Агропром

А як у суседзяў?

фермаУ народзе ёсць прымаўка: “Рыхтуй сані летам, а воз — зімой”. Сёння такімі санямі для жывёлаводаў з’яўляюцца малочнатаварныя фермы. Ад таго, наколькі якасна яны будуць рыхтаваны да зімова-стойлавага перыяду, у многім залежыць вытворчасць прадукцыі.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Алег Багук, на “зімовыя кватэры” да 1 верасня неабходна будзе паставіць пагалоўе, якое ў далейшым плануецца выкарыстаць для аднаўлення статкаў. Затым паступова перабяруцца сюды і іншыя групы жывёлы. Таму часу ў сельгасарганізацый на рамонт і прывядзенне ў належны стан жывёлагадоўчых памяшканняў з кожным днём застаецца ўсё менш.

Выявіць, у якой стадыі знаходзяцца работы на фермах, павінны ўзаемаправеркі, якія да 1 жніўня плануецца правесці ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна.

З гэтай мэтай 6 ліпеня галоўныя спецыялісты жывёлагадоўчай службы райсельгасхарчу пабывалі ў СВК “Дзятлавіцкі”, “Велута’ і “Чучавічы”. Сумесна з кіраўнікамі і спецыялістамі названых гаспадарак ацанілі сітуацыю на кожнай з МТФ. Акрамя непасрэднай падрыхтоўкі памяшканняў звярталі ўвагу на цэласнасць агароджы, санітарны стан тэрыторый, бытавыя ўмовы для работы персаналу.

Адзначылі, што ў СВК “Чучавічы” заменены шторы ў памяшканнях, што дазволіць нармалізаваць паветраабмен і паспрыяе захаванню здароўя жывёлы. Вызначыліся таксама з месцам будаўніцтва прафілакторыя для ўтрымання цялятак з нараджэння да 2-месячнага ўзросту, узвядзенне якога плануецца завяршыць да 1 верасня. У “Велуце” такі прафілакторый на 60 галоў маладняку ўжо будуецца. У “Дзятлавіцкім” поўным ходам ідзе рамонт даху на малочным блоку на МТФ у Бастыні. Паўсюдна ў пустых памяшканнях вядуцца работы па ачыстцы ад гною і падрыхтоўцы да правядзення дэзінфекцыі. Між тым, усё гэта можна назваць толькі пачаткам вялікай работы, якую яшчэ належыць правесці на фермах і іх тэрыторыях.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть