Косіцца ніва — хутка і рупліва
Агропром

Косіцца ніва — хутка і рупліва

У гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў на зімова-стойлавы перыяд. Зараз – самы спрыяльны час для ўборкі кукурузы на сілас. Участкі, засеяныя «царыцай палёў», выдзяляюцца насычанай зелянінай на агульным фоне жоўтай пожні, пажухлага бульбоўніку і свежаперааранай раллі. “Ягуары” і “КВК-800” зрэзваюць высокія сцябліны, здрабняюць іх у зялёную масу, якую трактары і аўтамабілі ў зададзеным рытме адвозяць да траншэй.

Паназіраць за зладжанай работай сельгасвытворцаў на палетках «Дзятлавіцкага» і «Рэдзігерава-Агра» разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Ермалёнак была прыемная нагода – з сабой мы везлі Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі. Іх заслужылі два механізатары з «Райаграсервіса», якія працуюць на “Ягуарах” і дапамагаюць названым гаспадаркам своечасова справіц-ца з нарыхтоўкай кармоў.

Па словах дырэктара арганізацыі Уладзіміра Кузьменчука, работнікі яны вопытныя, і да вяршынь у прафесіі прыйшлі не выпадкова. Не зважаючы на цяжкасці, заўсёды адносяцца да абавязкаў сумленна, вераць у перамогу. За працяглы час працаўнікоў асабіста ведаюць ва многіх сельгаспрадпрыемствах раёна, дзе часта ўзнікае неабходнасць дапамагаць тэхнікай і людзьмі.

aleksej-prusov

Аляксей ПРУСАЎ прыйшоў у “Райаграсервіс” у 2002 годзе. На Лунінеччыну пераехаў з Магілёўскай вобласці. Хутка асвоіўся ў незнаёмай мясцовасці, знайшоў работу, на якой дасягнуў добрых вынікаў. Да іх прывялі стараннасць і адказнасць, з якой ставіцца да пастаўленых задач, уменне не баяцца праблем. Жонка Аксана, якая працуе прадаўцом, і дзеці-школьнікі Ягор і Валерыя ва ўсім падтрымліваюць мужа і тату. Яны разумеюць, што справа механізатара – адказная і нялёгкая. Удзячнасць райкама прафсаюза работнікаў АПК за ўдзел у кампаніі па нарыхтоўцы кармоў 2016 года – яшчэ адно таму яскравае сведчанне.

vasilij-mokejchik

Узнагароду больш высокага ўзроўню – Падзячнае пісьмо ад Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК атрымаў Васіль МАКЕЙЧЫК, які на гэты раз вывеў свой “Ягуар” на землі “Рэдзігерава-Агра”. Трактарыстам працуе з 1996-га, у “Райаграсервісе” стаж работы набліжаецца да дзесяцігоддзя. З паяўленнем на лунінецкіх землях замежнага кормаўборачнага камбайна хутка асвоіў яго і цяпер ведае ўсе слабыя месцы, своечасова ліквідуе няспраўнасці.

Жыве з сям’ёй у райцэнтры. Жонка Алена – прадавец на хлебазаводзе, дачушка Анжаліка вучыцца ў 9 класе, сын Ромка – у шостым. Што тата – перадавік, дзецям вядома даўно. Яго Падзячных пісьмаў маецца дома цэлая калекцыя, а партрэт пастаянна ўпрыгожвае Дошку гонару на прадпрыемстве.
Своечасова ўпарадкаваць вырашчанае – важнейшая задача для ўсіх аграрыяў. Прагнозы пра хуткія начныя замаразкі прымушаюць паскорыць працэс, бо кукуруза – культура далікатная. Паніжэнне тэмпературы ніжэй за нуль хутка ператворыць зялёныя сакавітыя расліны ў сухія, дзе страцяцца многія пажыўныя рэчывы. А гэта – недабраныя прывагі і надоі, за якія пачынаецца змаганне з веснавой сяўбы і працягваецца ўвесь корманарыхтоўчы перыяд.

У “Дзятлавіцкім” убрана больш як 60 працэнтаў плошчаў, занятых кукурузай, у “Рэдзігерава-Агра” – 55 працэнтаў. Ураджай сёлета добры, асабліва на больш нізкіх участках. Дзякуючы дапамозе “Райаграсервіса”, справы ў гаспадарках ідуць больш хуткімі тэмпамі, што дае ўпэўненасць у жаданым выніку.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть