Агропром

ВЫХАД ЁСЦЬ З КОЖНАГА ЛАБІРЫНТА

У «Дварэцкім” знаюць якім шляхам ісці
Невысокія надоі малака і такія ж прывагі буйной рагатай жывёлы яшчэ зусім нядаўна былі характэрны для малочнатаварнай фермы № 4 Ракітна СВК «Дварэцкі”. Сціплыя паказчыкі цягнулі ўніз дасягненні іншых жывёлагадоўчых калектываў гаспадаркі. 
Мірыцца з такім становішчам спраў не сталі. Летась, выгнаўшы жывёлу на пашу, пачалі рэканструкцыю памяшканняў. За кароткі час будаўнічая брыгада значна пераўтварыла ўнутраны выгляд памяшканняў. Цяпер у цялятніках замест цесных клетак, нязручных кармушак і ручнога выдалення гною – прасторныя пляцоўкі і кармавыя сталы, механізаваныя раздача кормоў і ўборка памяшканняў. Гэта дазволіла павялічыць нагрузку на жывёлаводаў. Амаль 500 галоў рознаўзроставых цялушак, прызначаных для аднаўлення статка, даглядаюць 6 чалавек. Напрыклад, у групе Таццяны Кіндрук утрымліваецца 100 галоў і кожная з іх набірае ў суткі каля 700 грамаў вагі. 
Да лепшага змяніліся ўмовы работы і ў кароўніку. Утрымліваемыя 339 галоў малочнага статка пры дапамозе малакаправодаў дояць 8 аператараў машыннага даення. Дарэчы, мадэрнізацыя аперацыі, ды нядрэнныя заробкі, сталі штуршком да прыцягнення ў чыста жаночую прафесію мужчын. У «Дварэцкім” ёю даўно авалодаў жывёлавод Рыгор Туркевіч. 
Каб палепшыць становішча спраў, кіраўніцтва гаспадаркі зацвердзіла на МТФ новую загадчыцу. Ёю стала Валянціна Грабовіч. Узмацненне вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, амаладжэнне на 30 працэнтаў дойнага статка і добрая кармавая база далі хуткі плён. Рост вытворчасці малака працягваецца і зараз. За студзень ён склаў 140 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню. Сённяшнім надоям ракітнянскай фермы – 11,96 літра малака ў суткі ад каровы ўжо могуць пазайздросціць іншыя калектывы.
Наогул, летась жывёлагадоўчая галіна СВК «Дварэцкі” дала значную прыбаўку прадукцыі. За год ад каровы надаілі амаль 4 тысячы кілаграмаў малака, 75 працэнтаў яго прадалі дзяржаве вышэйшым гатункам (у 2008-ым 26 працэнтаў). Цяпер сілы накіравалі на атрыманне малака экстра-класа. Праўда, гэта пакуль магчыма ажыццявіць толькі на МТФ №5, дзе ёсць сучасная даільная зала. Доба працавала і звяно па аднаўленню статка, аб гэтым сведчыць высокі выхад цялят – 96 у разліку на 100 кароў і цялушак. Неблагіх вынікаў удалося дасягнуць у мясным напрамку. Атрыманыя 634-грамовыя сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – лепшы паказчык у раёне. На канец студзеня на МТФ налічвалася 2980 галоў буйной рагатай жывёлы.Старшыня гаспадаркі Васіль Яцукевіч не хавае, што ва ўсім гэтым заслуга галоўнага заатэхніка Віталя Ермалёнка, маладога, але высокаадукаванага і адказнага спецыяліста. 
Сёлета ў «Дварэцкім” мяркуецца прадоўжыць рэканструкцыю МТФ у Ракітна, дзе будуць створаны належныя ўмовы для ўтрымання сухастойных кароў і захавання нованароджаных цялят, аптымізаваны і добраўпарадкаваны выгульныя дворыкі, наладжана цэнтралізаванае водазабеспячэнне, адноўлены куток жывёлавода, праведзены рамонт бытавых памяшканняў. Акрамя таго, у гаспадарцы плануецца ўзвесці дзве новыя сяняжныя ямы. Частка гэтых работ будзе выканана за сродкі гаспадаркі.
Галіна КУЧЭЙКА. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть