ШЛЯХАМ ШТУЧНАГА АСЕМЯНЕННЯ
Пяць год таму на жывёлагадоўчай ферме №1, што размешчана ў вёсцы Сінкевічы, першымі на Лунінеччыне пачалі займацца вырошчваннем маладняку буйной рагатай жывёлы мяснога накірунку абердзін-ангускай пароды.
– Наша гаспадарка, – гаворыць галоўны заатэхнік СП “Аграграніт” Васіль Вароніч, – мяса-малочнага накірунку. Летась у сярэднім на карову надаілі больш як па 4 тысячы кілаграмаў малака. Важкі ўклад у агульную справу ўнеслі лепшыя аператары машыннага даення Лідзія Кнырэвіч, Аліна Шкут, Зоя Цітовіч. Перавыкананы план продажу ялавічыны дзяржаве. Сёлета мяркуем не толькі замацаваць дасягнутае, але і выйсці на больш высокія рубяжы.
На Сінкевіцкай ферме, калектыў якой узначальвае Валянціна Катовіч, скрупулёзна займаюцца не толькі адкормам бычкоў высокапрадукцыйнай пароды, але і вырошчваннем цялушак для ўзнаўлення малочнага статку. Жывёлін даглядаюць Галіна Рудзько, Святлана Кляўцэвіч, Алена Калыхан, Святлана Фурсевіч і Лідзія Буневіч. У мінулым годзе з фермы адпраўлена на мясакамбінат 220 бычкоў вышэйшай укормленасцю і больш як па 400 кілаграмаў вагою кожны. За студзень і люты рэалізавана 49 тон мяса. А ў цэлым за год плануем выйсці на паказчык 250 тон ялавічыны.