Касавіца – справа для сапраўдных мужчын
Агропром

Касавіца – справа для сапраўдных мужчын

касавіцаАрганізавана ідзе нарыхтоўка кармоў у СВК “Велута”. Аднымі з першых у раёне працаўнікі гаспадаркі завяршылі касьбу траў першага ўкосу і нарыхтавалі 4297 тон сенажу або 6,6 цэнтнера кармавых адзінак у разліку на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы.

У дзень наведвання гаспадаркі асноўнае ядро корманарыхтоўчага звяна заканчвала падборку падвяленай зялёнай масы на адной з сенажацей, размешчанай на адлегласці 10 кіламетраў ад месца закладкі сенажу. Туды і  накіроўваўся з поўным прычэпам механізатар Аляксандр Арэхва, якога сустрэлі па дарозе. Згодна са зводкай райкама прафсаюза работнікаў АПК на сённяшні дзень ён лідзіруе ў раённым спаборніцтве на перавозцы зялёнай масы. З пачатку жніва на МТЗ-1221 даставіў яе да месцаў трамбоўкі  859 тон.

– На гэтым трактары працую ў час нарыхтоўкі кармоў. Як толькі пачнецца жніво, перасяду на камбайн. Летась мне даверылі новы КЗС-12, –  ахвотна расказвае  Аляксандр Мікалаевіч. – У гаспадарцы працую 18 год. Нарадзіўся і вырас у Велуце. Яшчэ ў школе вызначыў для  сябе  свой жыццёвы шлях. Ужо тады ведаў, што буду механізатарам. Работа падабаецца, не расчараваўся ў сваім выбары. Штогод на палях даводзіцца выконваць розныя аперацыі. Асабіста мне найбольш падабаецца араць глебу. Праўда,  работа гэта  самая цяжкая,  хутка  стамляешся.

Ведаючы, што летась Аляксандр Арэхва быў пераможцам раённага спаборніцтва на ўнясенні тукаў, пацікавілася, ці лёгка быць наперадзе.

– Каб быць першым, аднаго жадання мала. На гэта трэба мець шанцаванне. Сёлета лідзірую толькі таму, што на перавозцы працую з першага дня касавіцы. Як толькі па вытворчай патрэбе “перакінуць” маю тэхніку на другую работу, гэты шанц адразу ж зменшыцца. Крыўдаваць не даводзіцца, бо разумею што вытворчая неабходнасць – гэта  святое.

Яшчэ адзін лідар раённага спаборніцтва на падборцы зялёнай масы Васіль Драбовіч не жадаў губляць каштоўны час:

–“Клетка” папалася вельмі цяжкая. Летась тут выпасвалі кароў, дзе-нідзе рэшткі электрапастухоў засталіся, – растлумачыў сваю заклапочанасць Васіль Іванавіч. – “Ягуар”, як толькі адчуе ў траве метал, адразу ж спыняецца.

Васіль Драбовіч – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. Летась  у раёне ён заняў трэцяе месца на падборы траў, а ў гаспадарцы – перамог па намалотах зерня. З 23 год, што працуе ў “Велуце”, 21 – займаецца падборам траў. Доўгі час гэта рабіў на КСК, затым на КЗР, а апошнія 4 гады – на  “Ягуары”.

Пакуль назіралі за работай “Ягуара”, да ўскрайку сенажаці амаль адначасова наблізілася некалькі транспартных сродкаў. Гэта пад’ехалі за чарговым грузам Віталь Хлуд, Уладзімір Сайко і Андрэй Клімчук. Убачыўшы, што на ўсіх травы не хопіць, накіраваліся на абед. Балазе, часовая сталоўка разгарнулася непадалёк.

У гэты дзень людзей, занятых на касавіцы, раздатчыца Наталля Юрко кармі-ла баршчом, макаронамі з каўбасой, салатай, чаем з булкай і сырам.

– Смачна і сытна. – Гэтак ацанілі старанні работнікаў філіяла “Грамад-скае харчаванне” механізатары.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть