ЛІДАР – ЗНОЎ з прозвішчам КІНДРУКА
Агропром

ЛІДАР – ЗНОЎ з прозвішчам КІНДРУКА

Згодна з умовамі раённага спаборніцтва, Падзячнымі
пісьмамі райвыканкама і грашовымі прэміямі адзначаюцца тры вадзіцелі, якія
першымі перавезлі па 1 тысячы тон збожжа. У след за Мікалаем Кіндруком з СВК
«Гарадоцкага” ў намінацыі тысячнікаў вызначыліся Аляксандр Кірбай з ПУСП
«Рэдзігерава-Агра” і Аляксандр Профіт з СВК «Дварэцкі”. У гэтай жа гаспадарцы ў
чарговы раз першым у раёне намалаціў 1 тысячу тон збожжа экіпаж камбайна ў
складзе Аляксандра Кіндрука і Сяргея Ільючыка.


Улічваючы напружанасць працы хлебаробаў, ушаноўваць
лідараў начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Бойка і старшыня райкама
прафсаюза работнікаў АПК Васіль Клімчук прыехалі на іх рабочыя месцы. Аляксандра  Профіта засталі на зернетаку. Шлях да
камбайнераў аказаўся даўжэйшым. Іх «Джон-Дзір” разам з яшчэ чатырма ўборачнымі
агрэгатамі, у гэты дзень знаходзіўся на аддаленых землях у Грычыне, якія
калісьці належылі былому калгасу «Чырвоны Кастрычнік”. Аўтамабілям, каб
даставіць адсюль груз да зернетока, неабходна пераадольваць па 35
кіламетраў.  Добры ўраджай ніў, ды
недахоп тэхнікі на адвозцы прымушалі камбайны некаторы час прастойваць з
поўнымі бункерамі. Менавіта гэтая акалічнасць дазволіла нетаропка правесці
ўрачыстасць ушанавання і больш грунтоўна пагутарыць з хлебаробамі.

Прымаючы Падзяку райвыканкама і падарунак Аляксандр
Кіндрук пажартаваў:

–Стараліся стаць першымі, каб атрымаць у якасці прыза ад
райкама прафсаюза работнікаў АПК магнітолу, пра якую марым ужо не першы год.
Ды, як бачым, давядзецца гэтак жа шчыраваць і ў наступным сезоне. Няўжо і зноў
не падарыце? А можа наша мара ажыццявіцца, калі яшчэ адну тысячу тон сёлета
возьмем?

На што Васіль Клімчук парыраваў:

–У вас штогод неблагія прэміі за перамогі на жніве, не
толькі на магнітолу хопіць…

Такі адказ крыху засмуціў пераможцаў, аднак, ненадоўга.
Аляксандр Кіндрук тут жа пацікавіўся намалотамі Мікалай Боўбеля з
«Гарадоцкага”, а на пытанне, хто для яго з’яўляецца галоўным канкурэнтам у
барацьбе за першынства, адказаў:

–Экіпаж «Джон-Дзіра” нашай гаспадаркі ў складзе Сяргея
Калюціча і Мацвея Мацкевіча, якія маюць ужо больш як 800 тон. Збожжа
абмалочваем звычайна поруч. Праўда, зараз нас раздзялілі. На аддаленым ад
цэнтральнай сядзібы полі нямэтазгодна нарыхтоўваць салому. Таму сюды накіравалі
толькі камбайны, абсталяваныя здрабняльнікамі.   

На просьбу падзяліцца сакрэтамі хуткай і якаснай уборкі,
Аляксандр усміхнуўся:

–Яшчэ рана. Упускаць першынства не намераны. Вось выйду
на пенсію, тады і пагаворым. А зараз скажу адно: мой галоўны сакрэт – памочнік
Сяргей Ільючык. Па спецыяльнасці будаўнік, маючы пасведчанне трактарыста, ён
ужо 4 гады запар на час жніва становіцца хлебаробам. З камбайнам не горш за
мяне ўпраўляецца, можа самастойна працаваць. Сёлетняе жніво, нічым асабліва не
адрозніваецца ад ранейшых. Хлеб заўсёды дастаецца цяжка і ў спякоту, як сёлета,
і ў дождж… Аднак не скардзімся, работа ёсць работа. Нас забяспечылі
спецадзеннем, двухразовым гарачым харчаваннем, будзе і неблагі заробак, так што
ёсць сэнс ў працы зранку і да ночы…

У СВК «Дварэцкі” самыя вялікія ўборачныя плошчы – 2252
гектары. Абмалочваюць збожжа 9 камбайнаў, сярод якіх і атрыманы сёлета
КЗС-1218. На ім сумленна працуе сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Валерыя
і Дзмітрыя МАРЗА, якія на час наведвання гаспадаркі намалацілі 600 тон збожжа.

На працягу больш як 20 год пастаянна суправаджае тэхніку
на жніве вадзіцель бензавоза Іван КУЗЬМІЧ. Ён у адказе за своечасовую
дазапраўку тэхнікі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть