Кожнай культуры – свой час
Агропром

Кожнай культуры – свой час

сеемСВК “Дварэцкі” на 18 жніўня яшчэ не закончыў уборку зернебабовых. Ход жніва запаволіўся з-за моцнай палегласці пялюшкі. Размешчаная на нізіннай 50-гектарнай плошчы пасля прайшоўшага напярэдадні дажджу, яна не вельмі паддавалася абмалоту.

Раз-пораз камбайны, а працавала іх тут 6, вымушаны былі спыняцца, а хлебаробы спускаліся з кабін і размотвалі клубкі са жняярак. У такіх клопатах дзень ляцеў хутка, а справіцца з участкам так і не ўдалося. Зрываліся і планы старшыні сельгаскааператыва Анатоля Кіндрука накіраваць на наступны дзень на падрыхтоўку глебы пад азімыя вызваленых ад камбайнаў механізатараў. За кожным з іх замацавана яшчэ як мінімум па адной адзінцы тэхнікі. Час прыспешваў, некаторыя гаспадаркі прыступілі ўжо да сяўбы азімага рапсу.
– Заўтра распачнем сяўбу і мы, – кажа Анатоль Уладзіміравіч. – Глебу пад культуру рыхтуем. На ворыве працуюць два энерганасычаныя трактары. Кіруюць імі вопытныя механізатары Генадзь Мірановіч і Мікалай АРАШКЕВІЧ (на здымку). За дзень кожны з іх падрыхтоўвае каля 20 гектараў. Як толькі вызваляцца камбайнеры, справы пойдуць хутчэй. Усяго культуру плануем размясціць на 337 гектарах, што на 25 больш, чым сёлета. Парадаваў ураджай: на круг сабіралі 35,3 цэнтнера зерня рапсу. Агульны намалот склаў 1153 тоны, з іх 1019 тон рэалізавалі і атрымалі неблагі прыбытак. Па папярэдніх дадзеных, пры сабекошце 2600 рублёў за кілаграм кошт рэалізацыі склаў 3850 рублёў.
Калісьці і 20 цэнтнерам зерня з гектара радаваліся. Цяпер не задавольвае і 30, хочацца вышэй, тым больш што на асобных участках пры сяўбе гібрыдамі нават на тарфяных глебах ураджай перавысіў 40 цэнтнераў з гектара. Сёлета разам з гатункам “зорны” будзем зноў выпрабоўваць гібрыд “днепр”. І той і другі – айчынныя распрацоўкі.
Пачыналі і закончылі жніво пры сухім надвор’і, таму сушылкі практычна не ўключалі. Не дасушвалі і рапс, які абмалочвалі пры вільготнасці 10-14 працэнтаў. Усяго без пялюшкі і соі, якую плануем убіраць у верасні, намалацілі 7145 тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць перавысіла 30 цэнтнераў з гектара. Парадавалі як азімыя, так і яравыя культуры. Як і летась, азімыя пастараемся пасеяць у аптымальныя тэрміны. Зараз зямлю крыху прамачылі дажджы, будзем спадзявацца на дружныя ўсходы. Усяго азімы клін сёлета складзе каля 1,5 тысячы гектараў. Сярод культур – азімыя жыта, пшаніца, трыцікале.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть