Агропром

ПРЫКЛАД “ДВАРЭЦКАГА”

Семінар-нарада па падвядзенню вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны раёна за студзень-люты прайшоў у СВК “Дварэцкі”. 

У якасці базавай гаспадарка была выбрана невыпадкова. За апошнія тры месяцы тут зроблены значны рывок наперад у вытворчасці прадукцыі. Па надоях малака, а гэта больш як 11 літраў у суткі ад каровы, “Дварэцкі” ўпэўнена займае 4-ты радок у раённай зводцы, а сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы перавысілі 600-грамовы рубеж. 

Зразумела, за такі кароткі час нельга выправіць усе недахопы, што накопліваліся на фермах гадамі, аднак, мэтанакіраваная работа бачна ўсюды. Тут не на словах, а на справе змагаюцца за высокую якасць прадукцыі. Таму дзіўнай падалася інфармацыя, што толькі 27,1 працэнта малака гаспадарка прадае вышэйшай якасцю. Аказваецца, на адной з фермаў кароў усё яшчэ дояць у вёдры. Магчыма, менавіта гэтая акалічнасць і паўплывала на агульны вынік. Што адметна, за якасць малака нясе адказнасць лабарантка Марыя Колбік. Яна сумленна вядзе ўлік і сочыць за тым, каб малако, атрыманае ад “праблемных” кароў, не трапляла ў агульны халадзільнік. 

Нельга не адзначыць тыя перамены, што адбыліся на МТФ Ракітна. Сёння палова пагалоўя пераведзена на бяспрывязнае ўтыманне, а двухразовае кармленне вядзецца пры дапамозе кормараздатчыкаў, што дазволіла скараціць штат жывёлаводаў на 10 чалавек, пры гэтым павялічыўшы колькасць атрымліваемай прадукцыі. Штодзень ад кожнай каровы, аператары машыннага даення надойваюць па 12,5 літра малака. Зайздросныя і сярэднясутачныя прывагі рамонтных цялушак – 716 грамаў… 

Справаздачу аб рабоце жывёлаводаў раёна за студзень-люты і 5 месяцаў зімоўкі зрабіў намеснік начальніка райсельгасхарчу Якаў Баўкуновіч. Ён адзначыў, што за два месяцы пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з леташнім павялічылася на 770 і склала 38484 галавы. Валавы надой малака – 6959 тон. Нягледзячы на тое, што рост у параўнанні з леташнім дасягнуў 12 працэнтаў, заданне раёнам выканана толькі на 98,3 працэнта. Такая ж сітуацыя і з прадуктыўнасцю дойнага статка. У цэлым яна павялічылася на 49 кілаграмаў, але патрэбных лічбаў не дасягнула. Гэты паказчык знізілі пяць гаспадарак – СВК “Рэдзігераўскі”, “Азярніца”, “”Лобчанскае”, Палеская станцыя і КУП “Міжлескае” . Прычына – у парушэнні тэхналогіі кармлення. Прыкра, што па вытворчасці малака не выходзяць на запланаваныя рубяжы такія гаспадаркі як філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, Палеская станцыя, а таксама СВК “Хваецкае” і “Велута”. 

У параўнанні з леташнім на 3,1 працэнта ўзрасла валавая вытворчасць прываг, якіх атрымана 714 тон. Знізілі яе СВК “Рэдзігераўскі”, “Гарадоцкі”, “Лобчанскае” і “Чучавічы”. Гэтыя гаспадаркі зменшылі і сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы. У сярэднім па раёне яны склалі 515 грамаў. Заданне першага квартала па рэалізацыі жывёлы за 2 месяцы выканана на 48 працэнтаў. Усяго рэалізавана 869 галоў з сярэдняй вагой адной галавы 424 кілаграмы. Пры гэтым высокімі кандыцыямі (ад 522 да 439 кілаграмаў) жывёлу прадавалі СВК “Дварэцкі”, “Вулькаўскі світанак” і “Лунінскі”, нізкімі (ад 379 да 372 кілаграмаў) – СВК “Азярніца”, “Дзятлавіцкі” і “Хваецкае”. 

У цэлым жа зімоўка праходзіць нядрэнна. Валавая вытворчасць малака ў адносінах да леташняга ўзроўню склала 115 працэнтаў. Ніжэй за сярэднераённыя гэтыя паказчыкі ў СВК Рэдзігераўскі” і на Палескай станцыі. Якаў Навумавіч нагадаў, што да пачатку летне-пашавага перыяду застаецца адзін месяц, таму ўжо зараз неабходна пачаць падрыхтоўку да яго.

Галоўны ветурач раёна К.І. Максімовіч спынілася на правядзенні вакцынацый, арганізацыі прагулак, сквашванні малака і іншых акалічнасцях, безумоўнае выкананне якіх садзейнічае высокаму захаванню пагалоўя.

Былі заслуханы галоўныя заатэхнікі гаспадарак, якія “правальваюць” выкананне даведзеных заданняў па вытворчасці малака і мяса, у прыватнасці, з філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод, СВК “Рэдзігераўскі” і “Азярніца”. 

Падводзячы вынікі начальнік райсельгасхарчу Валерый Юнчыц прапанаваў спецыялістам змяніць тактыку вядзення семінараў і засяроджваць увагу прысутных на самых “праблемных” гаспадарках. Ён падкрэсліў, што 70 працэнтаў поспеху ў галіне залежыць ад кармлення жывёлы. І тут трэба ўдзяляць увагу не толькі колькасці нарыхтаваных кармоў, але і годнай іх якасці. Для гэтага адмовіцца ад практыкі закладвання сенажу ў непрыгодныя ямы, а трамбоўку зялёнай масы ў іх весці толькі энерганасычанымі “Кіраўцамі”, сучасныя МТЗ-1221 для гэтых мэт не падыходзяць. Самым сур’ёзным чынам неабходна падысці для вырошчвання зернебабовых культур, якія ў стане папоўніць рацыёны недастаючым сёння пратэінам. З гэтай мэтай у раёне распрацоўваецца праграма “Бялок”.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть