Ганарымся табой, ЛУНІНЕЧЧЫНА!
Агропром

Ганарымся табой, ЛУНІНЕЧЧЫНА!

У г. Высокае  Камянецкага раёна прайшоў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2018”.

Сапраўдным героем свята стаў Лунінецкі  раён, які ўпершыню за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў узняўся на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару, стаўшы пераможцам абласнога спаборніцтва па вытворчасці зерня.

Дванаццаць разоў гучаў з галоўнай сцэны наш раён! Дванаццаць разоў узнімаліся за ўзнагародамі нашы землякі, якія сваёй працавітасцю, нястомнай энергіяй і ўпартым імкненнем да перамогі ўзвялі на “алімп” плён хлебаробскіх старанняў. 

Адкрываючы свята, старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс падкрэсліў, што сёлетняя ўборачная кампанія стала сур’ёзным экзаменам для аграрыяў. “Хлеб ніколі не бывае лёгкім, – сказаў Анатоль Васільевіч. – А тут яшчэ і надвор’е дадало хвалявання. Жніво патрабавала велізарных фізічных і маральных намаганняў. Ад засухі толькі зерневых культур загінула і пацярпела 58 тысяч гектараў ці 16 працэнтаў усіх плошчаў”.  І ўсё ж каравай Брэстчыны атрымаўся важкім. Пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара, а гэта лепшы вынік сярод абласцей, намалочана больш як 950 тысяч тон зерня. Кіраўнік вобласці назваў лепшыя гаспадаркі Брэстчыны, дзе на круг атрымлівалі ў сярэднім амаль па 60 цэнтнераў збожжа.

“За кожнай лічбай – нялёгкая праца людзей. Каб не страціць вырашчаны ўраджай, камбайнерам, вадзіцелям, спецыялістам гаспадарак даводзілася быць у полі па 15 гадзін у суткі. Усе яны працавалі зладжана, адчуваючы падтрымку адзін аднаго  і кіраўнікоў – таму і дасягнулі высокіх вынікаў”, – адзначыў Анатоль Ліс.

Цёплыя словы адрасаваў кіраўнік вобласці маладым аграрыям, назваўшы іх годнай хлебаробскай зменай. “Яшчэ раз хачу сказаць усім вялікі дзякуй за ўкладзеныя ў абласны каравай сілы і цярпенне, за любоў і адданасць роднай зямлі”, – сказаў А.В. Ліс.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўшанавання герояў жніва (а ўзнагароды ўручалі не толькі старшыня абл-выканкама А.В. Ліс, яго першы намеснік М.В. Токар, але і намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ала Ламакіна, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў, Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык і іншыя ганаровыя госці),  сцэнай завалодалі артысты, сярод якіх былі калектывы нашага раёна – народныя ансамблі песні і музыкі “Весніца”, “Шляхцічы” і “Прымакі”.

На вуліцах абноўленага г. Высокае (а гісторыя яго налічвае больш як 6 стагоддзяў!) святочнымі хвалямі бурліў фестываль-кірмаш. Фотааб’ектыў спыніў далёка не ўсе дзівосныя моманты свята, але і яны дазваляюць вам, дарагія чытачы, стаць сведкамі гэтага незвычайнага па каларытнасці, размаху і душэўнай шчырасці народнага гуляння.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть