ЖЫЦЦЁ БЕЗ ІЛЮЗІЙ
Штогод на работу ў сельгаспрадпрыемствы раёна накіроўваюцца маладыя спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Ды толькі нямногія надоўга затрымліваюцца ў гаспадарках. Нават два абавязковыя гады пасля заканчэння навучальных устаноў не ўсе адпрацоўваюць. Асабліва юнакі, якія літаральна праз пару месяцаў пасля ўладкавання, ідуць служыць у армію. Дэмабілізаваўшыся, часцей вяртаюцца толькі дзеля таго, каб “дапрацаваць” вызначаны заканадаўствам тэрмін. Аднак ёсць і тыя, хто па-сапраўднаму стараецца прымяніць на практыцы набытыя веды, выпрабаваць характар і праявіць арганізатарскія здольнасці.
Сярод такіх – Руслан Пашкавец, галоўны інжынер СВК “Вулькаўскі світанак”. Набываючы спецыяльнасць інжынера ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, ён ніколі не меў асаблівых ілюзій наконт будучай работы. Пры размеркаванні марыў толькі аб адным: аказацца як мага бліжэй да сваёй роднай вёскі Грыўкавічы, што на Піншчыне, дзе настаўніцай у школе працуе маці, а загадчыкам на ферме – бацька.
Надзвычай багатым на добрыя навіны стаў для Руслана 2006 год. Змены датычылі ўсіх сфер жыцця: на рабоце – узначаліў інжынерную службу, у адукацыйным плане – стаў студэнтам-завочнікам Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта, дзе пачаў набываць другую вышэйшую – эканамічную – адукацыю; у асабістым жыцці – згуляў вяселле з Наталляй (таксама маладым спецыялістам, якая прыехала са Століншчыны). Маладой сям’і адразу выдзелілі дом, а восенню ў ім нарадзілася дачушка Віка. Усё гэта дало падставы для прыняцця цвёрдага рашэння, што месца яго – у Вульцы 2.
Старанні маладога спецыяліста не засталіся па-за ўвагай кіраўніцтва. Яго арганізатарскія здольнасці ацанілі па годнасці – Руслана замацавалі ў рэзерве кіруючых кадраў. За няпоўныя 4 гады работы гэта – выдатны старт.