“Фабрыка пад адкрытым небам” –
Агропром

“Фабрыка пад адкрытым небам” –

вулька свитаноктак назваў аграрыяў Валерый Паўловіч.

Летась хлебаробы СВК “Вулькаўскі світанак” намалацілі 4800 тон зерня. Гэта самы вялікі намалот збажыны за ўсю гісторыю існавання сельгаскааператыва. На жаль, паўтарыць яго сёлета не ўдалося…

Апошні дзень жніва ў гаспадарцы прыпаў на чацвер. З каласавых заставалася ўбраць пшаніцу  на 7-гектарнай плошчы. Чакаючы пакуль падсохне калоссе пасля прайшоўшага ноччу дажджу, экіпажы ўсіх 6 камбайнаў сабраліся на мехдвары. Сярод іх і перадавікі сёлетняга жніва старшы камбайнер Уладзімір Паўловіч і камбайнер Міхаіл Яраховіч. Яны намалацілі 550 тон зерня. Улічваючы, што агульны “каравай” гаспадаркі склаў 2358 тон, вынік добры. Тым больш, што для лідараў спецыяльных участкаў не выбіралі: усе экіпажы знаходзіліся ў роўных умовах.

Аб гэтым паведаміў галоўны аграном Валерый Паўловіч. На пытанне, ці задаволены сёлетнім ураджаем, Валерый Міхайлавіч у роспачы махнуў рукой:

– Калі закладвалі падмурак, разлічвалі на іншае. Тое, што залежала ад людзей, зрабілі, а вось справіцца з неспрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі не здолелі. Ды хіба можна было выратаваць, напрыклад, азімы рапс на 20 гектарах, які, нібы ў рэчцы, поўнасцю пакрыла вада? З пасеяных восенню 300 гектараў да ўборкі дайшло крыху больш як палова. Улічваючы невысокую ўрадлівасць нашых ворных зямель (25 балаў), атрыманым ураджаем –19 цэнтнераў з гектара – задаволены.

У цэлым, жніво праходзіла без напружання. Як след спраўляліся з абмалотам збожжа камбайнеры, не дапускалі прастояў тэхнікі з поўнымі бункерамі вадзіцелі на адвозцы, не падводзілі і тыя, хто працаваў на зернетаку. Дапрацоўваючы збожжа, адразу ж нарыхтоўвалі насенне. Пад будучы ўраджай засыпалі 70 тон аўсу, 150 – азімага жыта, 30 – азімага трыцікале, 45 тон ячменю. Зараз  рыхтуем насенне пшаніцы. Імкнемся своечасова справіцца з пастаўкамі збожжа ў дзяржаўныя засекі. На хлебапрыёмны пункт даставілі 550 тон жыта і 110 тон пшаніцы. Гэта яшчэ далёка да задання, аднак, спадзяемся, што яго выканаем. З пшаніцай пытанняў не ўзнікне, а вось жыта больш няма. Мяркуем “перакрыць” яго просам. Віды на яго нядрэнныя. Кампенсуем недабор збожжа і зернем кукурузы, якую будзем абмалочваць на 200-гектарным участку.

Разам з Валерыем Міхайлавічам пабывалі на зернетаку. Тут работа ішла поўным ходам. Аператары зернесушыльнага комплексу Іван Паўловіч і Уладзімір Яраховіч (на здымку разам з Валерыем Паўловічам) дапрацоўвалі пшаніцу.

– Пшаніцы на таку 120 тон. Гэта – на дзень работы сушыльнаму комплексу, – растлумачыў Валерый Міхайлавіч.

Тут жа сустрэліся і з перадавым вадзіцелем на адвозцы збожжа ад камбайнаў Міхаілам Майсюком. Кузаў яго самазвала толькі што напоўніўся ачышчаным зернем, якое неабходна было адвезці на склад. Працуе ён у гаспадарцы трэці год. Летась на адвозцы збожжа заняў трэцяе месца, а сёлета спадзяецца  стаць пераможцам.

– У нас выдатны стымул для перадавікоў. Згодна з умовамі спаборніцтва, штодзень лепшы экіпаж камбайна і вадзіцель прэміруюцца талонамі на 50 тысяч рублёў, якія можна адразу ж перавесці ў наяўныя грошы. Гэта нядрэнная прыбаўка да заробка, – кажа  Міхаіл Пятровіч.

А намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Галіна Соц дадае:

– Старанны працаўнік Міхаіл Майсюк. Бацька мнагадзетнай сям’і, ён не ўпускае магчымасць зарабіць лішнюю капейку. На такіх, як ён, і трымаецца наша гаспадарка.

Апошні дзень жніва прайшоў без праблем. Абмалаціўшы пшаніцу, камбайнеры прыступілі да ўборкі зернебабовых. Сумесі пялюшкі з аўсом тут пасеяна 86 гектараў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть