Будзе чорным, будзе белым – хлеб на полі загарэлы
Агропром

Будзе чорным, будзе белым – хлеб на полі загарэлы

лунинКалі ўважліва сачыць за ходам сельскагаспадарчых работ на Лунінеччыне, можна заўважыць, што практычна ўсе кампаніі аднымі з першых распачыналі працаўнікі СВК “Лунінскі”.

Абмалаціўшы рапс на плошчы 235 гектараў, атрымалі  574 тоны масляністых зернят. Своечасова выканалі заказ па іх продажу дзяржаве. Як расказаў старшыня гаспадаркі Васіль Мелюх, у параўнанні з леташнім не дабралі 18 працэнтаў валавай вагі, хаця вырошчвалі культуру строга па тэхналогіі. Не апраўдалі надзеі азімыя – жыта і пшаніца, уборку якіх ужо завяршылі.

У параўнанні з леташнім жыта атрымалі на 8,5 працэнта менш, а пшаніцы – на 37 працэнтаў. Прычына – занадта снежная зіма і праліўныя ліўні вясной. Асноўныя плошчы сельгаугоддзяў размешчаны на нізменных месцах ва ўрочышчы “Хваецкае”. Нягледзячы на старанні па адводу залішняй вільгаці, зберагчы паўсюдна пасевы не змаглі. Выйсці на мінулагоднія рубяжы па валаваму збору збожжа ў гаспадарцы спадзяюцца за кошт яравых зерневых і кукурузы.

Адметным выдалася і само жніво. Бадай што ўпершыню за апошнія 15 год выспявалі культуры паэтапна: спачатку азімыя, а цяпер яравыя. Гэта і вызначыла тактыку ў ходзе работ.

На момант наведвання гаспадаркі ўсе 6 наяўных камбайнаў былі спраўныя і абмалочвалі трыцікале. Чысцінёй пасевы не вельмі радуюць, на паніжаных месцах узнялося пустазелле. З-за гэтага чакаецца вялікі адход пры дапрацоўцы зерня.

Больш за чвэрць стагоддзя ўбірае ўраджай зерневых адзін з вопытнейшых камбайнераў гаспадаркі Сяргей Савіловіч. З іх 7 год працуе разам з сынам Дзмітрыем. Будучы інжынер, студэнт 3-курснік Мінскага БДТУ ён сапраўдны памочнік бацьку, да таго ж выдатна разбіраецца ў тонкасцях хлебаробскай справы.

– Калі казаць шчыра, то і на такі ўраджай сёлета не спадзяваліся, – год выдаўся надзвычай экстрэмальным,кажа Сяргей Міхайлавіч.Мы вельмі стараемся, але, на жаль, многае не залежыць ад чалавечага фактара. Праз пару тыдняў у гаспадарцы пачнецца закладка падмурка пад наступнае жніво. Якім яно будзе, зноў жа, невядома.

– Наша галоўная задача – убраць зерне ў сціслыя тэрміны і без страт, гаворыць  Васіль Мелюх. Для гэтага ёсць і тэхніка, і гаруча-змазачныя матэрыялы, і жаданне людзей. Мы ўжо  справіліся з пастаўкай жыта ў дзяржаўныя засекі. Зараз вядзем дапрацоўку пшаніцы і рыхтуем насенне. Спаўна выкарыстоўваем кожны добры дзень.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть