. Здолелі як след праверыць гатоўнасць тэхнікі да чарговага сезона. Цяпер ужо спакойна можна мяняць жняярку на прыстаўку для падбору рапсу і выходзіць на шырокі прастор.

Для Аляксандра Іванавіча гэта ўжо 11 уборачны сезон, з іх 4-ты на “Джон-Дзіры”.

– Працаваць на такой тэхніцы – адно задавальненне. Праўда, сёлета ў мяне змяніўся напарнік. Раней выходзілі ў поле з Іванам Сарока. Нядаўна ён ажаніўся і памяняў месца жыхарства. Думаю, не падвядзе і Сяргей. У яго гэта першы хлебаробскі сезон. Працуе ён у будаўнічай брыгадзе, але тэхніку ведае нядрэнна. Для мяне жніво – самы чаканы час. Хоць і не сяджу без справы ні восенню, ні вясной – на МТЗ-1221 рыхтую глебу пад пасяўную, уношу мінеральныя тукі, падсяваю травы, але больш за ўсё на свеце люблю пару, калі налітыя буйным зернем цяжкія каласы падатліва кладуцца на жняярку, абмалочваюцца, а затым залатым ручайком з бункера сыплюцца ў кузаў аўтамабіляў. Хоць за работай і няма асабліва часу любавацца гэтай прыгажосцю, аднак не-не ды і цягне на рамантыку. Захоплівае і ні з чым непараўнальны азарт саперніцтва. Прыемна, у канцы напружанага рабочага дня бачыць вынікі сваёй работы. Вось летась упершыню за гісторыю гаспадаркі і раёна наш экіпаж намалаціў больш як 2 тысячы тон збожжа. Праўда, гэты рэкорд так і застаўся нікім не заўважаным. А хацелася, каб і такое бачылі. Сваю любоў да тэхнікі і справы перадаю сынам Сяргею і Уладзіку. Прычым, заўважаю, што ў малодшага па-сапраўднаму хлебаробскім азартам загараюцца вочы. Дарэчы, справа ў нашай сям’і перадавалася ў спадчыну: бацька – Іван Пятровіч вучыў рабоце на камбайне старэйшага брата Івана, а той –мяне. Так што, магчыма, і сыны пойдуць нашым шляхам.

Кінуўшы позірк на пажаўцелае поле з азімай пшаніцай, размешчанае непадалёк ад убранага ячменю, Аляксандр Кіндрук, задумліва дадаў:

– Нядрэнны ўраджай спее. Ды нялёгкім пасля праліўных дажджоў будзе жніво. Таму пажадайце нам сонечнага надвор’я і лёгкага ветрыку…



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть