РАЗВІВАЦЦА СТАБІЛЬНА – ГЭТА НЯДРЭННА
Традыцыйны семінар жывёлаводаў раёна прайшоў на базе СВК “Лунінскі” і “Хваецкае”. Разглядаліся пытанні заканчэння зімова-стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы і падрыхтоўкі да летне-пашавага перыяду.
Перш, чым прыступіць да непасрэднай тэмы, удзельнікі разам са старшынёй райвыканкама Васілём Агіевічам наведалі машынны двор СВК “Хваецкае”. Уражанне засталося выдатнае. Тэрыторыя аптымізавана, значная частка яе заасфальтавана, складаная тэхніка захоўваецца ў ангары, а для іншай распачата будаўніцтва цагляных гаражоў. Вялікая ўвага ў гаспадарцы надаецца стварэнню спрыяльных бытавых умоў для механізатараў. Кабінет па тэхніцы бяспекі не толькі па-дамашняму ўтульны, але і мае зайздросную наглядную агітацыю, камп’ютэр з дыскамі, на якіх занатаваны ўсе асноўныя тэхналагічныя працэсы механізаванай апрацоўкі глебы і сяўбы культур, навыкі абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі. Бытоўка абсталявана апаратам з бутыліраванай вадой для піцця. Безумоўна, штуршок для навядзення годнага парадку дало леташняе будаўніцтва аграгарадка ў Вульцы 1. Аднак, немагчыма не прызнаць і гаспадарскія адносіны да справы старшыні сельгаскааператыва Васіля Лазіцкага.
Вялікае ўражанне засталося пасля наведвання створанай летась шматкампанентнай пашы ў СВК “Хваецкае” (ні ў якае параўнанне не ішла з ёю звычайная, што была размешчана побач). Мелі б такую ўсе сельгаспрадпрыемствы, не было б праблем з надоямі і прывагамі. У гэтым перакананы кіраўнік і спецыялісты райсельгасхарчу, якія запатрабавалі ў кожнай гаспадарцы стварыць падобныя лугавыя ўгоддзі. У многіх яны ёсць на паперы, але наколькі лічбы супадаюць з рэальнасцю пакажа інвентарызацыя.
Прыемна асэнсоўваць, што мэтанакіраваная работа па рэканструкцыі і мадэрнізацыі МТФ, удасканаленню тэхналагічных працэсаў, па ўмацаванню і рацыянальнаму выкарыстанню кармавой базы, якая на працягу апошніх год вядзецца ў галіне, дае стабільны плён. За 6 месяцаў зімоўкі і першы квартал года рост валавых надояў малака ў параўнанні з леташнім склаў адпаведна 114 і 111 працэнтаў; валавых прываг – 107,4 і 104 працэнты. Праўда, гэта не забяспечыла выкананне пастаўленых перад раёнам задач: па малаку “не дабралі” 3 працэнты. Запаветных лічбаў па росту дасягнулі толькі жывёлаводы СВК “Велута”, “Новае Палессе” і Палескай доследнай станцыі. Прыемна ўсведамляць, што нарэшце здолелі ўключыць свае рэзервы яшчэ ўчора адстаючыя СВК “Чучавічы”, “Дзятлавіцкі” і “Багданаўка”, дзе справы пайшлі на лад. У якасці ўзорнага прыкладу вядзення мясной галіны Якаў Баўкуновіч назваў СВК “Дварэцкі”. Больш як 600-грамовыя сярэднясутачныя прывагі атрымліваюць працаўнікі КУП “Міжлескае”, Палескай доследнай станцыі, СВК “Вулькаўскі світанак”. “Багданаўка”, “Велута” і “Новае Палессе”.
Як звычайна, прынцыпова падышлі да спецыялістаў тых гаспадарак, якія не спраўляюцца з выкананнем даведзеных заданняў па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. На гэты раз справаздачу перад калегамі трымалі кіраўнікі СП “Аграграніт” і “Рэдзігераўскі”.
Начальнік упраўлення райсельгасхарчу Валерый Юнчыц нагадаў пра задачы, якія стаяць перад жывёлаводамі раёна, адзначыў станоўчыя моманты ў развіцці галіны, запатрабаваў нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.