Агропром

СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВАМ ДАПАМАГАЮЦЬ ФЕРМЕРЫ

Што ўяўляе сабой аграпрамысловы комплекс раёна сёння, і якім ён бачыцца заўтра? Да ўдзелу ў абмеркавнні гэтага пытання запрасілі першага намесніка начальніка райсельгасхарчу, начальніка аддзела эканомікі Сяргея Бойку, старшыняў СВК «Хваецкае” Васіля Лазіцкага, «Вулькаўскі світанак” Уладзіміра Соца, кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Юліян” Міхаіла Грыневіча, ветэрана працы СВК «Дварэцкі”, ардэнаносца Івана Яцукевіча.
Сяргей БОЙКА: 
– Аргапрамысловы комплекс раёна прадстаўлены 16 сельгасарганізацыямі, якія спецыялізуюцца на вытворчасці малака, мяса, зерня і рапсу. Пры гэтым, асновай эканомікі гаспадарак з’яўляецца жывёлагадоўчая галіна, якая дае каля 70 працэнтаў таварнай прадукцыі. Таму галоўны ўпор робіцца на яе развіццё. Штогод вядзецца рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў. На іх устанаўліваецца сучаснае даільнае і халадзільнае абсталяванне, што дазваляе забяспечыць прыбаўку малака ў сярэднім на 10-15 працэнтаў у год, і адначасова паляпшаць яго якасць. Рост прадукцыі забяспечваецца як за кошт павышэння прадуктыўнасці кароў, так і за кошт павелічэння колькасці пагалоўя.
За апошнія 3 гады ў АПК раёна інвеставана 53,5 мільярда рублёў. Гэта дазволіла напалову абнавіць машынна-трактарны парк, укараніць сучасныя тэхналогіі ў вытворчасці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. Напрыклад, увод у эксплуатацыю новай МТФ у СВК ”Вулькаўскі світанак” забяспечыў рост малака ў гаспадарцы на 35 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню.
На сённяшні дзень у гаспадарках утрымліваецца 1368 галоў буйной рагатай жывёлы мяснога напрамку. Да 2015 года іх мяркуецца мець каля 7 тысяч. Пачата рэканструкцыя свінагадоўчага комплексу ў СВК «Дварэцкі”, які летась даў 2416 тон прадукцыі.
Арамя таго, у раёне дзейнічаюць 62 фермерскія гаспадаркі, у распараджэнні якіх знаходзіцца 3,7 тысячы гектараў зямлі. З агульнага аб’ёму валавай прадукцыі, атрыманай у 2009 годзе, 58,3 працэнта займаюць сельгасарганізацыі, 10,7 – фермеры, 31 працэнт – асабістыя дапаможныя гаспадаркі.
Раслінаводства заклікана забяспечыць кармамі жывёлагадоўчую галіну. У сувязі з плануемым ростам пагалоўя, валавы збор зерня чакаецца на ўзроўні 70-75 тысяч тон. Для выканання намечанага ў раёне ёсць усе перадумовы: сучасныя тэхніка, абсталяванне, тэхналогіі і працоўныя рэсурсы. Праўда, патрэбна больш сур’ёзна падысці да праблемы падрыхтоўкі кадраў. Прыезжыя выпускнікі ВНУ і каледжаў у сваёй большасці пасля 2-гадовай адпрацоўкі пакідаюць гаспадаркі. Падрыхтаваць моцнага спецыяліста не ўяўляецца магчымым. Таму трэба рабіць стаўку на мясцовую моладзь і мэтанакіравана арыентаваць выпускнікоў школ Лунінеччыны на пастапленне ў сельскагаспадарчыя ВНУ і каледжы. Больш увагі неабходна ўдзяляць падрыхтоўцы трактарыстаў і аператараў машыннага даення. На сучасным абсталяванні павінны працаваць людзі адукаваныя.
У будучым аграпрамысловы комплекс – гэта не толькі буйныя сельгасарганізацыі і прадпрыемствы, але і добра развітая сетка вялікіх фермерскіх гаспадарак, якія возьмуць на сябе функцыі па вырошчванню, напрыклад, агародніны. Дарэчы, зараз у раёне адбываецца працэс іх узбуйнення. 
Васіль ЛАЗІЦКІ:
– На пасадзе старшыні працую больш як 10 год. З упэўненасцю магу сказаць, што гаспадарка з года ў год становіцца ўсё мацнейшай. Толькі на працягу 2008-2009-га пры дапамозе дзяржаўнай падтрымкі і за свае сродкі здолелі на 95 працэнтаў абнавіць машынна-трактарны парк, прывесці ў парадак тэрыторыю мехдвара і майстэрні, памянялі дахі на 6 жывёлагадоўчых памяшканнях, устанавілі малакаправоды, распачалі рэканструкцыю малочнатаварнай фермы на 400 галоў, утрыманне і даенне малочнага статка на якой будзе весціся на сучасным узроўні. Летась надой на карову склаў 4019 літраў малака, валавы – 3308 тон, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 535 грамаў, валавыя – 314 тон. У 2008-ым мелі чыстага прыбытку 682 мільёны рублёў. Крэдытамі на зарплату на працягу двух апошніх год не карыстаемся. 
У перспектыве гаспадарка бачыцца яшчэ больш мабільнай, сучаснай і з аптымальнай колькасцю працаўнікоў. Для гэтага будзем рабіць стаўку на набыццё энерганасычаных трактароў маркі «Джон-Дзір”, МТЗ-3022 і высокапрадукцыйнай кормаўборачнай тэхнікі. Плануем таксама на сучасны ўзровень падняць жывёлагадоўчую галіну. 
Хацелася б мець годную аплату за атрымліваемую ў гаспадарцы прадукцыю. У тым сэнсе, каб усе дзяржаўныя надбаўкі за яе накіроўваліся не цэнтралізавана ў раён, а непасрэдна вытворцу. Гэта будзе садзейнічаць далейшаму развіццю гаспадаркі і павелічэнню заробкаў працаўнікоў.
Міхаіл ГРЫНЕВІЧ:
– Фермерская гаспадарка створана ў 1999 годзе. У распараджэнні – 600 гектараў ворнай зямлі, палова з якіх – шматгадовыя травы. Астатнія плошчы займаем зерневымі і агароднінай. Гаспадарка ўключана ў дзяржаўную праграму «Бульбаводства”. Патэнцыял бачыцца, па-першае, у магчымасці павелічэння ўраджайнасці другога хлеба да 400-500 цэнтнераў з гектара; агародніны з адкрытага грунту (морква, капуста, сталовыя буракі) – да 500 цэнтнераў з гектара. Для гэтага будзем шырэй прымяняць галандскія тэхналогіі вырошчвання і выкарыстоўваць сучаснае абсталяванне для пасадкі, апрацоўкі і ўборкі. Па-другое, у паляпшэнні якасці і таварнага віду агародніны за кошт прымянення якаснага насення, сучасных хімічных сродкаў аховы раслін і беражлівай уборкі ўраджаю. 
Сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю агароднінасховішча на 2000 тон прадукцыі. Гэта дазволіць захоўваць і рэалізоўваць агародніну на працягу кастрычніка-мая. Акрамя таго, плануем набыць сартавальную лінію для дапрацоўкі агародніны, якая дазволіць расфасоўваць прадукцыю.
Заўтрашні дзень АПК – гэта абмежаванне ручной працы ў вытворчасці і перапрацоўцы прадукцыі і больш шырокае развіццё фермерскага руху. Упэўнены, толькі буйным сельгаспрадпрыемствам, эканоміка якіх дагэтуль плануецца ў «высокіх” кабінетах, не пад сілу справіцца з дробнымі праблемамі сельскай гаспадаркі. Людзям патрэбны не толькі хлеб, малако і мяса, але і агародніна, вырошчваннем якой настаў час займацца на сучасным узроўні.
На сённяшні дзень сапраўднай перашкодай для фермераў з’яўляецца неэфектыўная работа землеўпарадкавальнай службы і звязаныя з гэтым праблемы з афармленнем зямельных участкаў, як у пажыццёва-спадчынае ўладанне, так і ў арэнду. Адсутнічае і рэальная магчымасць атрымання льготных крэдытаў на набыццё асноўных і абаротных сродкаў.
Уладзімір СОЦ:
– Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы дзяржавы, АПК раёна знаходзіцца ў стадыі пастаяннага развіцця, што асабліва характэрна для нашай гаспадаркі. Толькі летась за бюджэтныя сродкі ўведзены ў строй зернесушыльны комплекс і малочнатаварная ферма на 600 галоў. Цяпер мы можам без праблем дапрацоўваць збожжа, атрымліваць малако экстра-класа і вышэйшага гатунку. Працягваецца будаўніцтва дыхтоўнага жылля для работнікаў сельгаскааператыва, паляпшаецца якасць жыцця насельніцтва, чаму пасадзейнічала пераўтварэнне цэнтральнай сядзібы ў аграгарадок. 
Аграпрамысловы комплекс у перспектыве бачу яшчэ больш магутным, здольным вырашаць пастаўленыя задачы. Для руху наперад у нас ёсць усе падставы.
Іван ЯЦУКЕВІЧ:
– Маю 40 год працоўнага стажу ў якасці трактарыста і брыгадзіра трактарнай брыгады. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Леніна, медалямі і шматлікімі граматамі. Умовы працы сённяшніх вяскоўцаў не ідуць ні ў якае параўнанне з нашымі. Каб дасягнуць станоўчых вынікаў мы працавалі без выхадных і годных заробкаў, без душавых і цёплых майстэрань… Ніколі не ленаваліся, а падчас адказных сельскагаспадарчых работ выходзілі ў поле не толькі днём, але і ноччу. Цяпер настаў такі час, калі вынік справы залежыць не толькі ад чалавека, якому даверана тэхніка, але і ад яе магутнасці. Мы нават уявіць не маглі, што адзін трактар здолее і араць, і культывіраваць, і сеяць… Адзінае, што стрымлівае рост сельгаспрадпрыемстваў – гэта дарагавізна паліва. Калісьці за 1 кілаграм малака можна было купіць некалькі літраў дызпаліва. Сёння ж цэны зусім іншыя. Выдатна, што аграпрамысловы комплекс падтрымлівае дзяржава. І паліва дае больш таннае, і тэхніку ў лізінг. Без бюджэтнай дапамогі звычайнае малако каштавала б столькі, што не кожны змог бы яго купіць. А гэта ж – асноўны прадукт харчавання.
Ад рэдакцыі. Такія думкі выказалі нашы рэспандэнты. Між тым, вы, паважаныя чытачы, можаце працягнуць тэму, расказаўшы пра сваё бачанне сённяшняга і заўтрашняга АПК.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть