Агропром

У НОВЫМ ГОДЗЕ – З НОВЫМ КІРАЎНІКОМ

Напярэдадні навагодніх святаў у СВК «Дзятлавіцкі” прайшоў пазачарговы сход працаўнікоў.   На парадку дня значыліся два пытанні: аб вызваленні з пасады старшыні гаспадаркі Жанны Ліхтар і выбранні новага кіраўніка.
Усклад прэзідыума, акрамя членаў праўлення, былі запрошаны старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Бойка, кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Грамыка, старшыня Дзятлавіцкага сельвыканкама Канстанцін Мардухай. 
Вядучая сходу Жанна Ліхтар у цішыні залы, а тут сабралася 110 са 163 членаў калектыву, зачытала сваю заяву аб звальненні. На пытанне, чым выклікана такое рашэнне, адказала: «Больш не магу”… Гэта стала зразумелым крыху пазней. Пасля галасавання ўжо былы кіраўнік з болем у вачах выказала былым падначаленым галоўную прычыну – нежаданне калектыву працаваць на агульны дабрабыт. І гэта пры тым, што амаль у кожнага ёсць дагледжаныя ся-дзібы і ўчасткі з клубніцамі. Значыць, народ працавіты, але кожны стараецца для сябе. Усё было сказана без крыўды, як і шчырае пажаданне здароўя і росквіту калектыву. 
Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч адзначыў, што Жанна Ліхтар – вельмі чулы чалавек і моцны эканаміст, ды толькі не здолела арганізаваць калектыў на плённую работу. Гаспадарка не выкарыстоўвае свой наяўны патэнцыял, які пастаянна мацуецца дзяржаўнай падтрымкай. «Дзятлавіцкаму” за апошнія гады больш як 20 мільярдаў рублёў выдаткавана на будаўніцтва сучасных фермаў: ужо дзеючай у Бастыні і запланаванай да здачы ў эксплуатацыю ў студзені 2013-га – у Бараўцах. На іх устаноўлена дорагакаштуючае абсталяванне, разлічанае на выдойванне кароў, якія могуць даваць па 20 літраў малака ў суткі, і ў той жа час забяспечыць яго высокую якасць. Ды толькі аддачы не бачна: у гаспадарцы самыя нізкія надоі і няма належнай якасці сыравіны. Пры гэтым рынак дыктуе свае ўмовы.  Не сёння-заўтра другасортнае малако ні адно з перапрацоўчых прадпрыемстваў браць не стане.
Дзяржаўныя сродкі ўкладваюцца і ў развіццё раслінаводства. Аднак і тут жадаемых вынікаў няма, як і няма належнай працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. «Усе вы марыце пра высокія заробкі, ды толькі забываеце, што грошы проста так не даюцца. Іх трэба зарабляць, працуючы сумленна і з усёй адказнасцю за даручаны ўчастак. Нядбайныя адносіны аднаго звяна адразу ж адбіваюцца на агульным выніку”, – адзначыў Васіль Міхайлавіч і выказаў упэўненасць, што з прыходам новага старшыні калектыў здолее пераадолець склаўшуюся сітуацыю. 
На гэтую пасаду кіраўнік раёна прапанаваў кандыдатуру намесніка начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алега Багука, адзначыўшы перспектыўнасць і кампетэнтнасць спецыяліста. Ён не толькі выдатна разбіраецца ў заатэхніі, але і  ведае, што і як трэба зрабіць, каб у найкарацейшыя тэрміны вывесці гаспадарку з ліку адстаючых. З боку райвыканкама яму ў гэтым будзе аказвацца неабходная дапамога. 
Менавіта на гэтую пад-трымку звярнуў увагу адзін з работнікаў у прыватнай размове: маўляў, «дапамаглі б нашай Жанне, магчыма, і яна б з намі справілася”… 
Алег Аляксандравіч у «Дзятлавіцкім” больш за тыдзень выконваў абавязкі старшыні, рэгулярна наведваў фермы і раней. Прысутныя аднагалосна адобрылі яго кандыдатуру.
Падзякаваўшы за давер, Алег Багук папярэдзіў прысутных, што ад кожнага будзе строга патрабаваць сумленнага выканання абавязкаў. І паабяцаў садзейнічаць усім, хто падтрымае яго ў нялёгкі перыяд вываду гаспадаркі з заняпаду. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть