Агропром

Адзін штурвал на дваіх

 дажНа абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2013” у Ляхавічах у ліку лепшых хлебаробаў Брэстчыны ўшаноўвалі экіпаж камбайнераў з СВК “Дварэцкі” ў складзе Сяргея Калюціча (злева) і Мацвея Мацкевіча. Намалочаныя 1249 тон зерня вывелі  іх у лідары спаборніцтва.

Адначасова сустрэцца з хлебаробамі напрыканцы верасня не атрымалася. З заканчэннем жніва дружны экіпаж распаўся, каб зноў аб’яднацца на наступны год…

Сяргея Калюціча засталі непадалёк ад малочнатаварнай фермы, дзе закладваўся чарговы курган кукурузнага сіласу. Яго зялёны “Джон-Дзір” з поўным прычэпам здробненай кукурузы ўпэўнена ўзбіраўся на пакуль яшчэ невялікі пагорак утрамбаванага корму. Як толькі зялёная маса была раўнамерна высыпана, дакладныя, вывераныя рухі механізатара гэтак жа акуратна вывелі тэхніку на роўную паверхню. Пакінуўшы кабіну, Сяргей накіраваўся да нас.

З першай хвіліны падкупілі яго шчырая ўсмешка і гатоўнасць да размовы.

– Лідарства ў вобласці па выніках жніва вельмі радуе. Летась нам з Мацвеем Іванавічам толькі трэцяе месца ўсміхнулася, пачаў дзяліцца поспехамі экіпажа Сяргей Уладзіміравіч. Цяпер ужо можна паспрачацца і за ўзнагароду на рэспубліканскіх “Дажынках”. Зразумела, у наступным годзе. Трэба ж калісьці сваіх калег Аляксандра Кіндрука і Сяргея Ільючыка з гэтага п’едэстала пацясніць.

Камбайны і ўмовы для спаборніцтва ў нас аднолькавыя. Вопыту не займаць: з Мацвеем Іванавічам разам на жніве больш як 10 год. Першыя чатыры – тонкасці і хітрасці хлебаробскай справы я ў яго пераймаў, працуючы на “Доне-1500”. Пазней мне даверылі збожжаўборачны “Джон-Дзір”, і Мацкевіч у мяне памочнікам стаў.

З Мацвеем Іванавічам, які па прычыне траўмы пятнаццаць год таму змяніў месца работы, пагутарылі па тэлефоне.

– Зараз працую вартаўніком. Але кожны год на час жніва вяртаюся за штурвал. Механізатараў у нашай гаспадарцы не хапае, а хлеб убіраць трэба. Ды і такая натура ў нас, хлебаробаў, не можам сядзець спакойна, калі трэба жыта жаць. Кліча прасторная ніва. Сяргей – выдатны напарнік, працаваць з ім лёгка і прыемна. Адзін другога з паўслова разумеем. Лепшым за яго магу назваць хіба толькі свайго настаўніка – Генадзя Мірановіча, які ў свой час вучыў мяне, як беражліва і без страт зерне абмалочваць.

Нягледзячы на 18-гадовую розніцу ва ўзросце, Сяргей Уладзіміравіч і Мацвей Іванавіч у паўсядзённым жыцці звязаны трывалай мужчынскай дружбай. Аб’ядноўваюць іх  і любімыя заняткі ў вольны час: абодва захапляюцца рыбалкай і ціхім паляваннем. У кожнага ў сям’і – па двое дзяцей.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть