Агропром

«Дзякуй за ураджай!» –

жатваз такімі пранікнёнымі словамі звярнуўся старшыня СВК “Вулькаўскі світанак” Уладзімір Соц да земляробаў у шчымлівы момант, калі апошнія поўненькія бункеры залацістага зерня ссыпаліся ў засекі.

У суботу ў гаспадарцы ўбралі апошні клін і, нягледзячы на стомленасць, правялі ўсе адпаведныя рытуалы народнага абраду “Дажынкі”. Дапамаглі ў гэтым удзельнікі народнага фальклорнага аматарскага аб’яднання “Світанак” Дзятлавіцкага Дома культуры. Упрыгожаны сноп жыта са словамі “Пакрываю ніўку на добрую спажыўку…” стаў галоўным атрыбутам цырымоніі. Простая народная мудрасць была асновай дабрабыту нашых продкаў. Каб вярнуцца да вытокаў, зберагчы дасягненні старэйшых пакаленняў, мы ў век новых тэхналогій не губляем адзінства з мінулым.
Пяць магутных камбайнаў выстраіліся ў рад і занялі апошнюю паласу. На сонцы золатам зіхацела збажына, ад прыгажосці і велічнасці захоплівала дыханне. Сёлета ўраджай парадаваў вяскоўцаў. 39,9 цэнтнера з гектара – паказчык, намнога лепшы за мінулагодні. Валавы збор дасягнуў 5 тысяч 400 тон. А атрымалася ўсё, дзякуючы зладжанасці адпаведных службаў і працаўнікам, якія ад світанку і да вячэрняга змроку шчыравалі на полі. Цяпер ім – пашана і ўзнагароды, на якія ў гаспадарцы не шкадуюць сродкаў. Заработная плата камбайнераў і вадзіцеляў – таксама добры стымул для работы.
“Ты запомни, сынок, золотые слова: хлеб – всему голова, хлеб – всему голова…» – словы вядомай песні завяршылі жніво. Цяпер трэба дбаць пра новыя дасягненні, бо на вёсцы няма часу для доўгага адпачынку. Поле любіць працавітых.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть