Агропром

ЁСЦЬ УСЕ ПАДСТАВЫ ДЛЯ АРГАНІЗАВАНАГА ПРАВЯДЗЕННЯ СЯЎБЫ

Не так даўно гатоўнасць раёна да веснавых палявых работ правяралі спецыялісты з Мінсельгасхарчу. На Лунінеччыне, яны наведалі 12 сельгасарганізацый.

НАСЕННЕМ ЗАБЯСПЕЧАНЫ…

Для правядзення яравой сяўбы на складах засыпана 3056 тон насення збожжавых і зенебабовых культур. Усё яно адпавядае пасяўным кандыцыям. Дастаткова для пасадкі і насеннай бульбы, якая захоўваецца нядрэнна. 

Для паляпшэння рэпрадукцыйнага і сартавога саставу будзе набыта дадаткова 220 тон элітнага насення збожжавых і зернебабовых культур. Акрамя таго, элітгас “Гарадоцкі” і насенгасы “Дварэцкі” і “Новае Палессе” рэалізуюць гаспадаркам раёна 315 тон яравых зерневых культур высокіх рэпрадукцый. Насенне кукурузы будзе пастаўляцца цэнтралізавана праз ААТ “Лунінецкі малочны завод” і Пінскі камбінат хлебапрадуктаў. Ёсць неабходныя 67 тон насення траў, некандыцыйныя па чысціні 5 тон якога будуць заменены ў ААТ “Брэст-травы”. Акрамя таго, аблвыканкамам выдзелена раёну 3 тоны насення люцэрны.

На веснавую сяўбу назапашана 11249 тон дзеючага рэчыва тукаў, што складае 84 працэнты да неабходнага. У гаспадарках яны захоўваюцца ў складскіх памяшканнях з цвёрдым пакрыццём падлогі, дахі не працякаюць, дзверы зачыняюцца на замок. 
Сродкамі аховы раслін гаспадаркі забяспечаны часткова: пратручвальнікамі – на 15 працэнтаў, гербіцыдымі – на 20. Тым не менш, згодна з заключанымі дагаворамі, да пачатку масавага прымянення яны паступяць у поўным аб’ёме. 
Для пратручвання насення ў наяўнасці 20 машын і адзін пункт – у СВК “Гарадоцкі”.

На веснавую сяўбу, згодна з раённай праграмай “Арганіка”, назапашана 382 тысячы тон арганічнага ўгнаення, што складае 94 працэнты да задання ці 114,7 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. На момант праверкі на палеткі было дастаўлена 330 тысяч тон арганікі. Не спраўляліся з графікам вывазу 7 сельгаспрадпрыемстваў.

Азімыя зерневыя і рапс перазімавалі нядрэнна і знаходзяцца ў добрым стане.
Што датычыць фінансавання пасяўной кампаніі, то на 20 сакавіка дэфіцыт сродкаў складаў 5, 6 мільярда рублёў. Для пакрыцця яго пазней будзе выдзелена 3,6 мільярда рублёў з абласнога бюджэту , 1 мільярд – з мясцовага. Застанецца “знайсці” яшчэ 1 мільярд рублёў. 

…ЗА ТЭХНІКАЙ СПРАВА НЕ СТАНЕ 

Корма- і збожжаўборачная тэхніка ў раёне захоўваецца па правілах. Яна ўстаноўлена на падстаўкі, праведзена герметызацыя і кансервацыя машын і састаўных частак, адноўлена пашкоджаная афарбоўка металічных дэталяў. 

Ва ўсіх гаспадарках створаны належныя ўмовы для рамонту. Аплата працы вядзецца ў залежнасці ад аб’ёму выкананых работ. Рамонтам у большасці гаспадарак займаюцца спецыяльна створаныя звенні, у асобных – механізатары.
На падрыхтоўку тэхнікі да веснавых палявых работ гаспадаркам раёна з рэспубліканскага бюджэту было выдзелена крэдытных рэсурсаў на суму 319,12 мільёна рублёў, з іх засвоена – 317,38 мільёна рублёў.

Вузлы і агрэгаты складанай сельскагаспадарчай тэхнікі рамантаваліся на спецыялізаваных прадпрыемствах. На 20 сакавіка з 60 рухавікоў з рамонту былі забраны 44. З-за адсутнасці фінансавых сродкаў не выкупілі іх КУП “Міжлескае” – 6, СВК “Хваецкае” – 2, “Велута” – 1, “Чучавічы”, – 1, “Райаграсервіс” – 2, “Новае Палессе” – 1, “Рэдзігераўскі” – 2, “Дварэцкі” – 1.

Згодна з раённай праграмай, ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” павінен адрамантаваць 10 збожаўборачных і 2 кормаўборачныя камбайны, а таксама 6 плугоў. Аднак у сакавіку з планам рамонту прадпрыемства не справілася.

Нягледзячы на тое, што ў гаспадарках раёна створаны камісіі па прыёмцы тэхнікі з рамонту, фармальна да гэтай адказнай справы падышлі ў СВК “Багданаўка”, “Хваецкае”, СП “Аграграніт”.

Для правядзення ўсяго комплексу веснавых палявых работ сельгасарганізацыям раёна неабходна мець 2180 тон дызельнага паліва і 270 тон аўтамабільнага бензіну на суму 4,21 мільярда рублёў. Згодна з рашэннямі аблвыканкама ад 19 і 27 лютага, на набыццё ГЗМ выдзелена адпаведна 392 і 654 мільёны рублёў.

На момант праверкі ў гаспадарках мелася 58,2 тоны дызельнага паліва і 21,2 тоны бензіну, або 125 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Дэфіцыт механізатарскіх кадраў складаў 86 чалавек. Для арганізацыі дзвюхзменнай работы на энерганасычаных трактарах не хапае 44 механізатары. Яны будуць набраны з ліку выпускнікоў ПТВ, навучальных цэнтраў, а таксама працаўнікоў, адкліканых з іншых работ.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть