Агропром

Ісці ў нагу з часам

семинарааоНа базе СВК “Вулькаўскі світанак” пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча прайшоў раённы семінар-вучоба па пытаннях вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы, прызначанай для ўзнаўлення грамадскага статка.
Малочнатаварная ферма №1 у Вульцы 2 вядома на Лунінеччыне як паказальная ў плане вырошчвання будучых кароў. Паступаючыя сюды з усіх фермаў гаспадаркі маленькія цялушачкі за 12-14 месяцаў пры добрым доглядзе набіраюць тэхналагічную вагу, пры якой жывёлін можна пакрываць. З гэтага моманту яны пераводзяцца на іншую ферму, каб затым вярнуцца сюды на расцёл і раздой. Выгадаваныя такім чынам маладыя каровы папаўняюць малочны статак, размеркаваны па трох іншых фермах. Як складзецца іх далейшы лёс, залежыць ад добрасумленнасці жывёлаводаў і аператараў машыннага даення, да якіх яны трапляюць. Каб мець высокапрадуктыўную карову, адладжанай тэхналогіі і моцнай кармавой базы недастаткова. Кожнай жывёліне патрэбны пяшчота, добрыя адносіны і ўвага.
Са слоў старшыні гаспадаркі Уладзіміра Соца прысутныя даведаліся, якім чынам ладзіцца тэхналагічны працэс на ферме. Больш падрабязна на кожным этапе вырошчвання жывёлін спынілася загадчыца МТФ Вера Насеня. Яна растлумачыла, што як толькі нараджаецца цялятка, яго неабходна на працягу гадзіны напаіць малозівам, каб “запусціць” імунітэт. Прамаруджванне з гэтай нескладанай аперацыяй можа каштаваць нованароджанаму не толькі здароўя, але і жыцця. Калі цялятка слабенькае і не можа само піць, звычайна выкарыстоўваюць зонд. Аднак да такой працэдуры ў гаспадарцы справы не даходзілі. Своечасова праводзімая на фермах вакцынацыя і вітамінізацыя дарослых жывёлін сталі залогам для атрымання здаровага прыплоду.
Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца рацыёну кармлення. Цяляты на гэтай ферме ў залежнасці ад узросту атрымліваюць малако, камбікорм КР-1, кукурузны сілас, зялёную віка-аўсяную сумесь, сена і сянаж у рулонах. Нягледзячы на дарагавізну ўпаковачнай плёнкі, корм вельмі выгадны: жывёла яго з’ядае поўнасцю без адходаў, што назіраецца пры раздачы сенажу, прывезенага з ям. Пры кармленні жывёлаводы стараюцца абыходзіцца без кормараздатчыкаў: уручную прыгатаваныя сумесі доўга не скісаюць.
Вельмі важна захоўваць рэжым кармлення. Маючы названыя рацыёны і даглядаючы цялят на працягу тэхналагічнага часу сярэднясутачныя прывагі рамонтнага маладняку ў 700 грамаў будуць гарантаваны. Немалаважным фактарам з’яўляецца і належны санітарны парадак. Як расказала Вера Андрэеўна, яму на МТФ удзяляецца вельмі шмат увагі, прычым загадчыцы не трэба ўказваць падначаленым, што, дзе і калі прыбіраць. Кожная з працаўніц ведае гэта сама.
У дапаўненне да сказанага старшыня гаспадаркі Уладзімір Соц асабліва падкрэсліў важнасць ролі загадчыка на ферме. Ён адзначыў, што калі спецыяліст знаходзіцца на сваім месцы, аўтаматычна знікаюць многія праблемы. Да яго, напрыклад, ніколі не звярталіся работнікі МТФ 1 ні з выпадку заробкаў, ні па арганізацыі працы. Усё гэта – у кампетэнцыі загадчыцы. Яна ведае, калі і якія пытанні неабходна ўзгадняць і вырашаць непасрэдна з кіраўніком.
Не абышлі ўвагай і памеры заробкаў жывёлаводаў. У “Вулькаўскім світанку” яны напрамую залежаць ад нагрузкі і вынікаў. Так, цялятніца, якая даглядае групу ў колькасці 158 галоў, пры валавых прывагах 3,5 тоны і разгрузцы сенажу за мінулы месяц атрымала 7,2 мільёна рублёў. Аператары машыннага даення ў сярэднім маюць за месяц каля 9 мільёнаў рублёў. А ёсць і 17 мільёнаў – на раздоі 60-ці першацёлак.
Падводзячы рысу сказанаму, Васіль Агіевіч выдзеліў для прысутных тры асноўныя састаўляючыя поспеху – моцны калектыў, матывацыя працы і трывалая кармавая база.
Больш падрабязна з тонкасцямі ўтрымання рамонтнага маладняку ўдзельнікі нарады знаёміліся непасрэдна на ферме. Кожны этап вырошчвання падрабязна каменціравалі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Алег Багук і спецыялісты гаспадаркі. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Кацярына Максімовіч прадэманстравала набор медыкаментаў і растлумачыла, якія мерапрыемствы трэба праводзіць з каровамі, каб атрымліваць здаровы прыплод.
Адкрываючы пленарную нараду, Васіль Агіевіч не стаў засяроджваць увагу на выніках работы жывёлаводаў за паўгоддзе, назваўшы іх адным словам – правальныя. Яскравым сведчаннем сталі лічбы: сярэдні надой ад каровы – 11,4 літра, тады раней адстаючы ад Лунінеччыны Ганцавіцкі раён мае 13,3. Гэта звычайная безадказнасць і халатнасць, якая мяжуе са злачыннасцю, з чым нельга мірыцца. Васіль Міхайлавіч вызначыў месячны тэрмін для наладжвання тэхналогіі ўтрымання рамонтных цялушак і навядзення парадку на фермах гаспадарак. Кіраўнік раёна запатрабаваў канкрэтна ад кожнага кіраўніка далажыць аб існуючых праблемах і шляхах іх вырашэння. Усе запэўніванні зано-сіліся ў пратаколы. Мяркуючы па задаваемых пытаннях, найбольш праблем існуе ў СВК “Гарадоцкі”, асноўная з іх – адсутнасць на Кажан-Гарадоцкай МТФ тэхніка-асемянатара. Для недасведчанага чалавека гэтая пасада мала што значыць, а вось спецыялісты адразу пралічылі, што вя-лікага малака ў наступным годзе ў “Гарадоцкім” ужо не будзе, як не будзе і добрага прыплоду. Агучыла гэта дырэктар племстанцыі Вольга Збанчук. Галоўны ветурач раёна Кацярына Максімовіч нагадала аб неабходнасці правядзення дэзінфекцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, і не толькі пустуючых, але і тых, дзе знаходзіцца пагалоўе, асабліва цялятнікаў.
Увагу на дакладнасці справаздач і некаторых нюансах іх запаўнення, а сярод удзельнікаў былі і бухгалтары па жывёлагадоўлі, засяродзілі галоўны эканаміст аддзела статыстыкі Вольга Галайдзіна і галоўны бухгалтар райсельгасхарчу Любоў Трохіна.
Закрываючы нараду, Васіль Агіевіч выказаў на-дзею, што кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і спецыялісты сур’ёзна аднясуцца да вырашэння пастаўленых задач, і сітуацыя будзе мяняцца да лепшага. Так, мінулы год быў цяжкім: не дабралі зерня, не змаглі нарыхтаваць дастаткова якасных кармоў. Сёлета такіх праблем не прадбачыцца. “Дык давайце ж ісці ў нагу з часам, усе мы ёсць і зможам годна выйсці са становішча,” – канстатаваў кіраўнік раёна.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть