Іванаў дзень даў старт жніву
Летні час для працаўнікоў вёскі заўсёды звязаны з напружанай працай. Рана паднімацца, позна класціся спаць для маладых хлопцаў і дзяўчат – вельмі хутка становіцца прывычнай справай. Таму магчымасць на Купалле адпачыць дружным калектывам у СВК “Чучавічы” ўспрынялі прыязна. Напярэдадні гуляння актывісты пярвічак БРСМ і ГА “Белая Русь” паклапаціліся аб арганізацыі прыгожага кастра, музыкі і смачных пачастункаў.
Бліжэй да апоўначы хлопцы і дзяўчаты разам з бацькамі, роднымі і знаёмымі сабраліся ля вогнішча. Іх вясёлыя песні, задорныя пляскі ўсю ноч гучалі над любімай і роднай вёскай…
А раніцай калектыў працаўнікоў згуртавала яшчэ адно свята – Зажынкі. Свяшчэннаслужыцель Пакроўскай царквы Уладзімір Тарчыла асвяціў збожжаўборачную тэхніку. Выстраеная ў рад, яна, здавалася, толькі і чакала каманды “Наперад!”. Першы зжаты сноп новага ўраджаю, які атрымаў у народзе званне “Багатыр”, па-традыцыі ўручылі старшыні гаспадаркі Сяргею Богушу. А ці ведаеце, што азначае чырвоная стужка, якая апаясвае сноп – гэта сімвал любові лю-дзей да роднай зямлі. Выцягнеш адзін каласок – сноп паслабее. Вось так і людзі. Дык няхай наш калектыў заўсёды будзе моцным і з’яднаным!
Кожнаму з удзельнікаў сёлетняга жніва дзяўчына ў нацыянальным адзенні ўручыла сувеніры з беларускай сімволікай і арнаментам. Няхай яны заўсёды нагадваюць нам, што ўсе мы дзеці самай прыгожай і светлай краіны – Беларусі.
Успомнілі і пра ветэранаў, пра іх важкі ўклад у сённяшні дабрабыт гаспадаркі. За актыўны ўдзел у жыцці калектыву ветэрану працы, неаднаразоваму пераможцы спаборніцтва на жніве Сяргею Іванюку ўручылі падзячны ліст. Спецыяльныя вымпелы атрымалі мінулагоднія лідары на жніве – экіпаж камбайна “Акрос-530” у складзе Сяргея Гаргуна і Валерыя Арашкевіча і вадзіцель аўтамабіля МАЗ-551-605 Мікалай Шчатко.
Іванаў дзень даў старт важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі года – жніву ў СВК “Чучавічы”, у гонар чаго ўзнялі сцяг. Механізатары віншавалі адзін другога з пачаткам гарачай пары, і з веданнем справы жадалі чыстага неба і ясных сонечных дзён. Пасля гэтага камбайны дружна накіраваліся ў поле, а актывісты пярвічкі прыступілі да афармлення інфармацыйнага кутка “Гарачыя дні”, дзе будуць адлюстраваны самыя памятныя моманты кампаніі.
Алена МУРАВЕЙКА, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце СВК “Чучавічы”.