Агропром

РЫБНАЯ ДАЛІНА “ЛАХВЫ”

Філіял “Доследны рыбгас “Лахва” ААТ “Пінскводбуд” у 2011 годзе ўзначаліў ураджэнец Лахаўкі Мікалай ЯРАХОВІЧ. Яго стаж работы ў галіне рыбаводства – 14 год. Выпускнік Горацкай сельгасакадэміі ў свой час займаў пасады  майстра ўчастка, галоўнага інжынера і дырэктара рыбгаса “Белае” на Гомельшчыне, таму не толькі добра знаёмы з нюансамі работы, але і ведае, якім чынам можна яе палепшыць.
Адна з праблем доследнага рыбгаса «Лахва» – кра-дзеж рыбы. Чарговы адбыўся на днях. На гэты раз вартаўнікі, не дачакаўшыся пакуль дзяжурны РАУС зніме тэлефонную трубку, затрымалі аднаго злодзея. Яшчэ двое ўцяклі з мехам рыбы. Вартавыя правапарадку прыехалі толькі на другі дзень…
– Шкада, што размову даводзіцца пачынаць з непрыемнага факту, – кажа Мікалай Мікалаевіч. – Ды толькі гэта – сённяшняя рэчаіснасць. Стараемся выконваць усе неабходныя прадпісанні па забеспячэнню захаванасці прадукцыі, аднак, асвятленне сажалак  у цёмны час сутак, ахова вартаўнікоў і арганізаваныя дзяжурствы не заўсёды даюць жаданы эфект. Спа-дзяемся, дапаможа мадэрнізацыя вытворчасці і добраўпарадкаванне тэрыторыі базы, што мяркуем правесці на працягу 2013-2015 гадоў.
Сёлета пачнем узводзіць новыя гаражы, майстэрні. Завершым рэканструкцыю на ўчастку “Дубрава”, што ў Столінскім раёне. Два гады таму аднавілі тут інкубацыйны цэх, а зараз прыступім да  нераставых сажалак. На цэнтральным участку зробім сажалку-адстойнік. Пастараемся ажыццявіць мару і ўзвесці цэх па перапрацоўцы рыбы ў Мікашэвічах магутнасцю 210 тон у год. Гэта дасць маладому гораду 20 новых рабочых месцаў, а нашаму прадпрыемству завершанасць цыклу “ад ікрынкі – да гатовай прадукцыі”. Трэба будзе вырашаць і праблему з ачысткай вады ад прымясей жалеза. Ажыццявіць усё гэта плануем з дапамогай “Пінскводбуда”, да якога далучылі рыбгас у 2011 годзе. Генеральны дырэктар Леанід Кароль з разуменнем адносіцца да нашых патрэб, падтрымлівае і добрым словам, і фінансава, дае дзейсныя парады. 
У цэлым работа рыбгаса рэнтабельная, аднак, фінансавае становішча трэба пастаянна ўмацоўваць. Да нядаўняга часу шмат сродкаў трацілі на ўтрыманне закансерваванага ўчастка “Лу-нінецкі”. Летась яго “спісалі”, а збудаванні будзем разбіраць і прадаваць жадаючым. 
–  У “Лахве” вы працуеце паўтара года. Якім пасля “Белага” падаўся мясцовы рыбгас, і што змянілася за гэты час?
– Прыйшоў сюды ў 2011 годзе, незадоўга да аблову сажалак. Таму ў вырашчаных тады 380 тонах рыбы свайго асабістага ўкладу не бачу. Затое леташні ўлоў – 412 тон атрымалі ўжо разам. Не скажу, што задаволены вынікам. Чакалі лепшага, аднак не хапіла кармоў. Сёлета такой сітуацыі пастараемся пазбегнуць. Плануем выгадаваць 500 тон рыбы.  Умацаваць кармавую базу мяркуем за кошт вырошчвання свайго збожжа, якое пойдзе на зніжэнне кошту камбікорму. У рыбгаса ёсць 43 гектары зямлі, іх засеем яравымі каласавымі. Будзем укараняць больш эфектыўныя тэхналогіі кармлення, якія дазволяць пры меншых затратах атрымліваць лепшыя вынікі. Спадзяемся на дапамогу вучоных, з якімі пачынаем цеснае супрацоўніцтва. 
– Ці карыстаецца лахвенская рыба папулярнасцю ў насельніцтва?
– Мяркуючы па рэалізацыі,  не вельмі. Калі ў 2011-ым амаль увесь улоў прадалі да новага года, то з леташняга больш як 70 тон пакінулі ў зімавальных сажалках.  На невялікую актыўнасць пакупнікоў уплывае кошт рыбы, які за мінулы год павялічыўся прыкладна на 30 працэнтаў. Аднак у параўнанні з мясам яна па-ранейшаму даступна лю-дзям. Прадукцыю рэалізуем у асноўным праз выязны гандаль. Геаграфію пунктаў прызначэння павялічылі за кошт Светлагорска, Рэчыцы, Жлобіна і Пінска. У апошнім, дарэчы, ёсць стацыянарны магазін, які гандлюе нашай рыбай. Размешчаны ён на тэрыторыі  “Пінскводбуда”.  Асаблівай папулярнасцю карыстаецца рыбапасадачны матэрыял. Малька лахвенскіх карпа, таўсталобіка, шчупака купляюць з задавальненнем нацыянальныя паркі “Браслаўскія азёры”, “Нарачанскі”, “Белавежская пушча”. Ім і многім іншым летась яго прадалі больш як 30 тон. Ёсць заяўкі і зараз.
– Якія яшчэ турбуюць праблемы?
– Непакоіць адсутнасць выканаўчай дысцыпліны. Амаль за кожным работнікам патрэбен кантроль. У гэтым бачыцца недапрацоўка спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна. Падбіраючы новыя кадры, стаўку раблю на адукаваную моладзь са спецыяльнай падрыхтоўкай. Сярод такіх – галоўны інжынер Дзмітрый Клемпач, іхтыяпатолаг Віталь Боміхаў. У красавіку чакаем яшчэ аднаго маладога спецыяліста.
Калі наша размова падыхо-дзіла да заканчэння, у кабінет дырэктара зазірнуў намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Пінскводбуд” Уладзімір Нікіцін. Скарыстаўшыся нечаканай сустрэчай, пацікавілася, ці не шкадуюць у таварыстве, што далучылі да сябе такую праблемную гаспадарку. На што Уладзімір Фёдаравіч адказаў:
–”Лахва” – вельмі кампактны і пер-спектыўны рыбгас, і мы зацікаўлены ў яго развіцці. Сёлета першаступеннай задачай стаіць пошук сродкаў і будаўніцтва цэха па перапрацоўцы рыбы, а гэта – больш як 20 мільярдаў рублёў. Найлепшы варыянт – прыцягнуць інавацыйныя інвестыцыі. Летась за свае грошы рыбгас купіў 4 аўтамабілі, яшчэ некалькі сёлета набудзем мы. Дапаможам у добраўпарадкаванні тэрыторыі і з будаўніцтвам сістэмы абезжалезвання вады. Разам будзем старацца зрабіць рыбгас больш прыцягальным і заможным. Пабудуем тут аграсядзібу, адновім платную рыбалку… Глядзіш, з цягам часу ён ператворыцца ў сапраўдную рыбную даліну. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть