Кошт кампенсуе недабор прадукцыі
Агропром

Кошт кампенсуе недабор прадукцыі

вулькасвитанок3У кожнага народа свае звычкі і традыцыі, якія перадаюцца і ў харчаванні. Японцы, напрыклад, аддаюць перавагу морапрадуктам, азіяты – рысу, украінцы – салу, мы ж – бульбе…

Яшчэ зусім нядаўна для многіх вяскоўцаў яна была і даволі адчувальнай  крыніцай даходу.  Ды толькі існуючыя закупачныя цэны, якія нават не пакрывалі выдаткаў, у многіх адбілі жаданне займацца вырошчваннем гэтай  вельмі працаёмкай культуры на продаж. Скарачаць палеткі сталі і некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна. Тыя ж, што працуюць па дзяржаўнай праграме “Бульбаводства”, прытрымліваюцца ранейшых плошчаў і маюць пэўны прыбытак ад рэалізацыі.

вулькасвитанакТак, у СВК “Вулькаўскі світанак” клубні размясцілі на плошчы 190 гектараў. З-за пераўвільготненасці глебы пасадка іх вялася ў вельмі складаных умовах. Таму і не дзіўна, што ў параўнанні з леташнім ураджай атрымалі меншы.

Хапала праблем і падчас уборкі. Два бульбаўборачныя камбайны вытворчасці “Гомсельмаш”, якімі не першы год кіруюць  вопытныя механізатары Леанід Паўловіч і Аляксандр Кішкевіч, не прыстасаваны для лёгкіх тарфяных глебаў. Маючы вялікую вагу, яны перыядычна грузлі. Даводзілася трымаць дадатковую тэхніку, каб выцягваць іх з ям. Ва ўборку ўключылі і капальнік Мікалая Вячоркі.

вулькасвитанок2Галоўны аграном гаспадаркі Валерый Паўловіч расказаў:

– Пры ўраджайнасці 157 цэнтнераў з гектара накапалі 2987 тон бульбы. Усяго на ўборку затрацілі 40 дзён. Гэта вельмі доўга. Добра, што на вуліцы цёпла і пераборку клубняў можна весці, не хвалюючыся, што яны падмерзнуць. Выкарыстоўчаючы сартыровачнае абсталяванне, частку адабралі на насенне, дробную пусцілі на корм жывёле, а таварную пакрыху прадаем. Рэалізавалі каля 800 тон.

Вырошчваем айчынныя “брыз” і “ўладар”, нямецкую “рэд-фэнтэзі”. Апошняя трэці год запар паказвае сябе найбольш урадлівай. Плануем зноў закупіць насенне ў вытворцы, бо атрыманая намі чацвёртая рэпрадукцыя ўжо не гарантуе поспеху. Нядрэнна зарэкамендаваў сябе  “ўладар”. Сярэднеранні гатунак, ён паспеў набрацца сіл да “наступлення” фітафторы.

вулькасвитанок1Старшыня праўлення  гаспадаркі Уладзімір Соц  задаволены існуючай цаной:

– Недабор прадукцыі кампенсуе кошт, – 2600 рублёў за кілаграм.  Наогул, кожную восень нас “выручае” падобная “свежая капейка”, атрыманая ад рэалізацыі агародніны, мы ж яшчэ і моркву прадаем.
Добра ладзяцца справы і ў корманарыхтоўшчыкаў гаспадаркі. У мінулую пятніцу яны завяршылі ўборку кукурузы. У выніку чаго назапасілі 21690 тон сіласу і намалацілі 519 тон зерня.

НА ЗДЫМКАХ: галоўны аграном гаспадаркі Валерый ПАЎЛОВІЧ і брыгадзір Вера ВЯЧОРКА; на сартыроўцы бульбы старанна працуюць паляводы Марыя ШУЛЯК і Вольга ПАЎЛОВІЧ; Іван ЯРАХОВІЧ і Іван ПРЫБАРОВІЧ; Вера ВАНЮК, Любоў ВАНЮК, Праскоўя ЮРЦЭВІЧ.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть