Як аргарыі Лунінеччыны падрыхтаваліся да зімоўкі?
Агропром

Як аргарыі Лунінеччыны падрыхтаваліся да зімоўкі?

Па выніках мінулага года Лунінеччына стала лепшай у вобласці ў плане нарошчвання прадукцыі жывёлагадоўлі. У гэтым заслуга не толькі жывёлаводаў, але і агранамічнай службы, якая займаецца ўмацаваннем кармавой базы. Расказвае намеснік начальніка райсельгасхарчу Барыс Абравец:

– На працягу апошніх год у сельгаспрадпрыемствах раёна назіраўся недахоп травяністых кармоў, што негатыўна адбівалася на вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, асабліва малака. Каб кампенсаваць гэта, самую пільную ўвагу надалі стварэнню зялёнага канвеера. Значна павялічылі плошчы пад сяўбу аднагадовых, прамежкавых і пажніўных культур. А сёлета пайшлі далей – вырашылі паспрабаваць сяўбу азімых крыжакветна-злакавых сумесяў у палосных пасевах. Як сцвярджаюць вучоныя, вопыту іх вырошчвання ў Беларусі пакуль няма, затое такая тэхналогія паспяхова выкарыстоўваецца ва Украіне і Расійскай Федэрацыі і прыносіць добрыя вынікі. Пачынаючы з 18 жніўня па 9 верасня, азімую сурэпку ў сумесі і ў чыстым выглядзе размясцілі на плошчы 1456 гектараў: прыкладна па 90 гектараў у кожным сельгаспрадпрыемстве Лунінеччыны. Дарэчы, вырошчванне гэтай расліны на зялёны корм яшчэ летась апрабавалі ў філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Вынікамі засталіся задаволены.

Шырокае распаўсюджванне і прызнанне ва ўмацаванні кармавой базы набывае люцэрна. Штогод раён закупляе 10 тон яе насення і займае пад культуру плошчы па 800-900 гектараў.

Заканчваецца сезон нарыхтоўкі кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя. Вопыт ранейшых гадоў паказаў, што прымяненне вадкіх кансервантаў для закладкі сенажу і сіласу не вельмі добра сказваецца на якасці нарыхтовак. Яшчэ летась у гэтым плане перайшлі на сухія біялагічныя кансерванты. Вынік і сапраўды аказаўся лепшым. Захаваць сілас і сянаж на зіму якаснымі і карыснымі дазваляе таксама шчыльнае ўкрыванне траншэй, што паспяхова робіцца ў гаспадарках, дзе закупляюць больш трывалую, устойлівую да ўльтрафіялету поліэтыленавую плёнку, памер якой адпавядае памеру траншэі.

У цэлым на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы сёлета ўжо нарыхтавана 7430 тон сена, 91024 – сенажу, 167475 тон сіласу. У разліку на ўмоўную жывё-ліну даводзіцца кармоў амаль 25 цэнтнераў кармавых адзінак. Гэта крыху менш, чым летась, аднак работы яшчэ не закончаны. На сілас на палях застаецца ўбраць 650 гектараў кукурузы. Яшчэ 350 гектараў яе неабходна абмалаціць на зерне.

 

Зялёны канвеер сябе апраўдвае

Як станоўчы, у плане ўмацавання кармавой базы можна назваць прыклад ААТ “Дварэцкі”. За мінулы і на працягу бягучага года тут перазалужылі сенажацей і пашы на плошчы 525 гектараў. З восені пасеялі 77 гектараў сурэпкі, з іх 25 гектараў – у сумесі з азімым жытам. Вясной атрымаецца ранні вітамінны корм для буйной рагатай жывёлы. Добрай падмогай на зіму ў гаспадарцы стане плюшчаная кукуруза, якой тут каля  400 тон.  Усяго ж на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага статка ў “Дварэцкім” назапасілі 13398 тон сіласу, пры заданні 12 тысяч тон. На 7 працэнтаў больш, чым летась, нарыхтавалі сенажу. Пакуль у гаспадарцы ў разліку на ўмоўную жывёліну ёсць кармоў больш як 26 цэнтнераў кармавых адзінак. У параўнанні з мінулым годам гэта крыху менш. Аднак трэба ўлічыць, што грамадскае пагалоўе за  10 месяцаў 2017-га павя-лічылася на 326 галоў, у тым ліку на 39 кароў.  Працягваюцца і работы па нарыхтоўцы сенажу.

Па-гаспадарску паклапаціліся і пра подсцілку для жывёлы. На палях запрэсавалі ўсю салому, уключаючы рапсавую. Як толькі закончацца работы, якія патрабуюць першаснага выканання, вызваленая тэхніка будзе накіравана на падвозку цюкоў да фермаў, хаця ў мэтах эканоміі людскіх і гаруча-змазачных рэсурсаў частку іх мяркуецца сціртаваць на палях.

Варта адзначыць і тое, што ў гаспадарцы пастаянна клапоцяцца пра пажыўнасць зялёнай масы, падсяваючы  аднагадовыя культуры да багатай бялком люцэрны. Гэта, а яшчэ рэгулярнае абнаўленне траў з вясны і да позняй восені дазволіла павялічваць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі на працягу года. За 9 месяцаў 2017-га вырошчванне жывёлы вырасла на 7,6 працэнта ў адносінах да такога ж перыяду летась, а вытворчасць малака – на 28,9 працэнта. Тэндэнцыя да нарошчвання вытворчасці працягваецца. Нават, нягледзячы на пераходны перыяд ад летне-пашавага да зімова-стойлавага ўтрымання, тут не адзначана рэзкага спаду малака. І сакрэт не толькі ў добрай і разнастайнай кармавой базе. Як расказаў выконваючы дырэктар Віталь Карчэўскі, з пашы ўвесь дойны статак на фермы даставілі аўтатранспартам.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть