Агропром

ГАРАЧАЯ ПАРА Ў МАЙСТЭРНЯХ

Ход падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ пастаянна знаходзіцца ў полі зроку спецыялістаў інжынернай службы ўпраўлення райсельгасхарчу. Разам з галоўным іжынерам Аляксандрам Савіна і начальнікам інспекцыі дзяржтэхнагляду Іванам Якаўцом  пабывалі ў майстэрнях СВК «Дзятлавіцкі”, «Велута” і «Чучавічы”.
Нягледзячы на тое, што інжынерную службу ў «Дзятлавіцкім” Аляксандр Арэхва ўзначаліў толькі месяц таму, аргані-зацыя рамонту і падрыхтоўка тэхнікі знаходзіцца на належным узроўні. 
Разгар рабочага дня. У цёплых майстэрнях работы ідуць поўным ходам. Каля энерганасычанага трактара завіхаецца  механізатар Міхаіл Ходат:
– Трактарыстам працую 22 гады, таму добра разумею, што значыць зімовае зацішша ў веснавых палявых работах. Калі скарыстаешся ім як належыць, лічы ўвесь сельскагаспадарчы сезон на колах будзеш. Калі ж не дагледзіш тэхніку, сабе нашкодзіш. Улічваючы масіўнасць некаторых дэталяў, рамантаваць трактары зручней дваім. З Мікалаем Чарнавокім працую. Нядаўна «перабралі” яго трактар, не сёння-заўтра закончым мой…
Непадалёк такая ж зладжаная работа, але ўжо трох механізатараў, кіпела ля другога «Беларуса”. Аляксандр Арэхва раз-пораз падыходзіў то да адной, то да другой групы працаўнікоў і цікавіўся ходам спраў. Мяркуючы па адсутнасці ў іх пытанняў, застаўся задаволены:
– Фронтам работы людзі забяспечаны. Ёсць неабходныя матэрыялы і запчасткі. Да вызначанага часу абавязкова ўсю тэхніку паставім на лінейку гатоўнасці. Адзіным праблемным агрэгатам застаецца імпартная сеялка. Па папярэдніх падліках на яе рамонт неабходна затраціць больш як 100 мільёнаў рублёў, а іх у гаспадарцы на сённяшні дзень няма. 
Аляксандр Савіна паабяцаў паса-дзейнічаць у адпраўцы яе на рамонтны завод у Бярозу. Гэта ні ў якім разе не затрымае ход пасяўной  у «Дзятлавіцкім”, дзе ўжо ёсць 3 гатовыя да работы сеялкі. Акрамя таго, з раённага бюджэту выдзелены грошы на набыццё колаў для трактароў.
Мехдвор у СВК «Велута” сустрэў разбітымі варотамі. Убачыўшы наш павышаны інтарэс да іх, галоўны інжынер Аляксандр Каховіч (дарэчы, адзін з лепшых у раёне  спецыялістаў сваёй галіны) запэўніў, што хутка іх памяняюць. Спыніліся ля «Амкадора”, дзе завіхаліся трактарыст Юрый Хлуд і брыгадзір трактарнай брыгады Міхаіл Наварыч. У майстэрнях, а яны ў той дзень не ацяпляліся, таму што на вуліцы была плюсавая тэмпература, работа таксама ладзілася. Разам з механізатарамі тут знаходзілася і загадчыца майстэрань Вера Каховіч. Яна засяроджана сачыла за ўпэўненымі рухамі механізатара Анатоля Хадатчука, які мяняў рухавік у «Амкадора”, давала парады.
Не бачылі праблем з падрыхтоўкай тэхнікі спецыялісты райсельгасхарчу і ў СВК «Чучавічы”. Інжынерную службу тры месяцы таму тут узначаліў малады спецыяліст Фёдар Кусцінскі. Нягледзячы на адсутнасць вопыту ён упэўнена прымяняе атрыманыя ў ВНУ веды на практыцы. Сапраўднымі памочнікамі яму ў гэтым з’яўляюцца старшыня гаспадаркі Сяргей Богуш, інжынер трактарнай брыгады Аляксандр Марозаў і загадчык майстэрань Анатоль Гаргун. Прыемна ўразіла тое, што нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, у «Чучавічах” знаходзяць грошы на прывядзенне ў сучасны выгляд тэрыторыі майстэрань. На прахадной узводзіцца новы домік, а ў старым – усталявалі камеру відэаназірання, замянілі дзверы ў майстэрнях і складскіх памяшканнях. З мэтай эканоміі на трактарах, якія заняты на асноўных палявых работах, устанавілі датчыкі расходу палі-ва. Спадабаліся акуратныя павеці, пад якімі надзейна захоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка. Не пуставалі і майстэрні – ля трактароў і агрэгатаў завіхаліся механізатары і слесары. Як звычайна сур’ёзна да падрыхтоўкі тэхнікі адносіцца галоўны сейбіт гаспадаркі Юрый Іванюк:
– За мной замацаваны магутны энерганасычаны трактар МТЗ-3022 з шыроказахопнай сеялкай. Яшчэ з восені пад ураджай-2013 года пасеяў тысячу гектараў азімых, уключаючы рапс. Яравая сяўба – таксама за мной. Разумеючы гэта, не маю права падводзіць калектыў. Трактар у мяне новы і надзейны, але таксама патрабуе належнага догляду. Наогул, любіць і берагчы тэхніку мяне навучыў тата, які да пенсіі працаваў у гаспадарцы механізатарам…
З падобным кантролем Аляксандр Савіна і Іван Якавец пабывалі і ў іншых гаспадарках Лунінеччыны. Мяркуючы па стану гатоўнасці тэхнікі і агрэгатаў да  яравой сяўбы, праблем вясной у большасці з іх не будзе.  Непакоіць толькі ход рамонту ў СВК «Азярніца”, слабое фінансавае становішча якога  не дазваляе своечасова набываць неабходныя запчасткі.  
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть