Агропром

Час земляроба

Зрэзаны раннімі маршчынкамі твар загартаваны першымі веснавымі промнямі, і толькі вочы, што адліваюць непаўторным блакітам, пераканана сведчаць: майму суразмоўцу не так і шмат год. Ён і насамрэч толькі размяняў 53-юю вясну.

За спіной – поле, на ўскрайку якога яркай сіняй плямай адзначаны энерганасычаны МТЗ 1221. Трактару не менш як дзясятак год, але ў старанных руках Івана КАЛЕШКІ ён выглядае дагледжаным. Хіба толькі цяжкая, насычаная вільгаццю веснавая зямля, што важкімі камякамі прыліпла да магутных колаў, сведчыць: тэхніка зараз не прастойвае ні хвіліны.

Скочыўшы з кабіны на зямлю, Іван Васільевіч сціпла хавае ў кішэні вялікія спрацаваныя далоні – рукі сапраўднага гаспадара, на якіх назаўсёды пакінула след работа на зямлі. У тагачасны саўгас “Авангард” Іван Калешка прыйшоў больш як 30 год таму. Мяняліся кіраўнікі, мянялася назва гаспадаркі і тэхніка, на якой даводзілася працаваць, і толькі ён з зайдросным пастаянствам і адданасцю мясцінам, дзе нарадзіўся і вырас, выходзіў у поле. І менавіта таму ў дзяржаўным прадпрыемстве “Хваецкае” яму заўсёды давяраюць самую адказную работу. Ведаюць: пасля Калешкі папраўляць не давядзецца.

У дзень нашай сустрэчы механізатар займаўся падрыхтоўкай глебы пад авёс на амаль 50-гектарнай клетцы ва ўрочышчы Дняпрэц, што непадалёк ад Вулькі 1. Пахмурнае неба неўзабаве сыпанула буйнымі кроплямі. На маё кароткае і сумнае “Дождж”, хлебароб адказаў гэткім жа кароткім, але ўпэўненым: “Самы час рабіць”. У непрацяглай размове ён паспеў расказаць пра тое, што не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі, што ганарыцца сям’ёй і двума дзецьмі і вельмі ўдзячны гаспадарцы за добраўпарадкаваны катэдж.

Слухаючы яго нетаропкі, па-вясковаму нешматслоўны аповяд, так і не паспела сказаць, што днямі грамад-скасць адзначае незвычайнае свята – Міжнародны дзень зямлі. Наўрад ці ведаў пра гэта Іван Калешка, хаця мае да яго самае непасрэднае дачыненне, свядома працягнуўшы святую, спрадвечную бацькоўскую справу – пад мірным небам працаваць на роднай ніве.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть