Даспявае рапс на палях
Менавіта з уборкі гэтай культуры ў хуткім часе ў раёне пачнецца жніво.
Зараз у гаспадарках вядуць апрацоўку азі-мых пасеваў гэтай культуры спецыяльным склейваючым рэчывам. Ёсць дастатковая колькасць прыставак для ўборкі рапсу. Усе яны гатовы да работы. Нагрузка на адзін камбайн у сярэднім складзе 63 гектары.
Прыкметна большая яна пры ўборцы збожжавых і зернебабовых культур – 261 гектар. Зараз у СВК у наяўнасці 96 зернеўборачных камбайнаў. Пяць з іх не будуць задзейнічаны на жніве па прычыне 100-працэнтнага зносу. Кіраўнікам гаспадарак (а гэта СВК “Велута”, “Дзятлавіцкі”, “Вулькаўскі світанак” і філіял “Аграграніт”) прапанавана канчаткова вызначыцца з лёсам названай тэхнікі.
Разам з тым, у галоўнага агранома райсельгасхарчу Яўгена Багданца былі пытанні і па гатоўнасці астатняй збожжаўборачнай тэхнікі да адказнай пары. Як высветлілася, на мінулым тыдні яшчэ не прыступалі да яе рамонту ў філіяле “Лобчанскае”, СВК “Чучавічы”, “Вулькаўскі світанак”, “Азярніца”. Асаблівую занепакоенасць выклікае сітуацыя ў філіяле “Аграграніт”, дзе дагэтуль не вызначыліся, якія запчасткі патрэбны да няспраўных камбайнаў.
У гаспадарках ёсць дастатковая колькасць прыставак для ўборкі кукурузы на зерне і прэс-падборшчыкаў для саломы. Практычна гатовы прыняць першае збожжа 20 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў.
Прааналізаваў дакладчык сітуацыю з кадрамі. Для арганізаванага правядзення жніва патрэбна 182 камбайнеры. Не хапае 44. Найбольш складанае становішча ў СВК “Гарадоцкі”, ПСУП “Рэдзігерава-Агра”, КУП “Міжлескае”, філіяле “Аграграніт”. Недахоп кваліфікаваных кадраў мяркуецца ліквідаваць за кошт выпускнікоў навучальных устаноў, а таксама дзякуючы дапамозе работнікаў прамысловых прадпрыемстваў і некаторых арганізацый.
У ходзе абмеркавання прагучала запэў-ніванне, што рапс сёлета не горшы, чым летась. Нагадаем, што менавіта гэтая культура па выніках мінулага года вывела раён у лік лідараў. Збожжавых сёлета запланавана атрымаць не менш як 71 тысячу тон.