Камбайны на палях змяняюць сеялкі
Агропром

Камбайны на палях змяняюць сеялкі

урожайВосень – вельмі напружаны час для працаўнікоў палёў і фермаў: не паспелі закончыць жніво, як распачалі сяўбу азімых…

У СВК “Дварэцкі”, як звычайна, планы вялікія. У сціслыя тэрміны неабходна пасеяць на зерне азімае жыта на плошчы 240 гектараў, 660 – трыцікале, 400 – пшаніцы. Акрамя гэтага, 120 гектараў азімага жыта запланавана на корм жывёле.  Да сяўбы ў гаспадарцы падрыхтаваліся зага-дзя. Паклапаціліся пра высокарэпрадукцыйнае насенне, якое закупяць у элітгасах раёна і вобласці. Ёсць уся неабходная тэхніка. Аднак галоўны аграном гаспадаркі Васіль Курак расказаў, што работы на палях ідуць не так хутка, як хацелася б. Не хапае паліва і механізатарскіх кадраў. З-за гэтага не вытрымліваецца тэхналогія. Глеба не паспявае адпачыць неабходныя 10-12 дзён пасля ворыва. Амаль адразу яе рыхтуюць пад сяўбу.

– Летась сеяць закончылі прыкладна 10 кастрычніка, расказвае Васіль Курак. – Дык у зіму культуры, якія ўзышлі раней, увайшлі пераросшымі. І гэта адна з прычын невысокага ўраджаю збожжавых. Са змяненнем кліматычных умоў зараз цяжка вызначыць аптымальныя тэрміны. Тым не менш, будзем старацца і спадзявацца на спрыяльнае надвор’е і высокі ўраджай. А інакш, навошта сеяць?

Такой жа думкі прытрымліваецца і адзін з галоўных сеяльшчыкаў гаспадаркі Юрый Калянковіч. Мінула ўжо 8 год, як яму з Генадзем Мірановічам  даверылі імпартны “Джон-Дзір”:

– Добрая ў нас работа – вясной і восенню сеяць хлеб. Добрая і тэхніка. Адно толькі не вельмі радуе – сеем мы, а павага і пашана дастаюцца камбайнерам. Няхай і так, але калі браць па справядлівасці, то чаму нашы заробкі нават да сярэднекамбайнерскіх не дацягваюць? – справядліва абураецца Юрый Мікалаевіч.

Гэтае абурэнне адразу ж праходзіць, калі гаворка пераключаецца на работу.

– Цяжкая сёлетняя пасяўная. 300 гектараў рапсу давялося сеяць у сухое надвор’е. Пыл за трактарам сцяной стаяў, нават маркераў не было бачна. Ад гэтага падшыпнікі са строю выходзілі, на рамонце па некалькі гадзін стаялі, – працягвае Юрый Калянковіч. – І зараз не лягчэй. Яшчэ з вясны засталося шмат месцаў, у якіх трактар прабуксоўвае. Але стараемся, за дзень каля 40 гектараў “закрываем”.

Не перастаюць уражваць прасторныя палі “Дварэцкага”, як і гэтае 90-гектарнае непадалёк ад Сасноўкі, дзе ў дзень наведвання былі сканцэнтраваны асноўныя сілы сейбітаў. Добра ўзараная глеба, якая прымала насенне, здавалася мяккай і цёплай. Сагравалі атмасферу прахалоднага вераснёў-скага дня  адкрытыя і шчырыя ўсмешкі сейбітаў Аляксандра Харкевіча і Веры Калюціч, якія чакалі, пакуль “Джон-Дзір” пройдзе шматкіламетровы круг, каб напоўніць яго сеялку чарговай порцыяй насення. А падвёз яго на поле неаднаразовы пераможца абласнога спаборніцтва на дастаўцы зерня ад камбайнаў Аляксандр  Казун. Тут жа на ўзбочыне чакаў распараджэння галоўнага агранома трактарыст Міхаіл Кузьміч. У прымацаванай да трактара “лейцы” знаходзіліся  тукі. На пытанне, чаму не пачынаеце іх уносіць у глебу, механізатар адказаў: “Гэта можна будзе рабіць, як толькі галоўны аграном установіць норму”.

На дзень выхаду “ЛН” у “Дварэцкім” азімыя збожжавыя пасеялі на плошчы 220 гектараў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть