Агропром

ПРАЦАЙ МНОЖЫЦЦА ДАБРАБЫТ

У СВК “Чучавічы” са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілём Клімчуком пабывалі ў адзін са студзеньскіх дзён. Марознае надвор’е – не вельмі ўдалы час для будаўнічых работ. 
Тым не менш, іх не спынялі на рэканструкцыі малочнатаварнай фермы гаспадаркі. У канцы мінулага года тут здалі ў эксплуатацыю першую чаргу адноўленых памяшканняў – кароўнік і даільную залу. А яшчэ – пакоі для работы, гігіены і адпачынку абслуговага персаналу. 
З адчыненых дзвярэй новага кароўніка  валілі клубы пару. Ды такога, што нават не адразу ўдалося разгледзець у памяшканні жывёлу. Старшыня гаспадаркі Сяргей Богуш растлумачыў, што яно перапоўненае. Замест 480 галоў у ім размясцілі 540. Аднак становішча такое часовае і з аднаўленнем яшчэ аднаго будынка такой жа магутнасці, усё стане на свае месцы.
Расказаў Сяргей Баляслававіч і пра тое, што сёлета плануецца будаўніцтва сучаснага малочнага комплексу, разлічанага на 900 галоў. Палепшаныя ўмовы работы і бытавыя зручнасці  для працаўнікоў дазволяць прыцягнуць добрых спецыялістаў і павысяць адказнасць кожнага чалавека за вынік работы. А развіццё жывёлагадоўлі ў цэлым паспрыяе ўмацаванню фінансавага стано-вішча гаспадаркі. Таму сёння першачарговая задача – далейшае нарошчванне пагалоўя. Зараз шчыльнасць яго на 100 гектараў сельгасугоддзяў складае 44 жывёліны, што вельмі мала.
Пра тое, што калектыў умее плённа і якасна працаваць, сведчыць той факт, што на зімова-стойлавы перыяд нарыхтавана дастатковая колькасць высакаякасных травяністых кармоў, ёсць магчымасць закупу спецыяльных камбікармоў для рознаўзроставых груп жывёлы. Для маленькіх цялят сярод іншага прадугледжана і сухое малако. У рацыёны больш дарослых уводзіцца кукуруза, авёс, плюшчанае зерне. У выніку сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні і адкорме ў мінулым годзе павялічыліся на 12 і склалі 537 грамаў. Дае аддачу і малочная галіна. У сярэднім ад адной каровы за мінулы год атрымалі 3794 кілаграмы малака, што на 377 кілаграмаў больш, чым у 2011 годзе.  
Заатэхнічная служба, якой шмат год кіруе Мікалай Шчатко, кадрамі ўкамплектавана. МТФ №2 узначальвае адзін з лепшых тэх-нікаў-асемянатараў гаспадаркі Святлана Марза. Летась на 100 кароў яна атрымала 89 цялят. А малака ў разліку на ўмоўную галаву за год аператары машыннага даення названай фермы надаілі 4083 кілаграмы (+500 кілаграмаў).  Добра працуюць жывёлаводы МТФ №4 пад кіраўніцтвам Вольгі Шчатко (яна ж і старшыня прафкама). Надоі ад каровы ў параўнанні з 2011-ым тут павялічыліся на 640 і склалі 4045 кілаграмаў. Выдатны вынік у тэхніка-асемянатара Ірыны Ярмоліч – 91 цяля на 100 кароў. 
Ветэрынарная служба гаспадаркі летась папоўнілася маладым ветурачом. Ураджэнец Драгічынскага раёна Іван Бірук прыйшоў пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Адукаваны, энергічны, поўны жадання плённа працаваць, ён вельмі хутка прыжыўся ў калектыве, для якога вельмі патрэбны добрыя спецыялісты. 
Усяго ў гаспадарцы працуюць 200 чалавек. Пра большасць з іх  Сяргей Богуш сказаў, што гэта мясцовыя людзі, якія ўмеюць працаваць. Неабходна толькі стварыць спрыяльныя ўмовы, і справы абавязкова пойдуць на лад. Першыя крокі ў гэтым плане робяцца. Як вынік – расце аддача, адсюль і заробкі: сярэднямесячны за мінулы год склаў 2 мільёны 132 тысячы рублёў. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть