ЗАДАЧЫ СТАВІЦЬ ЧАС
З кастрычніка мінулага года працоўным калектывам СВК «Рэдзігераўскі” кіруе Віталь Віктаравіч КАРЧЭЎСКІ. Малады і энергічны ён не пабаяўся ўзваліць на сябе цяжар запусцення, пакінуты ў «спадчыну” пасля няўдалага кіраўніцтва гаспадаркай двух апошніх яго папярэднікаў. Шчыры і даверлівы Віталь Віктаравіч з першых хвілін размовы падкупляе сваёй прыроджанай інтэлегентнасцю. Не ўтрымаўшыся, адразу ж спытала наконт прыналежнасці да гэтага саслоўя:
– Нарадзіўся ў Вічыне. У 12-гадовым узросце з мамай, якая працавала ў гаспадарцы тэхнікам-асеменатарам, перабраліся жыць у Дварэц. Закончыўшы школу некаторы час працаваў на трактары, быў памочнікам камбайнера ў былым калгасе «Расія”. Адслужыў у арміі, вярнуўся ў гаспадарку вадзіцелем. Дагэтуль удзячны тагачаснаму старшыні Мікалаю Канюшыку, які заўважыў мае здольнасці і накіраваў вучыцца ў Горацкую сельгасакадэмію. Пасля яе заканчэння атрымаў першую кіраўнічую пасаду – загадчыка майстэрань. Быў у свой час брыгадзірам трактарнай брыгады, начальнікам вытворчага ўчастка і намеснікам па вытворчасці, праўда, ужо ў СВК «Гарадоцкі”… Апошнія тры гады займаўся бізнесам, меў сваё прыватнае прадпрыемства ў Брэсце…
– Не атрымалася?
– Гэта як у той пагаворцы, «не ў свае сані, не садзіся”. Каб весці ўдала бізнес неабходна мець асаблівы склад характару і свабодныя грошы, якія б можна было накіраваць на пашырэнне справы. На жаль, у мяне іх не было. Да таго ж, жонка і дзеці не хацелі пераязджаць на пастаяннае месца жыхарства ў Брэст. Яны, як і я, вельмі любяць вёску і яе ўклад жыцця.
– Жонка таксама працуе ў сельгаскааператыве?
– Не. Яна медыцынскі работнік.
– Гаспадарка вам дасталася не з моцных, ці не шкадуеце аб прынятым рашэнні?
– У мяне было дастаткова часу падумаць, перш чым згаджацца на гэты крок. Цяпер я павінен трымаць сваё слова і пастарацца зрабіць усё, каб удыхнуць новае жыццё ў «Рэдзігераўскі.
– Але ж, адзін у полі не воін?
– Я, не адзін. Заканчваецца рэарганізацыя гаспадаркі, хутка яна набудзе новы статус прыватнага вытворчага унітарнага прадпрыемства «Рэдзігераўскае” пры ААТ «Райаграсервіс”. З падтрымкай галаўной арганізацыі і пры згуртаванасці калектыву, упэўнены, мы абавязкова выйдзем з застою. На жаль, пакуль няма ў нас сапраднай каманды аднадумцаў. Работнікаў дастаткова, але добрых – дэфіцыт. Я не хаваю ад людзей сваіх адмоўных адносін да лайдакоў і п’яніц. Адразу папярэджваю, што мірыцца з заганнымі праявамі не стану. З тымі, хто не разумее гэтага, без шкадавання буду развітвацца. Як бы ні было цяжка, але пайду нават на тое, што працаўнікоў станем падвозіць з навакольных вёсак.
– Раней у гаспадарку адзін за адным накіроўваліся маладыя спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Працуюць яны зараз?
– Нікога не засталося. Сёлета збіраюся сам паехаць у ВНУ і там шукаць аднадумцаў. Сярод маладых спецыялістаў можна адзначыць брыгадзіра паляводчай брыгады Юрыя Даніловіча. Мясцовы юнак, ён не толькі добра працуе, але і згуртаваў вакол сябе моцную баскетбольную каманду.Сёлета яна нядрэнна выступае ў раённых спаборніцтвах. Шкада, што пакуль не можам сваіх спартсменаў падтрымліваць матэрыяльна, але транспарт для выдзяляем абавязкова.
– Мяркуючы па невысокіх прывагах і надоях, грошай у гаспадарцы няшмат. Адсюль і невысокія заробкі. А без стымула заставіць чалавека як след працаваць наўрад ці ўдасца.
– Для добрага работніка абавязкова знойдзецца і годны заробак. Прыклад таму МТФ «Манасеева”, якую ўзначальвае Вера Аляксееўна Свібовіч. Пад яе кіраўніцтвам жывёлаводы, а атрамліваюць яны па 700-800 грамаў сярэднясутачных прываг на дарошчванні (замест нядаўніх 200), і аператары машыннага даення маюць каля мільёна рублёў у месяц.
Да таго ж, на апошнім справаздачным сходзе перагледзелі калектыўны дагавор. Раней, працуеш ты ў гаспадарцы ці не, маеш права на 30 сотак, ды яшчэ табе арганіку вывезуць і бульбу пасадзяць. Цяпер жа такія надзелы будуць мець толькі працаўнікі гаспадарак. Работнікам, якія забяспечваюць функцыянаванне сацыяльнай сферы нашых вёсак, будзе выдзелена па 12 сотак, а тым, хто не працуе ў гаспадарцы, – 8. Калі ж хтосьці захоча болей, калі ласка. Будзем сеяць буракі. Колькі хто сотак возьме абрабляць, на столькі ж і павялічым участкі. Не пакрыўдзім пенсіянераў: на аднаго выдзяляем па 20 сотак зямлі, на дваіх – 30. Ім і сваім працаўнікам, як і раней, абавязкова вывезем арганіку і пасадзім бульбу. Ураўнілаўка ў правах не дабаўляе прэстыжу лядзям, якія працуюць на зямлі. Узяць хаця б наша Чэрабасава. Двароў у вёсцы налічваецца больш за сотню, а ў гаспадарцы працуе толькі 17 чалавек. Адсюль і дэфіцыт рабочай сілы на ферме.
– На апошнім раённым семінары па жывёлагадоўлі вашу гаспадарку адзначылі са станоўчага боку па надоях малака – 126 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню. Аказваецца, ёсць рэзервы?
– Асноўны з іх – працоўная дысцыпліна. На жаль, праблем, больш чым рэзерваў. З-за адсутнасці сродкаў не можам як след весці рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Грошай пакуль хапае толькі на тое, каб перакрыць дзіравы дах на МТФ у Флярова. Балюча адчуваецца недахоп спецыялістаў у жывёлагадоўлі. Таму нават за дробязямі даводзіцца звяртацца за парадай да раённых заатэхнікаў і ветурачоў. Дзякуй ім, дапамагаюць. Не адмаўляюць у парадах і дапамозе кіраўнікі райвыканкама і райсельгасхарчу. Шмат карысных парад дае Віктар Кандратавіч Краўчанка. Адчуваецца, баліць яго сэрца за гаспадарку, станаўленню якой былі аддазены лепшыя гады жыцця. Пры такім разуменні і падтрымцы проста нельга не ставіць перад сабой амбіцыёзных задач, на выкананне якіх нацэльваць калектыў.
– Што гэта за задачы?
– Пакуль толькі дасягнуць узроўню 1990 года. А там сам час новыя паставіць.
Гутарыла Галіна КУЧЭЙКА.