Да ўраджаю – праз снег, ваду і пыл
Агропром

Да ўраджаю – праз снег, ваду і пыл

новое полесьеНезвычайнасць сёлетняй вясны найбольш яскрава праяўляецца на сельгасугоддзях. У гэтым упэўнілася, пабываўшы на палях СВК “Дварэцкі”.

Дабіраючыся да пасяўных агрэгатаў, праехалі міма пажаўцелай нівы з азімымі. Заўважыўшы маю зацікаўленасць іх знешнім выглядам, старшыня гаспадаркі Анатоль Кіндрук растлумачыў:

– На гэтым 20-гектарным участку з восені пасеялі азімы ячмень. Пера-зімаваў ён дрэнна, аднак спадзяемся, што яшчэ здолеем яго “рэаніміраваць”. Пацярпела зялёная маса, але кропка росту раслін не пашкоджана. Адразу пасля сходу снегу культуру падкармілі і прабаранавалі. Яшчэ 20 гектараў такога ж ячменю расце на іншым полі. Праўда, расліны там перазімавалі  добра і зараз дружна зелянеюць. У цэлым жа вырошчваць азі-мы ячмень выгадна. Ён выспявае ў чэрвені, калі да масавага жніва застаецца шмат часу. А гэта немалаважна для нашай гаспадаркі, дзе штогод яравымі збожжавымі і зернебабовымі засяваем плошчу амаль у 1400 гектараў, плюс 1 тысяча гектараў кукурузы, больш як 420 – аднагадовых, 80 – агародніны і 20 гектараў бульбы… Да пробнай сяўбы прыступілі 16 красавіка і толькі праз 4 дні пачалі масавую. Рабочы дзень механізатараў пачынаецца ў 6 гадзін і доўжыцца ўвесь  светлавы час. Усе працуючыя на палях забяспечваюцца 2-разовым харчаваннем. Улічыўшы асаблівасці вясны, адкарэкціравалі аплату працы…

У нетаропкай гаворцы наблізіліся да месца, дзе рыхтаваў чарговы ўчастак  да сяўбы малады механізатар Віталь Казун:

– Працую ў гаспадарцы другі год. Да гэтага ў  сельгаскаледжы атрымаў спецыяльнасць механіка, адслужыў у арміі. Рабочую стажыроўку праходзіў пад кантролем аднаго з вопытнейшых механізатараў Сяргея Калюціча.  Энерганасычаным МТЗ-3022 кіруем па чарзе з Сергеем Марзой. У яго амаль такі ж стаж як і ў мяне. Нягледзячы на тое, што выбіраем найбольш падсохшыя ўчасткі, ворыва даецца няпроста. Зямля перанасычана  вільгаццю. Даводзіцца шмат манеўраваць. Каб знізіць нагрузку на трактар, вымушаны былі адкінуць 3 карпусы ад 8-корпуснага плуга. Тым не менш, за дзень апрацоўваю да 30 гектараў глебы. Як толькі яна падсыхае, уключаюцца ў работу пасяўныя агрэгаты.

новое полесье2На ўскрайку шырокага поля шчыльным пластом ляжаў пачарнелы снег, а працуючы на ім трактар, ахутвалі клубы пылу:

– Вось у якіх незвычайных умовах даводзіцца  сеяць. У адным месцы снег ляжыць, у другім – вада стаіць, а ў трэцім – пыл узнімаецца, – паскардзіўся неаднаразовы пераможца спаборніцтва на жніве Сяргей Калюціч (на здымку разам са старшынёй гаспадаркі Анатолем Кіндруком і мінулагоднім пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў на перавозцы зерня Аляксандрам Профітам).

З другім сеяльшчыкам Юрыем Калянковічам сустрэліся на тэрыторыі мехдвара. На маё пытанне, што прымусіла ў разгар рабочага дня вярнуцца сюды, заўважыў:

– Усё тая ж павышаная вільготнасць глебы. Прычэплены да “Джон-Дзіра”  пасяўны агрэгат не прызначаны да падобных нагрузак. Буду ўстанаўліваць навясную  сеялку.

Вопытны механізатар працуе ў гаспадарцы 22 гады, з іх 15 – займаецца сяўбой і без падказкі ведае, якую тактыку трэба прымяніць у той ці іншай сітуацыі. Дарэчы, ён быў першым у раёне, хто пачаў асвойваць тады яшчэ невядомы нікому напоўнены электронікай імпартны “Джон-Дзір”.

На дзень выхаду “ЛН” у СВК “Дварэцкі” пасеялі 366 гектараў яравых збожжавых.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть