Дзесьці колас загарэлы, дзесьці — недазрэлы…
Агропром

Дзесьці колас загарэлы, дзесьці — недазрэлы…

новое полесье 01Aрганізавана прыступілі да ўборкі збожжавых хлебаробы СВК “Новае Палессе”.

Добрае надвор’е, якое спрыяла хлебаробам, 16 ліпеня дазволіла вывесці на нівы з азімым трыцікале адначасова 5 камбайнаў. Абмалаціўшы колас на 18-гектарнай плошчы, атрымалі 49 тон зерня. Як расказаў в.а. старшыні Васіль Насеня, ураджайнасць 27 цэнтнераў з гектара пры сёлетніх кліматычных умовах — гэта нядрэнна. У той жа час разлічваць на такую з большасці ўчасткаў не даводзіцца. Пакуль у гаспадарцы жніво вядзецца выбарачна, камбайны накіроўваюцца на самыя спелыя палі. Асноўныя плошчы знаходзяцца ў Грычыне і да ўборкі яшчэ не гатовы. Усяго сёлета неабходна будзе абмалаціць жыта на 315-гектарнай плошчы, трыцікале — на 265, азімай і яравой пшаніцы — 280, ячменю — 340, аўса — 170 гектараў. Акрамя іх вяскоўцы вырошчваюць грэчку і проса, якія трэба будзе пазней убраць з плошчы 130 гектараў. Уборачнае звяно ўкамплектавана 6 камбайнамі, 3 — МАЗамі, 3 — ГАЗ-53 і МТЗ-82 з прычэпам. Улічваючы тое, што ў гаспадарцы не хапае механізатараў (на 22 трактары — 15 механізатараў, а на 20 аўтамабіляў — 9 вадзіцеляў), экіпажы камбайнаў складаюцца ў асноўным з хлебаробаў з іншых мясцін Лунінеччыны. Большасць з іх працавала на нівах летась і зарэкамендавала сябе добра.

новое полесье 02На дзень наведвання гаспадаркі, а гэта было ў пятніцу пасля абеда, на зернетоку, якім загадвае Марына ШЭЎЧЫК, знаходзілася 150 тон трыцікале. З іх 70 тон было дапрацавана. Акрамя работнікаў сельгаскааператыва, сярод якіх слесар і аператары сушыльнага комплексу Уладзімір Катовіч, Віктар БУДНІК, Аляксандр АНТАНОВІЧ, заняты 11 старшакласнікаў з Любанскай сярэдняй школы.

Найбольшае ажыўленне назіралася нахлебнай ніве. Галоўны аграном Раіса ШЭЎЧЫК, пад кіраўніцтвам якой вялася ўборка, умела накіроўвала тэхніку:

— Нягледзячы на тое, што экіпажы ў нас зборныя, працуюць дружна. Іх работай задаволена, калі справы пойдуць так і далей, то праблем з уборкай не будзе. Сёлета зерне выспявае нераўнамерна. На павышаных участках пагарэла, на нізінах месцамі яшчэ моцна вільготнае. Аднак убіраць трэба, інакш страцім значна больш, чым на дапрацоўцы. А дзяржзаказ выконваць абавязкова трэба. З культур хваляванне выклікае пшаніца, якой трэба засыпаць у дзяржаўныя засекі 430 тон. Ужо зараз бачым, што не выканаем заданне ў 240 тон па продажу рапсу. Азімы — амаль увесь загінуў, яравога столькі не намалоцім…

Пакуль размаўлялі, круг па хлебнай ніве ўпэўнена завяршыў экіпаж у складзе камбайнераў Міхаіла ЛАТЫШЭВІЧА і Алега ГЛЫТАВА. На сённяшні дзень Міхаіл Сцяпанавіч — самы вопытны хлебароб гаспадаркі, за яго плячамі 14 уборачных сезонаў, большасць з якіх — пераможныя. На пытанне, які год быў самым лёгкім, хлебароб крышачку задумаўся і адказаў:

— Мінулагодні. І ўраджай тады быў добрым, і надзвычай спрыяльнае надвор’е. Нібы па заказу, як толькі закончылі абмалочваць апошні ўчастак, пайшоў дождж. Сёлета так наўрад ці атрымаецца. З першых дзён літаральна “выхопліваем” у надвор’я сонечныя дні.

новое полесье 03Як і належыць, жніво ў гаспадарцы вядзецца комплексна. На абмалочаных участках падбіраюць салому і звозяць на малочнатаварныя фермы. Гэтай справай займаюцца Міхаіл ЛУКАШЭВІЧ і Мікалай ЖУКОВІЧ.

На дзень выхаду “ЛН” у “Новым Палеса” ўбралі збожжа на 231 гектары, пры гэтым намалацілі 689 тон зерня, з іх 295 перавёз Дзмітрый ШЭЎЧЫК.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть