ХЛЕБАРОБ У ПОЛІ СЕЕ СЕМЯ
– Зерневая група з улікам яравых культур зойме сёлета ў нашай гаспадарцы плошчу ў 1270 гектараў, – гаворыць старшыня СВК “Лунінскі” Васіль Мелюх. – Работы вядуцца ў комплексе. Адначасова з падрыхтоўкай глебы ідзе сяўба аўсу і ячменю, уносяцца арганічныя угнаенні, падкормліваем азімыя. 80 працэнтаў яравога кліну размесцім на тарфяна-балотных глебах. Пачалі займацца і працягнем далей работы па вырошчванню азімага ячменю і пшаніцы, лубіну, соі, люцэрны. Апошняя культура, як і папярэдняя, багатая бялком і пры правільным доглядзе і спрыяльных ўмовах надвор’я здольна даваць 5-6 укосаў.
У “Лунінскім” ніколі не ўзнікае праблем з механізатарскімі кадрамі, таму і справы на хлебных нівах ладзяцца. Нездарма летась па выніках уборачнай кампаніі гаспадарка выйшла пераможцам раённага спаборніцтва ў першай групе, атрымаўшы з бала-гектара больш як па 136 кілаграмаў зерня пры сярэдняй ураджайнасці з гектара звыш 38 цэнтнераў.
Стварыўшы належныя ўмовы для плённай работы сейбітаў, паклапаціліся і аб гарачым двухразовым харчаванні – 70 працэнтаў абедаў аплочвае сельгаскааператыў.