Агропром

Калі стабільнасць становіцца нормай

Прыкладам стабільнай работы ў “Вулькаўскім світанку” на працягу доўгага часу застаецца малочнатаварная ферма №1, калектыў якой больш як 15 год узначальвае Вера Насеня. Размешчаная на тэрыторыі цэнтральнай сядзібы МТФ, на якой утрымліваецца трэцяя частка грамадскага статка гаспадаркі, паступова становіцца не толькі паказальнай па выніках работы, але і па добраўпарадкаванню.
– Вера Андрэеўна – моцны кіраўнік, – гаворыць старшыня гаспадаркі Уладзімір Соц. – Яна выдатна спраўляецца з пастаўленымі задачамі, умее як след мабілізаваць калектыў на плённую работу. Сур’ёзная і патрабавальная, не церпіць лайдакоў і не дапускае апраўдання прычын агрэхаў у доглядзе жывёлы. На гэтай ферме сканцэнтраваны, так бы мовіць, залаты фонд жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі – амаль тысяча рознаўзроставых цялушак, прызначаных для ўзнаўлення грамадскага статка. Ёсць і дойныя каровы.
Да нядаўняга часу галоўнай праблемай МТФ з’яўлялася вялікая скучанасць жывёлін. За апошнія 8 год праблему амаль што вырашылі – пабудавалі 3 новыя памяшканні на 700 галоў, яшчэ столькі ж рэканструявалі. У бліжэйшых планах – узвя-дзенне цялятніка на 250 галоў.
З Верай Андрэеўнай сустрэліся каля нядаўна ўведзенага ў строй новага памяшкання для ўтрымання цялушак. Прайшоўшы ўнутр, адзначылі пануючыя тут прастору, чысціню і шмат дзённага святла, якое літаральна лілося з-пад празрыстага даху. Накорм-леная і дагледжаная жывёла, здаецца, зусім не звяртала на нас увагі. Перамінаючыся з нагі на нагу, гожыя цялушкі то выходзілі ў выгульны дворык праз адчыненыя дзверы, то вярталіся да кармавых сталоў, каб у чарговы раз папоўніць страўнік сакавітым сіласам. Пра тое, што корм добрай якасці, сведчыла адсутнасць у памяшканні спецыфічнага кіслага паху.
– Сучаснае ўтульнае памяшканне не толькі зручнае для жывёлы, але і для персаналу, – кажа Вера Андрэеўна. – Зусім мала часу прайшло з пачатку рэканструкцыі, а мы ўжо сталі забываць, як выкідваць гной віламі, раздаваць уручную кармы. Гэтыя аперацыі паспяхова выконвае тэхніка. Не трэба, як раней, прымусова выганяць жывёлу на прагулкі. Цяпер утульныя і прасторныя выгульныя дворыкі даступны ў любы час: дзверы тут практычна не зачыняюцца.
У гэтым цялятніку 300 цялушак размясцілі месяц таму. Нядаўна іх пераважвалі. Перамена месца жыхарства паўплывала дабратворна – за месяц кожная ў суткі прыбаўляла ў вазе ў сярэднім па 760 грамаў. Значыць, у жніўні большасць жывёлін дасягне 380-кілаграмовай вагі, і іх можна бу-дзе асемяняць.
Усяго на ферме №1 ўтрымліваецца 1432 галавы, з іх 347 кароў. Даглядаюць іх 8 цялятніц, 6 аператараў машыннага даення і столькі ж аператараў па абслугоўванню дойнага статка. Новая даільная зала пакуль выкарыстоўваецца толькі на 60 працэнтаў і будзе загружана пад праектную магутнасць з уводам у строй яшчэ аднаго рэканструяванага кароўніка. Зрабіць гэта мяркуецца сёлета.
– Усіх у гаспадарцы 5 фермаў, – удакладняе Уладзімір Іванавіч. – Столькі ж загадчыкаў і столькі ж розных вынікаў, хаця на кожнай з іх і кармы аднолькавыя, і працаўнікі мясцовыя. Атрымліваецца, што не кожнаму са спецыялістаў удаецца наладзіць як след тэхналагічную і працоўную дысцыпліну на сваіх участках. Разумеем гэта і стараемся выпраўляць становішча.
Згодна з аператыўнай зводкай райсельгасхарчу, “Вулькаўскі світанак” нядаўна пераадолеў мінулагодняе адставанне па надоях малака, якое было дапушчана з-за недахопу якасных кармоў. На сёлетнюю зіму травяністых кармоў у разліку на жывёліну нарыхтавалі 27 цэнтнераў кармавых адзінак, што дазволіць амаль 70 працэнтаў грамадскага пагалоўя круглага-дзічна ўтрымліваць у памяшканнях, не выганяючы на пашу. Гэта пазбавіць рэзкага змянення рацыёнаў жывёлы, што павінна даць прыбаўку ў надоях і прывагах.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть