Агропром

Ад раллі – да залацістай нівы

Аднымі з першых у раёне да веснавой сяўбы ранніх каласавых прыступілі працаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Сінкевіцкі”.

У “Сінкевіцкі” накіраваліся разам са старшынямі: аб’яднання прафсаюзаў – Ігарам Гапонам, райкама прафсаюза работнікаў АПК – Вольгай Ермалёнак, галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  Марынай Харкевіч.

Мяркуючы па добрым настроі дырэктара сельгаспрадпрыемства Віктара Дзеніскаўца, работы ў гаспадарцы ладзіліся:

– У параўнанні з мінулагодняй сяўбой, сёлета значна лягчэй. Да пачатку тэхагляду як след адрамантавалі тэхніку, пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты. У гэтым вялікая заслуга галоўнага інжынера Сяргея Рабушчыца, за плячамі якога больш як чвэрць стагоддзя  работы начальнікам калоны БелАЗаў на “Граніце”.

Упершыню за апошнія гады здолелі адмовіцца ад дапамогі пабочных арганізацый на дастаўцы і ўнясенні арганікі. Сваімі сіламі што-дзень вывозім яе на палеткі ад 500 да 1000 тон. Паклапаціліся і пра забяспечанасць тукамі. Наяўнага азоту, фосфару і калію дастаткова для плошчаў, на якіх размесцім зерневыя і зернебабовыя культуры. Для барацьбы з пустазеллем стварылі запас гербіцыдаў. Узважана падышлі да падбору і падрыхтоўкі насення, якое ў нас толькі  высокіх рэпрадукцый, закупілі і недастаючую колькасць зернебабовых культур.

На сучасным этапе самай рэнтабельнай і запатрабаванай прадукцыяй з’яўляецца малако. Чым больш яго будзем мець, тым лепш станем жыць. А для гэтага неабходна ўдасканальваць кармавую базу. Каб вырашыць праблемы з недахопам бялку ў рацыёнах жывёлы, летась пасеялі 160 гектараў канюшыны і 50 – люцэрны. Работу ў гэтым напрамку працягнем і сёлета. Праўда, толькі такім чынам кармавую праблему да канца не вырашыць. Важна мець добрыя травастоі на сенажацях і пашы, пастаянна весці падсеў траў і перазалужэнне. Летась набылі эліту, якую засеялі на 110-гектарнай плошчы і сёлета ўжо будзем мець сваё насенне.

Яравую сяўбу пачалі 31 сакавіка,  як толькі сышоў снег і крыху падсохла глеба. Спачатку давялося шмат манеўраваць, выбіраючы найбольш высокія ўчасткі. А праз пару дзён змаглі ўсю тэхніку сканцэнтраваць на Ельскім балоце, дзе летась добра пашчыравалі меліяратары. Дзякуючы праве-дзенай імі рэканструкцыі, атрымалі амаль 300 гектараў палепшаных зямель, яшчэ 400 гектараў меліяратары адрадзілі для нас ва ўрочышчы “Сцяблецкае”. Паскорыць веснавыя работы дапаможа створаны з восені задзел, калі  зааралі ўсе адведзеныя пад яравыя культуры плошчы. А гэта – 940 гектараў пад збожжавыя і зернебабовыя, 700 – пад кукурузу на сілас і 300 гектараў непадалёк ад фермаў – пад аднагадовыя культуры.

Развітаўшыся з кіраўніком, накіра валіся  на машынны двор гаспадаркі, які прызнаны летась па выніках агляду-конкурсу лепшым у раёне. Сустрэў ён чысцінёй і парадкам як на тэрыторыі, так і ў майстэрнях, дапаможных і бытавых памяшканнях. Слесары і механізатары займаліся сваёй справай: ухілялі невялікія няспраўнасці, рэгулявалі агрэгаты. Тут жа працавала прыбіральшчыца.  Галоўны інжынер Сяргей Рабушчыц расказаў аб бліжэйшых планах і марах, самая жаданая з якіх – закончыць добраўпарадкаванне двара і перамагчы на абласным узроўні…

Праз некаторы час сваю “гаспадарку” паказваў в.а. галоўнага агранома Уладзімір Шкут. Трактарыста “Джон-Дзіра” Мікалая Рудзько засталі падчас манеўру на новы ўчастак. Неўзабаве ён пад’ехаў на ўскраек поля, апусціў на ўзараную глебу пасяўны агрэгат і стаў уважліва яго аглядаць. Нешта падкруціў,  падціснуў і задаволены накіраваўся да аўтамабіля з насеннем. Яго малады вадзіцель Аляксандр Гоза адразу стаў запраўляць бункер трактара насеннем. Па ўсяму было відаць, што справы ў напарнікаў ладзіліся.

– Участак тут невялікі, – кажа Мікалай Міхайлавіч. – Усяго 10 гектараў. Часу зойме 1,5-2 гадзіны. У гаспадарцы працую 6 год, а вось сеяць збожжавыя мне даверылі толькі трэці сезон. Люблю сваю работу – сеяць і ўбіраць хлеб. Здаецца, лепшага занятку на зямлі няма. Такой думкі прытрымліваецца і мой старэйшы брат Міхаіл, які зараз заняты на падрыхтоўцы глебы.

– Браты Рудзько – заўсёды сярод лепшых механізатараў, – уступіў у размову Уладзімір Шкут. – Мікалай летась заняў другое месца ў вобласці на ўборцы збожавых, а Міхаіл – першае ў раёне. Ад іх, а таксама ад старання многіх іншых  механізатараў залежаць хуткасць і якасць пасяўной. Работы ў полі пачынаем з 7 гадзін раніцы і працуем увесь светлавы дзень. Нагрузка на механізатараў вялікая, але ніхто не скардзіцца. Ведаем пра ўмовы спаборніцтва і расцэнкі. З задавальненнем прымаем гарачае харчаванне. За дзень у сярэднім засяваем збожжавымі прыкладна 30 гектараў, а плошчаў пад сяўбу рыхтуем да 70 гектараў.

На дзень выхаду “ЛН” у “Сін-кевіцкім” пасеялі 560 гектараў ранніх каласавых, завяршылі падкормку азімых рапсу і зерневых на плошчы адпаведна 200 і 1000 гектараў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть