“Багданаўскі” лідар
Аснову любога калектыву складаюць актыўныя работнікі, якія выдзяляюцца сваёй працавітасцю і адказнасцю за даручаны ўчастак. У СВК “Багданаўка” адзін з такіх – Аляксей Ільючык.
На рахунку трактарыста з 34-гадовым стажам – 27 уборачных кампаній, дзясяткі тысяч зябліва, сотні тысяч тон перавезеных грузаў. Толькі сёлета да сянажных траншэй на трактары МТЗ-1221 Аляксей Іванавіч даставіў 778 тон зялёнай масы, нарыхтаванай з траў першага ўкосу, і стаў лідарам па выніках першага этапу ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва. З перамогай яго павіншавалі кіраўнік сельгаскааператыва Сяргей Мелюх, спецыялісты і калегі.
Летась машынна-трактарны парк гаспадаркі папоўніўся новым прэс-падборшчыкам. Адзіны такога тыпу ў гаспадарцы дорагакаштуючы агрэгат давяраюць найбольш вопытным механізатарам, у тым ліку і Аляксею Іванавічу. З пачаткам нарыхтоўкі кармоў яго асноўнай работай стала падборка і прэсаванне сена. Калі ж няма сухой травы, ён займаецца перавозкай рулонаў.
Напярэдадні выхаду “ЛН” у гаспадарцы было нарыхтавана 2647 тон сенажу, 394 тоны сена, 80 тон з якіх – на корм жывёле, якая ўтрымліваецца на прыватных падворках.
Алена ІЛЬЮЧЫК, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце СВК “Багданаўка”.